Гарадзкія бібліятэкі Віцебска і Полацка абвясьцілі пра пачатак сацыяльных акцый

Цэнтральныя гарадзкія бібліятэкі Віцебска і Полацка абвясьцілі пра пачатак сацыяльных акцый.

Віцебскія бібліятэкары распачалі кампанію "Падары бібліятэцы новую кнігу". "Бібліятэчны фонд зараз амаль не абнаўляецца, — паведаміла загадчыца чытальнай залы бібліятэкі Людміла Стэльмах. — Летась ён папоўніўся 234 выданьнямі, большасьць зь якіх бібліятэка купіла на заробленыя грошы. Але ў лепшыя гады мы атрымлівалі кніг у дзесяць разоў болей".

Зараз бібліятэка адчувае вострую патрэбу ў навучальнай літаратуры, слоўніках і энцыкляпэдыях. Таму дзяржаўная ўстанова вымушаная зьвярнуцца па дапамогу да грамадзкасьці. На думку спн. Стэльмах, першымі мусяць адгукнуцца прыватныя асобы і недзяржаўныя арганізацыі, бо "ўлады нас ня чуюць".

А ў цэнтральнай кнігарні Полацка распачалася праграма "Чулае сэрца", разьлічаная на працу зь інвалідамі й дзецьмі-сіратамі. Бібліятэкары аказваюць удзельнікам праграмы шматлікія паслугі. Для інвалідаў дзейнічаюць зьніжкі ў 30 % на карыстаньне гэтак званай камэрцыйнай літаратурай. Сіраты атрымліваюць навучаньне па асновах кампутара. Інваліды-калясачнікі абслугоўваюцца дома.

У плянах Полацкай бібліятэкі — арганізацыя масавых імпрэзаў: вечарынаў, "круглых сталоў", прэзэнтацыяў. Але дзеля ажыцьцяўленьня праграмы бібліятэцы патрабуецца фінансавая падтрымка. Адміністрацыя ўстановы спадзяецца, што сярод палачанаў знойдуцца неабыякавыя людзі, здатныя ахвяраваць на дабрачынныя мэты. //belngo