Холдынг "ЛіМ": праца над памылкамі



Кірыла ПАЗНЯК



Выступаючы на з'ездзе Саюза беларускіх пісьменнікаў, міністр інфармацыі Міхаіл Падгайны пакаяўся, што пры стварэнні холдынга "Літаратура і мастацтва" на базе паўтузіну літаратурна-мастацкіх выданняў былі дапушчаныя пэўныя памылкі. Міністр нават прызнаўся, што атрымаў за гэта вымову. Цяпер у Міністэрстве інфармацыі і ў самім холдынгу робяць працу над памылкамі.





Мэтамі стварэння холдынга абвяшчаліся пераўтварэнні ў газеце “Літаратура і мастацтва”, часопісах “Неман”, “Крыніца”, “Маладосць”, “Полымя” і «Всемирная литература» — дзеля папулярызацыі беларускай літаратуры і пераводу гэтых выданняў на рэжым самаакупнасці. Якія ж вынікі першых некалькіх месяцаў існавання холдынга? Наклад газеты "ЛіМ" за гэты час скараціўся на цэлую тысячу асобнікаў, проста да непрыстойнай лічбы — толькі 1.600 "з капейкамі". Часопісы то выходзілі здвоенымі нумарамі, а то наогул прапускалі некаторыя нумары. Пісьменнікі кажуць, так было толькі ў часе вайны. Што да зместу — дык дастаткова сказаць, што на змену Быкаву, Барадуліну, Гілевічу прыйшлі літаратары кшталту галоўнага рэдактара маргінальнай расійскай газеты "Завтра" Праханава. Ды яшчэ холдынгавыя выданні сталі друкаваць прамовы прэзідэнта. Многія з супрацоўнікаў рэдакцый на знак пратэсту звольніліся.





Асобная гаворка пра кіраўніцтва холдынга. Са словаў міністра інфармацыі Міхаіла Падгайнага, адной з галоўных памылак, дапушчаных пры стварэнні холдынга, была якраз кадравая. Дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Касцяна ад пасады дырэктара у выніку адхілілі. Але афіцыйным тлумачэннем было не тое, што ён не справіўся ці ягоная дзейнасць была прызнаная нездавальняючай. Прычынай было нежаданне самога Касцяна мяняць дэпутацкі мандат на дырэктарства ў холдынгу.





Цяпер Міхаіл Падгайны разважае, кім замяніць Касцяна. Разважае доўга — ужо болей за месяц. Калі з'явіцца адмысловы ягоны загад — цяжка сказаць. Цягам верасня карэспандэнт "Белорусских новостей" некалькі разоў тэлефанаваў да міністра з гэтым пытаннем, і той пастаянна адказваў, што вось-вось усё вырашыцца. Верагодна, што гэтым разам кіраваць холдынгам паставяць усё ж не ідэйніка, якім быў Касцян, а чалавека, абазнанага ў журналістыцы, літаратуры і выдавецкай справе.





Якія ж вынікі холдынгавай работы над памылкамі? Па-першае, тут пачалі запрашаць назад тых, хто апошнім часам пакінуў структуры холдынга. І людзі пакрысе вяртаюцца. Як з меркантыльных прычынаў — "трэба ж карміць сем’і", так і з ідэйных — "працаваць на карысць Беларусі, а яна ў нас адна, варта ў любых умовах". У пісьменніцкіх колах такіх літаратараў, дарэчы, асабліва не асуджаюць. Маўляў, гэта па першым часе, калі з’явіліся Касцян, Новікаў ды Чайка з іхнім агрэсіўным славянафільствам і праўладнасцю, у "ЛіМе" сапраўднаму прыхільніку беларушчыны немагчыма было працаваць. Зараз жа падобна на тое, што намецілася, хоць і кволая, адваротная тэндэнцыя. Вунь нават часопіс “Всемирная литература» ў «Сусветную літаратуру» ператварыць наважыліся.





Апрача таго, як стала вядома "Белорусским новостям", у літаратурна-мастацкіх часопісах холдынга пачалася праца над зменай іхняга аблічча. Магчыма, гэта звязана з тым, што ў дзяржаўных літвыданняў з'явілася вельмі годна зробленае выданне-канкурэнт "Дзеяслоў", а неўзабаве з'явіцца яшчэ адзін — часопіс, які стварае былы галоўны рэдактар "Полымя" Сяргей Законнікаў.





У любым выпадку, чым болей добрых часопісаў — тым лепш.