Таіса БОНДАР: Размаўляць з чыноўнікам пра паэзію — варта!



Кірыла ПАЗНЯК



Пісьменніца Таіса Бондар, новая дырэктарка холдынга "Літаратура і мастацтва", куды ўваходзяць газета з такой самай назвай і пяць часопісаў — "Неман", "Полымя", "Крыніца", "Маладосць" і "Всемирная литература", — кажа, што яна за мэты стварэння такога холдынга ўважае змякчэнне пераходу беларускіх літаратурна-мастацкіх выданняў да рынкавых умоваў.





— Мы ж да іх ідзем, хаця многія кажуць, што паўзем. Але няважна з якой хуткасцю — галоўнае, што мы рухаемся да гэтага рынку. У іншых былых савецкіх рэспубліках літаратура кінутая сама сабе, дзяржаўная палітыка ў дачыненні да яе не вядзецца. Літаратурныя часопісы выжываюць як могуць. Але там у адрозненне ад нас шмат усялякіх фондаў, багатых людзей, фундатараў. Таму калі нашыя выданні цалкам пазбавіць дзяржаўнай падтрымкі, яны проста перастануць выходзіць, як тое было напачатку гэтага года.





У дзяржавы адная задача — узняць літаратуру, вярнуць да літаратуры і да літаратараў давер народа. Апошнім часам страцілі аўтарытэт і Саюз пісьменнікаў, і асобна пісьменнікі. Такога не было яшчэ ў нашай гісторыі: нават калі саджалі людзей, увага была.





— Таіса Мікалаеўна, але ці можна хіба паспрыяць, каб беларуская літаратура акрыяла, калі ў Беларусі няма адмысловай дзяржаўнай нацыянальнай палітыкі?





— Нам могуць падабацца ўлады, а могуць не падабацца. Але мы жывем у адной краіне, а таму павінны з уладамі, якія б яны ні былі, узаемадзейнічаць — гэта ж як дзень ясна. І нацыянальнай палітыкі спрыяльнай, пра якую вы кажаце, ніколі не будзе, калі мы не станем з уладамі працаваць. З чыноўнікамі трэба сустракацца і даводзіць ім адно-другое. Сярод іх багата адукаваных, цікаўных людзей, хоць, натуральна, ёсць і тыя, каму абсалютна абыякава, што робіцца ў літаратуры.





Чыноўнікі мусяць згадаць, што нават у Рымскай імперыі, ва ўсялякіх ханствах заўсёды былі пры двары паэты: чым больш было паэтаў, тым больш адукаваным лічыўся ўладар. Вунь Машэраў ведаў пісьменнікаў з твару, сустракаўся з імі. Мне здаецца, у нашых чыноўнікаў маецца разуменне, хай яшчэ і неглыбокае, што трэба падтрымліваць сваю літаратуру. Але патрэбны канкрэтныя захады, адным з якіх, напрыклад, можа стаць увядзенне падатку на прывазную літаратуру, які пойдзе на падтрымку літаратуры нацыянальнай. Гэтак робіць не адна краіна. Дык чаму мы не можам?





Літаратары, якія пагаджаюцца на адміністрацыйныя пасады, як я (хоць гэта зусім не мая мара), не паддаюцца такім чынам нейкаму ціску. Проста калі не ты, то хто?





Працаваць з уладамі чамусьці лічыцца за дагаджальніцтва нейкае. Глупства гэта ўсё. Трэба проста годна трымацца. Калі ты просіш не за сябе любімага, а за справу, што табе даручылі, то ўсё будзе рухацца.





Вось холдынг — гэта ж не проста ўзялі і ўсіх у кучу звялі. Мы атрымалі тэхнікі на 350 мільёнаў. Будзе выдавецкі цэнтр. Будзем выдаваць кнігі. Карацей, мы навучымся зарабляць грошы. На часопісах, натуральна, мы не заробім. Такога нідзе ў свеце няма, я пра гэта і ўладам давяла. Самаакупнымі яны не стануць. Я рэалістка, хоць нейкі рамантызм маю, бо ўсё ж пісьменніца. Супрацоўнікам холдынга таксама сказала, што не варта не трэба кідацца абяцаннямі, станьце на зямлю нагамі. Тут мэта такая: калі дзяржава траціць вялікія грошы, трэба пастарацца дадаць яшчэ. Нашыя літаратурна-мастацкія выданні павінны быць ва ўсіх бібліятэках, каб людзі чыталі, бо падпісацца мала хто можа сёння. Яшчэ трэба, каб рэклама гучала па тэлебачанні, па радыё.





— Пакуль у холдынгу справы ідуць не дужа добра. Тыднёвік “ЛіМ” згубіў у накладзе ажно тысячу асобнікаў, часопісы выходзяць падвоенымі нумарамі…





— Гэтак было загадана яшчэ да холдынга. Міністэрства інфармацыі давяло, што належнага фінансавання не будзе, маўляў, выходзьце са становішча… З наступнага года ўсе выданні будуць выходзіць штомесяц. Адназначна. Усе да аднаго. І выглядаць яны будуць па-іншаму.





— Ці не будзе якога чорнага спісу пісьменнікаў на публікацыю іхніх твораў у холдынгавых часопісах?





— Спадзяюся, што літаратары кінуць ваяваць. Пісьменнікі павінны зразумець што нельга грэбсці супраць тае плыні, па якой плыве ўвесь народ. Адна справа не паважаць якога-небудзь чыноўніка, але ж нельга абражаць народ. А так усё таленавітае будзем друкаваць.