Ці затрашчаць чубы на сходзе Літфонду?

19 снежня ў мінскім Доме літаратара зноў збярэцца пісьменніцкая грамада. Не, гэта будзе не чарговы пазачарговы з\'езд Саюза пісьменнікаў...

19 снежня ў мінскім Доме літаратара зноў збярэцца пісьменніцкая грамада. Не, гэта будзе не чарговы пазачарговы з'езд Саюза пісьменнікаў, а сход Літаратурнага фонду гэтай арганізацыі. Мерапрыемства па ўсім абяцае стаць новым раундам супрацьстаяння дзвюх пісьменніцкіх суполак — так званай праўрадавай і "дэмакратаў".

У першым раундзе, на з'ездзе Саюза пісьменнікаў у верасні перамаглі апошнія. Цяпер "кансерватары" паспрабуюць узяць рэванш. І гэта можа ў іх атрымацца. Расклад сілаў на сходзе Літфонду будзе трохі іншы, чымсьці на з'ездзе саюза. Загадзя можна казаць, што на літфондаўскі сход прыедуць далёка не ўсе пісьменнікі. Ёсць небяспека, што нават не збярэцца кворум у дзве з паловай сотні чалавек. А ўсё таму, што пісьменнікам з рэгіёнаў давядзецца ехаць у Мінск за свой кошт. Літфонд не ў стане аплаціць ім камандзіровачныя.
Літфонд, які займаецца не творчымі, а побытавымі пытаннямі літаратарскага жыцця, перажывае зараз дужа цяжкія часы. У даўгах як у шаўках. Дастаткова аднаго прыкладу: галоўны аб'ект, якім распараджаецца Літфонд, дом творчасці "Іслач" даведзены да ручкі. Сёння ён не толькі не ацяпляецца, а нават стаіць без святла. Добра, што яшчэ вартуецца. Такая сітуацыя склалася ўпершыню за ўвесь час існавання дома творчасці.
Літфонду патрэбны новыя кіраўнікі, якія б былі ў першую чаргу моцнымі гаспадарнікамі. Палітычныя пікіроўкі на ягоным сходзе 19 снежня могуць замінуць такому развіццю падзеяў. Патрэбны кампраміс.
Аднак пакуль што ім не пахне. Свежы прыклад. 16 студзеня літаратурнаму часопісу "Полымя" споўнілася 80 гадоў. Цяпер гэты часопіс уваходзіць у холдынг "Літаратура і мастацтва", і яго ачольвае паэт Мікола Мятліцкі. Ён быў адзін з тых, каго "кансерватары" бачылі старшынём Саюза пісьменнікаў, але кандыдатура Мятліцкага не была нават пастаўленая на галасаванне, бо падчас ягонага выступу на з'ездзе зала літаральна сагнала яго з трыбуны.
Дык жа пра юбілей "Полымя". Па-першае, ён быў адсвяткаваны не ў Доме літаратара, па-другое, на імпрэзу не былі запрошаныя ні старшыня Саюза пісьменнікаў Алесь Пашкевіч, ні былы рэдактар часопіса Сяргей Законнікаў.
Карацей, на сходзе Літфонду варта чакаць жорсткага высвятлення стасункаў!