Дзея і слова беларускіх пісьменнікаў


Барыс ПЯТРОВІЧ

Пасля стварэння холдынга “Літаратура і мастацтва”, куды ўвайшлі аднайменная газета, а таксама пяць часопісаў — “Неман”, “Полымя”, “Всемирная литература”, “Маладосць” і “Крыніца”, у пісьменніцкіх колах загаварылі пра неабходнасць стварэння новых альтэрнатыўных літаратурна-мастацкіх выданняў…





Першая ластаўка ў гэтай справе ўжо з’явілася: 24 верасня на з’ездзе Саюза беларускіх пісьменнікаў адбылася неафіцыйная прэзентацыя літаратурна-мастацкага і публіцыстычнага выдання “Дзеяслоў”. Галоўным рэдактарам тут — Барыс Пятровіч, намеснікамі галоўнага рэдактара — Эдуард Акулін і новы старшыня Саюза пісьменнікаў Алесь Пашкевіч.





Барыс Пятровіч кажа, што выданне выйшла фактычна на грамадскіх пачатках і безганарарна.





— “Дзеяслоў” выйшаў, і гэтым мы даказалі, што на Беларусі сёння магчыма рабіць самастойнае выданне, незалежнае, як кажуць, ад грашовых уліванняў ці то з Захаду, ці то з Усходу, ці ад мясцовых уладаў. Я шчыра дзякую тым пісьменнікам, якія бясплатна далі ў першы нумар “Дзеяслова” свае творы, каб падтрымаць ідэю стварэння альтэрнатыўнага літаратурна-мастацкага выдання, і сваім сябрам, якія на грамадскіх пачатках згадзіліся падрыхтаваць яго да друку.





— Калі распачалася «касцянізацыя» літаратурна-мастацкіх выданняў, ці адразу ўзнікла ідэя стварэння новага літчасопіса? Ці не было жадання паспрабаваць адстаяць і не даць здэградаваць холдынгавым выданням, застаўшыся там працаваць?





— Такая ідэя ўзнікла адразу, літаральна ў першай размове пасля таго, як мы даведаліся, што ствараецца холдынг і хто яго ўзначаліць. Ад пачатку было ясна дзеля чаго гэта робіцца — дзеля ідэалагічнай цэнзуры над літаратурна-мастацкімі выданнямі і над літаратурна-мастацкім працэсам увогуле. Да таго ж прыйшлі кіраваць непрафесіяналы. Таму стала зразумела, што павінны з'явіцца часопісы, альтэрнатыўныя тым, якія "прыватызавала" ўлада. Напачатку своеасаблівым ідэйным цэнтрам у гэтай справе стаў тагачасны галоўны рэдактар часопіса "Полымя" Сяргей Законнікаў. Усе, хто вырашыў не заставацца працаваць у холдынгу і звольніцца на знак пратэсту, згуртаваліся вакол яго. Былі і маладзейшыя, і старэйшыя. Таму неяк само сабой адбыўся падзел.





Лічу, што часопіс сёння можа рабіць толькі невялікая і мабільная каманда, прычым аднадумцаў, бо ў бліжэйшай перспектыве не бачыцца, што выпускаючы часопіс, можна на ім зарабляць грошы. Выдаваць яго можна толькі на грамадскіх пачатках, не спадзяючыся матэрыяльную аддачу. Дарэчы, зрабіўшы першы нумар, мы пераканаліся, што ў нашай эканамічнай сітуацыі акупіцца могуць толькі выдаткі на друк.





Да ўсяго мы падумалі: а чаму б не з'явіцца двум часопісам. І сталі працаваць над асобным праектам — "Дзеяслоў".


картинка

— А якія яшчэ былі варыянты назваў?





— Думалі назваць "Сакавік". Вельмі сімвалічная назва: сакавік асацыюецца з 25 сакавіка, з БНР, з Адраджэннем. Яшчэ была назва "Літара". Але з'явіўся такі сайт у інтэрнеце. Абмяркоўвалі і варыянт аднаўлення "Узвышша". Але ўрэшце рэшт адмовіліся, бо гэта надта вялікая адказнасць — узяцца аднаўляць часопіс, які ўжо заняў сваё месца ў гісторыі. Таму вырашылі пачаць з нуля.





Гэтая назва "Дзеяслоў" — вельмі мужчынская і ёмістая, якая ў сабе змяшчае вельмі шмат. Асацыяцыі ад «Дзеяслова» чытаюцца адразу – дзе, дзе я, дзея і слова. Хаця ў многіх гэтая назва асацыюецца з часцінай мовы, з граматыкай. Але, я думаю, гэта напачатку і з часам паходжанне гэтага слова забудзецца, як сцерлася паходжанне словаў "крыніца" і "полымя" адносна часопісаў.





— Пры перакладзе на рускую мову, асацыяцыя граматычная, відаць, будзе заставацца. "Глагол"…





— Якраз не. Гэтая назва па-руску гучыць адразу канцэптуальна часопісна. Ёсць жа выслоўе «глаголом жечь сердца людей». Гэтае слова даўно абыгранае: не адзін часопіс з такой назвай выходзіў і ў Расіі, і за яе межамі. Па-ангельску, дарэчы, таксама гэтая назва гучыць някепска — werb.





— З назвай зразумела. А па якіх крытэрыях ствараўся часопіс па форме і па змесце?





— Паколькі мы вырашылі рабіць альтэрнатыву часопісам, якія "прыватызавала" дзяржава, то і трэба было займаць іх нішу. Таму пытанне — якім быць часопісу — стаяла і не стаяла: такім, якімі былі некалі напрыканцы 80-х “Неман” ды “Полымя”. Класічным і традыцыйным у лепшым сэнсе гэтых словаў: класічны часопісны фармат — фармат “Нового мира”, класічны часопісны аб’ём, класічная рубрыкацыя. Урэшце, галоўнае — не форма, а змест.





— Якія творы будуць з’яўляцца на старонках “Дзеяслова”?





— Нікому не будуць зачыненыя дзверы — ні маладым, ні сталым, ні пачаткоўцам, ні класікам. Месца знойдзецца ўсім. Галоўнае – якасць твора і поўная свабода самавыяўлення ў ім. Адзінай праявай цэнзуры будзе нашае нежаданне друкаваць рэчы, дзе ў той ці іншай ступені будзе выяўляцца нацыянал-шавінізм, антысемітызм, чалавеканенавісніцтва.





Першы нумар якраз вельмі паказальны што да нашых прынцыпаў. У ім прадстаўленыя і старэйшае пакаленне — народны паэт Ніл Гілевіч, народны пісьменнік Янка Брыль, і сярэдняе пакаленне — Святлана Алексіевіч, Уладзімір Някляеў, Алесь Разанаў, Алесь Пісьмянкоў, і маладзейшыя — Андрэй Федарэнка, Мікола Захаранка, Міхась Скобла, і зусім маладыя — у рубрыцы “Дэбют”, якая будзе сталай, друкуюцца вершы мастачкі і паэткі Юліі Гайдуковай. У “Дзеяслове” змешчаныя творы не толькі тых, хто выйшаў з холдынга “ЛіМ”, але і тых, хто там застаўся працаваць. Да прыкладу, Андрэя Федарэнкі, Людмілы Рублеўскай, Леаніда Галубовіча...





Утвараючы холдынг, пісьменнікаў хацелі падзяліць на "сваіх" і "чужых". Не ўдалося. І, я спадзяюся, не ўдасца. Мы выступаем супраць усялякіх падзелаў. Мы жывем у адной краіне — Беларусі. І ўсіх нас хвалюе будучыня яе культуры, літаратуры, мовы.





Па жанрах першы наш нумар таксама атрымаўся не аднастайным. Ёсць вершы, паэма, апавяданні, эцюды, аповесць, п’еса, артыкулы, крытычныя эсэ, інтэрв'ю і нават новы жанр — інтэрнет-форум на сайце Litara.net.





— Выданне пазначанае не толькі як літаратурна-мастацкае, але яшчэ і як публіцыстычнае. То бок грамадзянская пазіцыя рэдакцыі будзе выразнай?





— Мы лічым, што сапраўдная літаратура заўсёды была па-за палітыкай, але — сапраўдная літаратура заўсёды была ў апазіцыі да любой улады і — сапраўдная літаратуры ніколі не слугавала тым, хто пры ўладзе. Гэта для нас прынцыпова.





— А ці мог бы, як вы лічыце, кампенсаваць страту літаратурна-мастацкіх часопісаў той жа інтэрнет?





— Факт, што часопісы ў нас выходзяць малымі накладамі, але інтэрнетам у нас карыстаецца яшчэ менш людзей. Пачытаць у сеціве забароненыя творы могуць нямногія. Апрача таго, інтэрнетам з сябрам не падзелішся, як часопісам, адзін нумар якога могуць пачытаць 5-10 чалавек.





Як бы ні развіваўся інтэрнет, месца часопісам заўсёды будзе. На Захадзе інтэрнет ахапіў усіх ахвотных, але ж часопісы з ужытку не выйшлі.





— У прынцыпе, і большасць пісьменнікаў па-ранейшаму піша рукой ці на друкарцы…





— Так, напрыклад, я дзесятак гадоў карыстаюся камп’ютэрам, але па-ранейшаму пішу рукой, прычым простым алоўкам.





— Ці не думалі вы, колькі ў нашай краіне павінна быць часопісаў, каб задаволіць беларусаў-пісьменнікаў і беларусаў-чытачоў?





— Чым больш — тым лепш. Але сёння гэта залежыць ад стану беларускай мовы, сфера ўжытку якой апошнім часам толькі звужаецца. Натуральна, меншае людзей, якія не проста карыстаюцца беларускай мовай штодзень, а і чытаюць беларускамоўныя газеты, часопісы, кнігі.





У маленькай Эстоніі менш за мільён карэнных жыхароў-эстонцаў, але ўсе яны валодаюць роднай мовай. І таму, калі ў 80-х гадах там выдавалі нацыянальную энцыклапедыю, то яна выйшла накладам 300 тысяч асобнікаў. Фактычна — трапіла ў кожную сям'яю. Праводзіўся конкурс на лепшы раман — было напісана і прадстаўлена каля 10 тысяч твораў. А здавалася б, маленькая нацыя…





Гутарыў Кірыла ПАЗНЯК