ТБМ зьбірае грошы на сьвяткаваньне юбілею Васіля Быкава

Віцебская абласная рада грамадзкага аб’яднаньня "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" мае намер зладзіць увесну і летам 2004 году мерапрыемствы ў гонар 80-гадовага юбілею знакамітага земляка, пісьменьніка Васіля Быкава.

Сьвяткаваньні пройдуць ў абласным цэнтры і на малой радзіме пісьменьніка ў вёсцы Бычкі Ўшацкага раёну. Цэнтральнай падзеяй сьвяткаваньняў мусіць стаць усталяваньне мэмарыяльнай дошкі на будынку мастацкай вучэльні ў Віцебску, дзе напрыканцы трыццатых гадоў займаўся Васіль Быкаў.

Сёньня Віцебская абласная рада ТБМ шукае сродкі на правядзеньне мерапрыемстваў. "Мы зьвярнуліся па дапамогу да намесьніка старшыні Віцебскага аблвыканкама Пятра Южыка, — кажа актывіст аб’яднаньня Юры Бабіч. — Аднак сустрэча зь ім ня мела станоўчага выніку. Прадстаўнік улады не пажадаў падтрымаць грамадзкую ініцыятыву".

У выніку ТБМ вырашыла зьвярнуцца да ўсіх беларусаў, каму дарагая памяць пра Васіля Быкава, з прапановай ахвяраваць грошы на правядзеньне юбілейных мерапрыемстваў. Дабрачынныя ўнёскі можна пералічыць на рахунак № 3015000007823, код 259, у Віцебскім абласным аддзяленьні АБ ААТ "Беларусбанк". //belngo