Таіса Бондар: Дзвюх рэвалюцый холдынг не вытрымае



Кірыла ПАЗНЯК



У выдавецкім холдынгу “Літаратура і мастацтва” — новы кіраўнік. Дакладней, кіраўнічка — гэта пісьменніца, былая намесніца дырэктара холдынга і былая галоўная рэдактарка часопіса “Всемирная литература” Таіса Бондар. Большаць літаратараў гэтае прызначэнне ўспрынялі досыць лагодна. Прынамсі, на чале холдынга апынуўся чалавек, блізкі да літаратуры.





Чаго нельга было сказаць пра першага кіраўніка “ЛіМа”, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Касцяна, які правёў на гэтай пасадзе тры месяцы, але потым вырашыў не мяняць свой дэпутацкі мандат на дырэктарства ў холдынгу літаратурна-мастацкіх выданняў. Замену міністр інфармацыі Міхаіл Падгайны шукаў ажно болей за месяц, хаця адразу пасля адстаўкі Касцяна казаў, што кандыдатураў заступіць на ягонае месца хапае. У выніку выбар спыніўся на Бондар, якая, што цікава, незадоўга да адстаўкі Касцяна была звольнілася з холдынга. Па ўсім яны проста не спрацаваліся. Апрача таго, тады ж з’явіліся чуткі пра нібыта існуючае супрацьстаянне паміж дзвюма групоўкамі ва ўладных колах, да якіх з аднаго боку належаў Падгайны, а з другога — Касцян. На з’ездзе Саюза пісьменнікаў пры канцы верасня Міхаіл Падгайны прызнаўся, што падчас стварэння холдынга былі дапушчаныя памылкі, асабліва кадравыя. Такім чынам, прызначэнне Таісы Бондар кіраваць "ЛІМам" у нечым лагічнае.





У намесніках дырэктара “ЛіМа” не засталося і такога чальца каманды Касцяна, як Яўген Новікаў. Не выключана, што пасады галоўнай рэдактаркі часопіса “Нёман” будзе пазбаўленая і Ніна Чайка. Рэч у тым, што яна на гэтай пасадзе працуе на паўстаўкі. Асноўнае яе месца працы — радыё. Па інфармацыі “Белорусских новостей”, перад Чайкай, як калісьці перад Касцяном, стаіць выбар, дзе застацца працаваць. Мяркуем, што ў холдынгу Чайка доўга не затрымаецца.





Намеснікамі новага дырэктара холдынга “Літаратура і мастацтва” Таісы Бондар сталі былы намеснік дырэктара выдавецтва “Універсітэцкае” Віктар Курзоў і былы намеснік рэдактара газеты “ЛіМ” Павел Вераб’ёў. Што да іншых кадравых зменаў унутры холдынга, то іх няшмат: выконваючы абавязкі галоўнага рэдактара тыднёвіка “ЛіМ” Віктар Шніп пазбавіўся прыстаўкі в.а. у пасадзе, а галоўным рэдактарам “Всемирной литературы” стаў былы намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Неман” Генадзь Бубнаў. Наконт кадравых перастановак Таіса Бондар кажа, што тут “новай рэвалюцыі пакуль не будзе, бо дзвюх рэвалюцый запар ніхто не вытрымае, хаця рукі на тое часаліся”.





Таіса Бондар таксама паведаміла “Белорусским новостям”, што неўзабаве холдынгавыя часопісы зменяць вокладкавае аблічча. А вось часопіс “Всемирная литература”, які колісь рэдагавала сама новая дырэктарка холдынга, на беларускую мову, як тое абвяшчаў Сяргей Касцян, пераведзены не будзе. Т.Бондар кажа, што прычына не ў нежаданні, а ў тым што ў Беларусі бракуе добрых перакладчыкаў. Праўда, яна не выключае, што ў наступным годзе дзеля эксперыменту некалькі нумароў “Всемирки” могуць выйсці-такі па-беларуску.





P.S. На наступным тыдні чытайце ў нашай інтэрнет-газеце інтэрв'ю з Таісай Бондар