Новым старшынём Саюза пісьменнікаў стаў Алесь Пашкевіч



Кірыла ПАЗНЯК



24 верасня ў мінскім Доме літаратара адбыўся з'езд Саюза беларускіх пісьменнікаў. Галоўны ягоны вынік — пісьменніцкая суполка не зазнала раскола і засталася адзінай. Хаця сам з'езд прайшоў досыць бурліва. Новым старшынём Саюза пісьменнікаў абраны малады 30-гадовы празаік Алесь Пашкевіч.





Нягледзячы на тое, што апошнімі некалькімі месяцамі гаварылася пра правядзенне двух альтэрнатыўных з'ездаў, пісьменніцкі форум быў наладжаны агульны. Дагэтуль завочнае супрацьстаянне дзвюх груповак ("кансерватараў", ці ГКЧП, як іх яшчэ называлі, і пісьменнікаў-дэмакратаў) перайшло са старонак беларускай прэсы да трыбуны ў залі Дома літаратара. І трэба сказаць, перавага была яўна не на баку каманды Мятліцкага, Бутэвіча і Гніламёдава.





Янка Брыль, які адкрыў з'езд вітальным словам, Генадзь Бураўкін, Ніл Гілевіч, Вольга Іпатава і іншыя выступоўцы казалі пра неабходнасць захаваць Саюз пісьменнікаў, пра ганебную палітыку дэбеларусізацыі, пра спробы ўсталяваць, як за савецкім часам, дзяржаўны кантроль над пісьменніцкай творчасцю праз цэнзуру ў літаратурна-мастацкіх выданнях і выдавецтвах і праз спыненне бюджэтнага фінансавання Саюза. Дасталося на арэхі і пісьменнікам, у прыватнасці, тым, якія "прымаюць прэміі віртуальнай дзяржавы, рэальнае стварэньне якой непазьбежна прывядзе да зьнікненьня з палітычнай мапы сьвету мілай нашай Радзімы" (маюцца на ўвазе Аляксей Дудараў і Іван Шамякін, якія сталі лаурэатамі прэміяў у галіне культуры і мастацтва Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі), і тым, хто спакойна ўладкоўваецца "у службовыя крэслы ўчорашніх сваіх аднадумцаў і таварышаў" (гаворка пра тых літаратарў, што занялі крэслы галоўных рэдактараў у выданнях холдынгу "Літаратура і мастацтва").





Дарэчы, наяўнасць памылак пры стварэнні гэтага холдынгу, у першую чаргу звязаных "з кадравымі пытаньнямі, з арганізацыйнымі", прызнаў прысутны на з'ездзе міністр інфармацыі Міхаіл Падгайны. Апрача М.Падгайнага, з высокіх чыноўнікаў на з'ездзе былі яшчэ міністр культуры Леанід Гулякаі міністр адукацыі Пётр Брыгадзін. Прэзідэнт краіны на з'езд Саюза беларускіх пісьменнікаў не завітаў.





Падчас вылучэння кандыдатураў на новага кіраўніка былі названыя пяць літаратараў: Алесь Пашкевіч, Анатоль Бутэвіч, Мікола Мятліцкі, Вольга Іпатава і Уладзімір Ліпскі. Усе гэтыя імёны называліся да з’езда, апрача старшыні Дзіцячага фонда У.Ліпскага. Былы міністр культуры Анатоль Бутэвіч, галоўны рэдактар часопіса “Полымя” Мікола Мятліцкі, выступленне ягога зала ўспрыняла вельмі непрыязна, і цяпер ужо былая старшыня Саюза беларускіх пісмьеннікаў Вольга Іпатава ўзялі самадвод. У галасаванні ўзялі ўдзел дзве кандыдатуры — маладога Алеся Пашкевіча і сталага Уладзіміра Ліпскага. Перамог Пашкевіч — маладая генерацыя пісьменнікаў. Ён набраў 159 галасоў супраць 118, аддадзеных за Ліпскага.





Ці значыць гэта, што Саюз пісьменнікаў і літаратурны працэс наогул чакае ажыўленне?