Саюз беларускіх пісьменнікаў: ці пашырыцца пляц волі?



Кірыла ПАЗНЯК


Коллаж Светланы Ветровой

Новым старшынём Саюза пісьменнікаў Беларусі стаў малады празаік Алесь Пашкевіч. Калі ў колах пісьменнікаў і літаратуразнаўцаў Пашкевіч — асоба вядомая, то для большасці звычайных беларускіх чытачоў ён досыць загадкавая постаць.





Алесю Пашкевічу – 30 гадоў. Ён прадстаўнік, як кажуць, новай генерацыі беларускіх пісьменнікаў. Піша літаратуразнаўчыя і гістарычныя творы. Самы вядомы з ягоных твораў – раман-дакумент "Пляц Волі" пра слуцкае антыбальшавіцкае паўстанне. Раман быў выпушчаны летась у выдавецтве "Беллітфонд" у серыі "Беларускі гістарычны раман". "Пляц Волі" стаў другой кнігай гэтай серыі ўслед за творам Уладзіміра Караткевіча "Хрыстос прызямліўся ў Гародні". А гэта шмат што кажа пра вартасці Пашкевічавага твора.





Таксама ў 2001 годзе ў Беластоку выйшаў яшчэ адзін значны твор Алеся Пашкевіча — "Зваротныя дарогі", першае манаграфічнае даследаванне, прысвечанае беларускай эміграцыі 20-га стагоддзя.





Нарадзіўся Алесь Пашкевіч у 1972 годзе на Случчыне. У 1994 годзе скончыў філфак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе зараз выкладае. Праз год выйшла ягоная першая паэтычная кніга "Нябесная сірвента", то бок новаспечаны старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў, вядомы збольшага прозай, пачынаў творчы шлях як паэт. Алесь Пашкевіч быў адным з арганізатараў часопіса маладых творцаў "Першацвет", працаваў у часопісе "Нёман". Цяпер ён з'яўляецца намеснікам рэдактара новага літаратурна-мастацкага часопіса "Дзеяслоў", першы нумар якога выйшаў напярэдадні з'езда Саюза пісьменнікаў, што адбыўся 24 верасня.





Са словаў пісьменніка Уладзіміра Арлова, "Дзеяслоў" уражвае зместам і імёнамі аўтараў. Сярод іх людзі розных палітычных поглядаў, але яны паяднаныя творчасцю. Адзін з бацькоў праекта — Алесь Пашкевіч. І калі яму ўдалося аб'яднаць пад вокладкай часопіса такіх розных асобаў, я думаю,ён зможа тое самае зрабіць і ў самім Саюзе пісьменнікаў".



Ссылки по теме:

Новым старшынём Саюза пісьменнікаў стаў Алесь Пашкевіч

Літаратары перад з'ездам: "І так нас драбяза..."