Вiталь Скалабан: Гiсторыя нiкуды не знiкае



Трэба ж: тысячу разоў спынялася ля афiшы Малой купалаўскай сцэны, а слана i не прыкмецiла. Вока, не запыняючыся, слiзгала па няўцямнай назве "Тэатр п'есы", iмя аўтара — В.Скалабан — успрымалася простым супадзеннем з iмем сучаснага гiсторыка i архiвiста, а драбнюткi падзагаловак "У жнiўнi 36-га" i зусiм заставаўся незаўважаным.





Ачомалася — бiлетаў не было ўжо нi звання, безбiлетнага ж народу — з надзеяй на нейкi цуд i без — у тэатральным вестыбюлi перад прэм'ерай набiлася не менш, чым горда шпацыруючых шчаслiўчыкаў. Выратаванне прыбыло нечакана: ад самога аўтара, якi з'явiўся ўласнай персонай у аблiччы не нейкага там "аднафамiльца", а самога Вiталя Уладзiмiравiча Скалабана — знанага даследчыка мiнулага, "лiквiдатара" белых плямаў на абсягах нашай Памяцi i нацыянальнай свядомасцi. А яшчэ — майго шаноўнага суседа, чалавека празмернай сцiпласцi: як было змоўчаць пра прэм'еру?





Дарую крыўду, бо ўжо ў зале. Гасне святло, на амаль пустую сцэну выходзяць артысты-купалаўцы Генадзь Гарбук, Генадзь Аўсяннiкаў, Георгiй Маляўскi, Уладзiмiр Рагаўцоў, Сяргей Краўчанка, Iгар Пятроў, Вячаслаў Паўлюць, Вiталь Макарэвiч. I ў стоенай цiшынi iх галасамi загаварылi народныя песняры Янка Купала i Якуб Колас, iх малодшыя паплечнiкi Пятро Глебка i Пятрусь Броўка. I — iх тагачасныя суддзi. Загаварыла сама Праўда — строгiм, непадробным i неабвержным сведчаннем дакумента.





Пасля прэм'еры мы сустрэлiся з Вiталем СКАЛАБАНАМ.





— Вiталь Уладзiмiравiч, як вядома, вы i раней часам адхiлялiся ад уласнай "генеральнай лiнii": адначасна з публiкацыямi ў салiдных навуковых выданнях на экран выходзiлi гiсторыка-дакументальныя кiнастужкi па вашых сцэнарыях. Цяпер жа вось i да тэатра дабралiся, п'есу на сцэнiчныя падмосткi вывелi.





— Ну, п'еса — занадта ўжо гучна сказана. Я не драматург i нiчога не прыдумляў, не фантазiраваў, не дадаў ад сябе нi слова. Яно i без патрэбы. П'еса была ўжо напiсана. I не мною, а самiм жыццём. Яшчэ ў жнiўнi 1936-га. Мне заставалася толькi ўзяць стэнаграму допыту нашых класiкаў, скампанаваць яе з iншымi дакументамi тых дзён — i прынесцi да купалаўцаў.





— А потым?





— На шчасце, тэатр зацiкавiўся матэрыялам. Рэжысёр Уладзiмiр Савiцкi ўзяў яго ў работу, артысты ўклалi ў выкананне роляў увесь свой талент i iмпэт. Я вельмi, вельмi ўдзячны iм за гэта. У архiў, вядома, не кожны прыйдзе, а ў тэатр можа прыйсцi. I калi даведаецца пра невядомае ў даўно, здавалася б, вядомым, прачула ўспрыме яго — значыць, не згубiцца ў нашай памяцi тое, што не маем права згубiць.





— Патлумачце, калi ласка, што такое "тэатр п'есы"? Цi не надта мудрагелiста?





— Так купалаўцы пазначылi свой эксперымент. Перад гледачом — не звыклы спектакль, а чытанне па ролях, без дэкарацый i рэквiзiту рэальнага пратакола "гутаркi" з пiсьменнiкамi на пасяджэннi камiсii бюро ЦК КПБ.





— Тым не менш уражанне глыбокае.





— Дзякуючы рэжысёрскiм i акцёрскiм знаходкам скупымi мастацкiмi сродкамi — мiмiкай, жэстамi выканаўцаў дасягаецца эфект пераўвасаблення ў гiстарычных персанажаў...





— ...i наблiжаецца да нас, узнаўляецца сама атмасфера таго страшнага часу. Можа быць, Вiталь Уладзiмiравiч, варта хаця б збольшага пазнаёмiць чытачоў (калi яшчэ iм давядзецца трапiць на пастаноўку ў маленечкую, месцаў на сто залу) з тым, што бачыць глядач?





— Бадай што... Трагедыя жнiўня 36-га, як сведчаць газеты таго часу, разгортваецца на фоне грому фанфар у гонар "вялiкага ўсенароднага свята — свята перамогi сацыялiзму ў нашай краiне". 11 лiпеня ў Мiнску — грандыёзная дэманстрацыя працоўных пад чырвонымi палотнiшчамi, з незлiчонымi партрэтамi Сталiна: "сталiца ардэнаноснай Беларусi перапоўнена маладосцю, бадзёрасцю, аптымiзмам". На балконе Дома ўрада пад прывiтальныя воклiчы побач з кiраўнiкамi БССР Гiкалам, Галадзедам, Чарвяковым з'яўляюцца творцы знакамiтага "Пiсьма беларускага народа вялiкаму Сталiну".





— А ў хуткiм часе...





— А ў вельмi хуткiм часе творцаў "Пiсьма" (праўда, iх называюць больш сцiпла — "пераказчыкамi" ў вершаванай форме "гласу народнага") Купалу, Коласа, Броўку, Глебку — цягнуць на допыт-накачку дзеля "ўсямернага павышэння бальшавiцкай пiльнасцi". Паўсюль жа ворагi, ворагi, ворагi! У вынiку падобнай "выхаваўчай работы" многiя i многiя беларускiя пiсьменнiкi былi рэпрэсаваны, трапiлi хто ў Курапаты, хто ў ГУЛАГ.





— Як жа вам, Вiталь Уладзiмiравiч, удалося адкапаць сапраўдны скарб пад архiўнымi заваламi, нiкiм не крануты на працягу больш як шасцi дзесяцiгоддзяў? Паслухаць вас — дык усё так проста: прыйшлi, знайшлi, аднеслi ў тэатр...





— На самай справе, канешне, не зусiм i проста. Трэба мець вялiзнае цярпенне i ўпартасць, карпатлiва перагледзець мноства дакументаў, карыстаючыся спецыяльнай лiтаратурай, уласнымi ведамi i iнтуiцыяй, парадамi дасведчаных калег. Ну i, зразумела, зрэдку шчаслiвы выпадак дапамагае, як было на гэты раз.





— Можаце ўдакладнiць?





— Зараз я пiльна займаюся перыядам 30-х гадоў. Тады, яшчэ да злавесна-сiмвалiчнага 37-га, на Беларусi пад выглядам барацьбы з "нацдэмаўшчынай" разгарнулiся масавыя рэпрэсii супраць дзеячаў навукi, лiтаратуры, мастацтва. Гартаў справу Мiхася Клiмковiча — тагачаснага старшынi Саюза пiсьменнiкаў, будучага аўтара гiмна БССР. Пачаў перабiраць паперку за паперкай, i раптам — дыялог з "суддзямi" Купалы, Коласа! Гартаў — i быццам iх постацi ўзнiклi i сталi побач. Загучалi iх галасы, прыадкрылася прыхаваная да часу творчая i жыццёвая трагедыя найвялiкшых сыноў Бацькаўшчыны, яе прарокаў.





— Што вас асаблiва ўразiла?





— Як у творцаў, хай i ў знешне карэктнай форме, лiтаральна цягнуць душу, бяруць пад няўхiльны кантроль кожнае слова, думку, бiццё сэрца... Як Купалу ўшчуваюць за недастатковую грамадзянскую актыўнасць, няўдзел у розных "засядалаўках", патрабуюць "падштурхнуць, навастрыць народную нянавiсць да ворагаў". А генiй мусiць тлумачыць глухiм, што ён перш за ўсё паэт i служыць паэзii — госцi нябеснай: "Часам ноччу прыйдзе якая думка, накiдаеш яе, i без агню нават iншым разам. Стаханавец можа расказаць, як ён працуе ля станка, а мне цяжкавата пераказаць, якiм часам думкi прыходзяць. Бывае, што i не запiсваю, спадзяюся на памяць, што не падвядзе, а прачнуся i не памятаю"... Чытаеш, i працiнае душу да самага донца...





— На гэтай пранiзлiвай, шчымлiвай ноце хочацца памаўчаць. Ды само сабой напрошваецца: вось яна, iлюстрацыя "праўдзiвасцi" заезджанай з савецкiх часоў кружэлкi аб "свабодзе творчасцi, прасторы для вольнага ўзлёту i росквiту таленту", якiя нiбыта ўпершыню даў вялiкiм песнярам Кастрычнiк. Кружэлка ўсё круцiцца нават зараз, у юбiлейныя, 120-я ўгодкi Купалы i Коласа.





— Такiх iлюстрацый — безлiч i бездань...





— А чаго варты публiчны выступ Якуба Коласа пра "крынiцу натхнення" ў працы над "Пiсьмом"? Аказваецца, творчы калектыў "пераказчыкаў" дамогся поспехаў, "знайшоў высокiя мастацкiя сродкi таму, што лепшы сталiнец — таварыш Гiкала — штодзённа кiраваў работай паэтаў, усямерна дапамагаў, цiкавiўся лiтаральна кожным радком". Такое можна сказаць толькi пад прымусам — i, магчыма, з добра прыхаванай iронiяй.





— Яшчэ дакумент, што перадае задушную атмасферу тых часоў, — данос славутага савецкага паэта Мiхаiла Iсакоўскага, перакладчыка Якуба Коласа, на свайго беларускага сабрата. Чытаем: "Среди полученных мною стихов было одно под названием "Полымя"... Я начал наводить справки о "Полыме". Причем выяснилось, что "Полымя" — это контрреволюционная нацдемовская организация, которая была в свое время разоблачена и которой Якуб Колас посвятил свои стихи. Нельзя сделать иного вывода, как то, что стихотворение "Полымя" явно контрреволюционно".





Жахлiва знаёмiцца з падобным, але з песнi словы не выкiнеш.





— Тым больш што яе матыўчык можна пачуць i сёння.





— Так. I ўсё ж, як нi цяжка, як нi страшна — гэта ж праз што нам давялося прайсцi! — трэба гаварыць усю вядомую на гэты момант праўду, падаваць гiсторыю ў поўным аб'ёме, без уразанняў, iнакш не пазбавiцца прымхаў мiнулага.





— Цi кiруецеся вы прынцыпамi "ўсё", працуючы над выданнем поўнага збору Купалавых твораў?





— Безумоўна. Ужо выйшаў у свет 8-ы том з публiцыстыкай, у рабоце чарговы. Там будзе раздзел "Службовыя i асабiстыя дакументы", у тым лiку i стэнаграма допытаў народнага паэта. Абсалютна ўпэўнены: друкаваць трэба ўсяго Купалу — i мастацкi пратэст "Ворагам Беларушчыны", i штучна пафасную "Над ракой Арэсай", i верш з трагiчнай афарбоўкай "Звiслi хмары над калгасам", знойдзены мною не так даўно. Справа лiтаратуразнаўцаў i чытачоў — асэнсаваць кожны радок, кожнае слова, зразумець, што стаiць за iмi i памiж iмi недасказанага, стоенага ў глыбiнi паэтава сэрца.





— Не сакрэт: апошнiя гады назiраюцца мiтуслiвыя захады, каб перайначыць, падфарбаваць цi закрэслiць пэўныя лёсавызначальныя моманты нашай даўняй i нядаўняй мiнуўшчыны.





— Небяспечны i тупiковы шлях! Як бы каму нi хацелася, гiсторыю не знiшчыш. Як нi хавай, нiткi ўсё роўна тырчаць будуць. Пацягнеш асцярожна за каторую — клубок i раскруцiцца. Iнсцэнiроўка "У жнiўнi 36-га", мiж iншым, выводзiць на белы свет зусiм не мiфiчна-безаблiчных iдэалагiчных мучыцеляў нашых паэтаў, а рэальных, з сапраўднымi iмёнамi партыйных функцыянераў: Ткачэвiча, Цiхона, Хадасевiча. I лёсы iх вядомы: адданыя служкi пачварнай сiстэмы самi трапiлi пад яе нож. I вельмi хутка, у 37-м...





— Хацелася б даведацца пра падрабязнасцi, звязаныя з лёсам таго самага "Пiсьма беларускага народа"...





— I яны вядомыя. Вядома, хто i як уручаў "Пiсьмо" адрасату на "гiстарычным" з'ездзе Саветаў у Маскве, якi з незвычайнай нават для тых часоў помпай 5 снежня 1936 года прымаў сталiнскую канстытуцыю. Работнiца-стаханаўка Дуня Кiсель, у атачэннi беларускай дэлегацыi з вышэйшых кiраўнiкоў рэспублiкi, знаных дзеячаў навукi i мастацтва несла важкi фалiянт. Для яго захавання быў выраблены дзiвосны куфар — цуд мастацтва, складзены найлепшымi беларускiмi разьбярамi з мноства кавалачкаў дрэва розных парод...





— Вы бачылi гэты цуд?





— Бачыў толькi фалiянт — у Маскве, у Музеi рэвалюцыi. Само "Пiсьмо" багата аздоблена беларускiм арнаментам. На шаўковых лiстах шоўкам вышыты лiтары вершаванага тэксту, асаблiва прыгожа выглядаюць каляровыя буквiцы.





Кiраваў творчай брыгадай па мастацкiм увасабленнi паэтычнага твора знакамiты тады мастак Мiкалай Пашкевiч (ён, дарэчы, яшчэ жывы, пад канец вайны пры надыходзе Чырвонай Армii разам з немцамi з'ехаў з Беларусi i апынуўся ў Калiфорнii). У гiсторыi засталiся i 70 iмёнаў (яны змешчаны ў кнiзе) здатных майстрых-вышывальшчыц, дзiвосную працу якiх я магу ацанiць амаль што як прафесiянал...





— Прафесiянал? У якiм гэта сэнсе?





— Ды ў сэнсе... вышыўкi! Можаце смяяцца, а я калiсьцi на школьных уроках працы не на жарт захапiўся гэтай справай, i атрымлiвалася не горш, чым у дзяўчынак. I зараз тое-сёе з тых узорчыкаў захавалася.





— Умееце ж вы здзiўляць, Вiталь Уладзiмiравiч! Ну проста "ўсебаковаразвiты" дзеяч эпохi Адраджэння. Вось адкуль вашы "клубочкi-нiтачкi". А шлях да гiсторыi калi пачаўся?





— Таксама ў дзяцiнстве. Бацька быў краязнаўцам, i гены тут, напэўна, спрацавалi. З ходу паступiў на гiстфак Ленiнградскага унiверсiтэта — там быў высокi ўзровень выкладання i нават у застойныя брэжнеўскiя часы не канала вольная думка. Трапiўшы з беларускай глыбiнкi, Ляхаўшчыны, у фантастычны горад на Няве, быў ашаломлены багаццем i непаўторнасцю яго архiтэктуры i мастацтва. Усяго Таўстаногава перагледзеў. Але як толькi пачаў засяроджана працаваць у бiблiятэках i архiўных сховiшчах, усё iншае неяк адступiла. Вось дзе багаццi! Пад гэтым пылам, у безаблiчных казённых папках — спрасаваныя пласты, спыненыя iмгненнi гiсторыi ў задакументаваных падзеях, з'явах, асобах. Тут жывая, закратаваная да часу праўда, якая просiцца на волю, чакае, каб яе знайшлi i выпусцiлi з гэтых сутарэнняў да людзей, дапамаглi адкрыць iм вочы.





— А яшчэ кажуць, што архiўная справа — гэта, прабачце, цягамотная нудота. "Здаць у архiў", згодна са стэрэатыпным уяўленнем, — амаль тое, што i пахаваць.





— Не — захаваць. Захаваць i ажывiць. Тады, у горадзе на Няве, мне здавалася, што на яго вулiцах я чую крокi, бачу постацi вялiкiх беларусаў — Калiноўскага, Купалы, Карскага, Тарашкевiча, Эпiмах-Шыпiлы. Яны ж тут хадзiлi, вучылiся, працавалi, рыхтавалiся да будучынi. Раскапаў часопiс "Чырвоны шлях", што выдаваўся па-беларуску ў Петраградзе i змяшчаў Купалавы творы. Ва унiверсiтэцкай бiблiятэцы адшукаў зборнiк вершаў песняра "Шляхам жыцця" i п'есу "Паўлiнка" з дароўным аўтографам аўтара (цяпер абедзве кнiгi перададзены ў Лiтаратурны музей паэта ў Мiнску). Сёння нашы архiвiсты разам з расiйскай нацыянальнай бiблiятэкай ладзяць выставу "Беларускi Пецярбург". Спадзяюся, гэта будзе цiкава.





— Ваша захопленасць i апантанасць ствараюць уражанне, быццам вашы даследаваннi, пошукi i знаходкi тычацца самых родных i блiзкiх людзей...





— Так яно i ёсць, iнакш якi сэнс горы зжоўклых папер варочаць? Гiсторыя менавiта таму i не знiшчальная, што робiцца не толькi дзесьцi i кiмсьцi "там", а — тут, побач, вакол нас: нашымi продкамi i сваякамi, суседзямi i землякамi, знаёмымi i незнаёмымi. Намi самiмi. I нам адказваць за яе. Адчуў гэта з асаблiвай сiлай, калi заглыбiўся ў былое i сучаснасць свайго краю, працуючы над падрыхтоўкай кнiгi "Ляхавiцкi раён" з цыкла хронiк "Памяць". З такiмi яркiмi людзьмi сустрэўся, якiя пакiнулi добры след на гэтай зямлi — i простымi, i знакамiтымi. А iмi ж багата кожная мясцiна. Хочаце, марай падзялюся? Яна — аб тым, каб у кожным нашым райцэнтры быў грунтоўны архiў i музей, а ў бiблiятэцы — аддзел рэдкай кнiгi.





— А як наконт новых п'ес?





— У Нацыянальным архiве Беларусi, дзе я зараз працую, цiкавейшых п'ес-дакументаў — i драм, i трагедый — мiльён! Iх "толькi" адшукаць, убачыць унутраным зрокам трэба. Ёсць, ёсць пэўныя задумкi, што тычацца i мiрнага, i ваеннага перыяду. Праўда, не хацеў бы загадзя пра iх "трубiць".





— Вы столькi паспелi за свае пяцьдзесят з хвосцiкам. Ваша iмя ўвайшло ў Купалаўскую энцыклапедыю, iншыя даведнiкi. Дзякуй Богу, што на бранзавенне ў вас няма часу, што не страчана маладая няўрымслiвасць, iмпэт да новых спраў... А цяпер, пасля такога панегiрыка, мо адкрыеце мне адзiн сакрэт?





— Якi ж?





— Калi нi сустрэнеш вас, мой шаноўны вучоны сусед, бачыш у вашых руках цяжкiя, ёмiстыя сумкi. Цiкава, што ў iх, якi скарб?





— Прызнацца? Кнiжкi! Кнiжкi для маiх студэнтаў з Унiверсiтэта культуры. Дзе ж iм знайсцi па бiблiятэках такiя? Можа, з цягам часу што i асядзе ў маладых душах...





— I нiтачка пацягнецца далей?





— Хай збудзецца. Для iх самiх. Для Беларусi.





Святлана КЛIМЕНЦЕНКА, "Народная воля"