Хто каму ўставіць пяро?



Кірыла ПАЗНЯК



24 верасня ў Мінску меліся адбыцца адразу два надзвычайныя пісьменніцкія з'езды. Сітуацыя выглядала так, што ўсё ідзе да расколу Саюза пісьменнікаў з маральна-палітычных прынцыпаў на незалежную і праўладную суполкі. Да згаданай даты застаецца ўжо некалькі дзён, а рэальна вядзецца падрыхтоўка толькі да аднаго з'езда. Тым не менш пагроза расколу Саюза пісьменнікаў не знікла.





Запрашальнікі ўсім пісьменнікам узяць удзел у з’ездзе, які пройдзе ў Доме літаратара і на які мусіць прыехаць з-за мяжы Васіль Быкаў, даслала толькі рада Саюза пісьменнікаў на чале са старшынёй Вольгай Іпатавай. Абвясціўшы яшчэ ўлетку пра правядзенне альтэрнатыўнага пісьменніцкага з’езда, аргкамітэт на чале з дырэктарам Інстытута літаратуразнаўства Уладзімірам Гніламёдавым скліканнем пісьменніцкага форуму не займаецца. Хаця раней заяўлялася, што ён павінен прайсці ў Купалаўскім тэатры пры ўдзеле прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.





Настроі ў літаратарскіх колах унемажлівілі для гніламёдаўскага аргкамітэта, які тая ж Вольга Іпатава называе “ГКЧП”, не тое што правядзенне прадстаўнічага з’езда, а нават яго скліканне. Карацей, арганізаваць альтэрнатыўны з’езд не ўдалося ані дэ-юрэ, ані дэ-факта.





Законным можа быць толькі з’езд, ладжаны радай Саюза пісьменнікаў. Хоць і ён мог быць сарваны. Афіцыйна дата правядзення з’езда была прызначаная толькі напачатку верасня, калі прайшло адмысловае пасяджэнне рады. Прычым многія ейныя чальцы — тыя, што меліся браць удзел у альтэрнатыўным з’ездзе, пасяджэнне гэтае праігнаравалі, спрабуючы не даць сабраць кворум. Але кворум усё-такі быў — і стала зразумела, што на законных падставах з’езд можа быць скліканы толькі адзін.





Зрэшты, аргкамітэт альтэрнатыўнага з’езда мог назваць сябе аргкамітэтам выратавання Саюза пісьменнікаў і ўсё адно склікаць з’езд, але цяперашнія ўлады ўляпілі пісьменнікам столькі поўхаў (згадаць хоць бы перамены ў літаратурна-мастацкіх выданнях), што ў зале Купалаўскага тэатра было б, відаць, багата вольных крэслаў.





Таму алоўкі ды асадкі будуць ламацца 24 верасня пад адным дахам у Доме літаратара. Ключавым момантам стануць выбары ў раду Саюза пісьменнікаў і выбары яго старшыні. Спрагназаваць, хто з пісьменнікаў апынецца на чале Саюза – стаўленнік уладаў ці не, досыць цяжка. На мінулым пісьменніцкім з’ездзе Вольга Іпатава толькі з невялікім адрывам апярэдзіла Міколу Мятліцкага. Але тады многія пісьменнікі ставіліся да яго прыязна і не называлі здраднікам, як цяпер, калі Мятліцкі заступіў замест Сяргея Законнікава кіраваць часопісам “Полымя” падчас “касцянізацыі” ў холдынгу “Літаратура і мастацтва”.





Усё ж такі колькасная перавага ў Саюзе пісьменнікаў не на баку праўладнай групоўкі. Але змяніць расклад сілаў яна можа паспрабаваць, напрыклад, праз ініцыятыву пазбавіць права голасу тых пісьменнікаў, якія ўваходзяць у беларускі ПЭН-цэнтр, а гэта болей паўсотні чалавек. Такая прапанова, дарэчы, ужо гучала на мінулым з’ездзе Саюза пісьменнікаў. Мабыць, невыпадкова на старонках газеты “ЛіМ” напярэдадні з’езда Саюза пісьменнікаў пачалося шальмаванне нібыта створанага антыславянскімі сіламі ПЭН-цэнтра, у які ўваходзяць такія вядомыя пісьменнікі, як Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Святлана Алексіевіч?





У якасці верагодных кандыдатаў на крэсла старшыні Саюза пісьменнікаў называецца цэлы шэраг літаратараў: Анатоль Бутэвіч, Алесь Пашкевіч, Леанід Дранько-Майсюк, Сяргей Законнікаў.