У Мінску па помніках не зарыентуешся



Кірыла ПАЗНЯК



3 снежня міністр культуры Беларусі Леанід Гуляка правёў тэлефонную "прамую лінію". Адказы на пытанні грамадзян, што тэлефанавалі ў прыёмную міністра, мяркуецца надрукаваць у газеце "Літаратура і мастацтва". Але з адказам на адно з пытанняў "прамой лініі" мы можам пазнаёміць вас ужо зараз.





Рэч у тым, што гэтае пытанне было зададзенае карэспандэнтам "Белорусских новостей" і тычылася аздаблення Мінска помнікамі: ці багата іх у нас, на думку міністра, у параўнанні са сталіцамі хаця б краінаў-суседзяў; якія помнікі і каму з'явяцца на сталічных вуліцах неўзабаве і ў аддаленай перспектыве?





У Мінску па помніках не зарыентуешся. Нават няўзброеным вокам відаць, што іх замала. А што да ўшанавання ў скульптуры беларускіх нацыянальных дзеячаў, дык на тое наогул пальцаў дзвюх рук хопіць. Затое ленінаў, дзяржынскіх ды калініных па ўсёй Беларусі амаль столькі, колькі ў ёй гарадоў і мястэчак.





Згодны з гэтым і Леанід Гуляка, які кажа, што сапраўды "помнікаў у Мінску, на жаль, небагата". Але міністр абяцае, што сітуацыя выправіцца. З нацыянальных гістарычных асобаў, напрыклад, у Мінску збіраюцца паставіць помнікі Францішку Скарыну і Адаму Міцкевічу. Паводле міністра культуры, помнік паэту будзе узведзены ў скверы паміж вуліцамі Валадарскага, Гарадскі вал і Няміга, першадрукару — каля новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі на перасячэнні праспекта Скарыны і вуліцы Філімонава.





Помнік Адаму Міцкевічу, па планах Міністэрства культуры, мусіць з'явіцца ў наступным годзе, хаця калісьці гэта планавалася зрабіць яшчэ ў 1998-м, да 200-годдзя з дня нараджэння паэта.





Бронзавы Францішак Скарына паўстане, як вы ўжо здагадаліся, толькі тады, калі пабудуюць "нацыяналку", то бок у 2005 годзе. Хутчэй за ўсё, адкрыццё помніка і бібліятэкі сумясцяць. Помнік Скарыну таксама меркавалася ўстанавіць нашмат раней — яшчэ напачатку 1990-х на пляцоўцы перад Акадэміяй навук. Дарэчы, помнік Скарыну ў Мінску усё ж ёсць. Ён стаіць ва ўнутраным дворыку Белдзяржуніверсітэта. Там цэлы пантэон помнікаў нашым слынным гістарычным асобам: кампанію Скарыну складаюць Мікола Гусоўскі, Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі. Але ў беларускай сталіцы мусіць быць больш велічны помнік асветніку. І стаяць ён мусіць навідавоку, каб бачылі не толькі студэнты.





Карацей, скульптурныя постаці Міцкевіча і Скарыны можна назваць сапраўднымі помнікавымі даўгабудамі. Хаця, зрэшты, лепш позна, чым ніколі. Леанід Гуляка давёў, што ў Мінску будуць з'яўляцца помнікі не толькі беларусам. І ў якасці прыклада прывёў помнік Тарасу Шаўчэнку, якія з'явіўся сёлета ў скверы каля ўкраінскай амбасады па вуліцы Старажоўскай.





Ніхто не спрачаецца, што Шаўчэнка — вялікі паэт, ніхто не спрачаецца, што Пушкін — вялікі паэт. Многія беларусы іх чытаюць і любяць. І ніхто не супраць, каб у Мінску стаялі іхнія помнікі. Ды ўсё адно ніякавата, калі чужых паэтаў ставім, а на сваіх забываемся. Адна з прычынаў, якая называецца ў нас пры любой нагодзе, — няма грошай. Так, і Пушкін, і Шаўчэнка — гэта падарункі ад Расіі і Украіны.





Але ж на ўсялякія славянскія базары ў дзяржавы грошы знаходзяцца! Значыць, справа яшчэ збольшага ў ідэалогіі. Між тым трымацца сваёй духоўнай падчыны — гэта не менш важна, чымсьці альтэрнатыўную паліўную трубу шукаць.