Невядомы аўтограф песняра



Здаецца, усё з Коласавай спадчыны i ўсё пра Якуба Коласа мы ведаем. Дзеля гэтага пастаралiся i шматлiкiя коласазнаўцы, якiя вось ужо некалькi дзесяткаў гадоў вывучаюць спадчыну песняра, што ўвасобiлася ў 14 ёмiстых тамах, i супрацоўнiкi Дзяржаўнага лiтаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа з некалькiмi яго фiлiяламi. Адшукаць што-небудзь новае, невядомае раней амаль немагчыма. I ўсё ж час ад часу ўдача ўсмiхаецца даследчыку...





Перада мной — невядомая дагэтуль паштоўка народнага паэта Беларусi Якуба Коласа, пасланая iм 26 студзеня 1943 г. з Ташкента ў Самарканд на адрас Уры Фiнкеля. Паштоўку як своеасаблiвую сямейную рэлiквiю захавала дачка Уры Гiршавiча Фрыда Фiнкель (пры нагодзе выказваем ёй падзяку за магчымасць апублiкаваць Коласаў аўтограф).





Якая ж гiсторыя паштоўкi i хто такi Уры Фiнкель?





Падчас вайны ў бежанстве ажно ў Сярэдняй Азii апынулiся многiя дзеячы рускай, беларускай i ўкраiнскай культуры, у тым лiку адрасат i адрасант згаданай паштоўкi. Усiм бежанцам жылося нялёгка, нярэдка без належнага прытулку, працы, сродкаў для iснавання. Гэта добра вiдно, у прыватнасцi, з дзённiкавых запiсаў Якуба Коласа, вымоўна названых iм "Ташкенцкая торба". У народнага паэта Беларусi, акадэмiка, вiцэ-прэзiдэнта АН БССР пэўны час не было кватэры, яму не выплачвалi пенсii i дэпутацкiх грошай. А тут хворая жонка, невядомы лёс сына Юркi, ад якога з фронту няма нiякiх вестак (пазней высветлiлася, што ён загiнуў)...





Яшчэ больш горкi лёс бежанскага пакутнiка выпаў на долю вядомага яўрэйскага крытыка i лiтаратуразнаўца, аўтара шматлiкiх артыкулаў пра творчасць яўрэйскiх, беларускiх i рускiх пiсьменнiкаў, манаграфiй "А.Гольдфадэн" (1926; разам з Н.Айслендэрам), "Мендэле Мойхер-Сфорым" (1937) i "Шолам Алейхем" (1939) Уры Фiнкеля. Яго блiзкiя родзiчы засталiся ў Ракаве i Мiнску пад фашысцкай акупацыяй (дзе, дарэчы, пазней i загiнулi ў гета), а сам ён, апынуўшыся за тысячы кiламетраў ад Бацькаўшчыны, не мог звесцi канцы з канцамi. Як паведамляў Якуб Колас у адным з лiстоў з Ташкента ў Маскву, у 20-х чыслах лiстапада 1941 г. Фiнкель знаходзiўся ў сталiцы Узбекiстана "без прытулку i прапiскi", а ўжо ў першых чыслах снежня таго ж года "падаўся дзесь на раён" (гл. адпаведна лiсты паэта да А.М.Броўка ад 20.ХI.1941 г. i да П.У.Броўкi ад 3.ХII.1941 г.). "Раёнам" аказаўся недалёкi, але такi ж непрытульны для бежанцаў Самарканд.





З Самарканда (вул. Стадыённая, д.8) i напiсаў Уры Фiнкель лiст Якубу Коласу (Ташкент, Пушкiнская вул., д.84). Галоўная просьба была — дапамагчы ў працаўладкаваннi. Справа ў тым, што ў Ташкент была эвакуiравана Акадэмiя навук Беларусi, дакладней — яе кiраўнiцтва. Да вайны ў Акадэмii працаваў Iнстытут лiтаратуры, у складзе якога быў i яўрэйскi сектар. Зусiм лагiчна можна было меркаваць, што ў мiрным, далёкiм ад фронту Ташкенце адновiць працу i Iнстытут лiтаратуры, а дзякуючы гэтаму знойдзецца патрэба i ў адукаваным, дасведчаным лiтаратуразнаўцу.





Праз некалькi дзён Уры Фiнкель атрымаў адказ ад Якуба Коласа, з якiм не раз сустракаўся ў даваенным Мiнску, калi працаваў у iдышамоўнай газеце "Акцябр", вучыўся ў аспiрантуры АН БССР (1927—1930), выкладаў гiсторыю i тэорыю яўрэйскай лiтаратуры ў Вышэйшым педагагiчным iнстытуце (1932—1938).



"26.I.1943 г.





Дорогой товарищ!





Я лично ничего не имею против зачисления Вас в Институт литературы. Но сделать это сейчас я не могу. Надо пождать возвращения тов. Горева (тагачасны прэзiдэнт Акадэмii навук БССР. — В.Р.) из Москвы: он уехал 7 января в Москву. По его возвращении я напомню ему о Вас и Вашем заявлении. Не знаю, насколько это возможно в настоящее время: наши штаты ограничены. Крепитесь. Всего лучшего.





Ваш Якуб Колас".



На жаль, у час вайны Iнстытут лiтаратуры працу так i не аднавiў, а таму просьба Уры Фiнкеля засталася без жаданага вынiку. Пасля ж вайны Фiнкель нейкi час жыў у Ракаве (1949—1953; яго хата, дарэчы, i цяпер стаiць на Чырвонаармейскай вулiцы мястэчка), працаваў у мясцовай сярэдняй школе i пiсаў новыя даследаваннi, збiраў матэрыял для аўтабiяграфiчнай аповесцi "Пяцьдзесят год таму назад". Ёсць звесткi, што гэта нiколi не публiкаваная аповесць была напiсана. Ва ўсякiм разе, у рэдакцыйнай нататцы да газетнай публiкацыi ўрыўка з яе было сказана, што "пiсьменнiк Уры Фiнкель закончыў працу над аповесцю "Паўвека таму назад", прысвечанай падзеям 1905 года на Мiншчыне" (ЛiМ, 16 чэрвеня 1956 г.). На жаль, цалкам аповесць так i не была апублiкавана, лёс яе невядомы. Праз паўтара года пасля гэтай публiкацыi — 5 снежня 1957 г. — пiсьменнiка не стала...





Адшуканая нядаўна паштоўка песняра — адзiнае з вядомых пасланняў Якуба Коласа да Уры Фiнкеля. Наколькi яно было дарагое для адрасата, сведчыць хаця б тое, што ён збярог яго, нягледзячы на ўсе перыпетыi гаротнага бежанскага побыту.





Вячаслаў РАГОЙША, "Звязда"