Пабачыць Парыж — i захацець дадому



Такую магчымасць дае выстава, якая адкрылася ў галерэi "Зямля людзей". Ад самага пачатку гэтую галерэю можна было называць "акном у Парыж". Бо сучасна, з густам i прыгожа яна дае магчымасць выставiцца беларускiм мастакам. На гэты раз увагу гаспадара галерэi француза Iва Прудома i яго дарадчыкаў захапiла беларуская графiка — ад прызнаных аўтарытэтаў Валерыя Славука i Уладзiмiра Вiшнеўскага да маладых мастакоў Юрыя Якавенкi, Андрэя Басалыгi, Вольгi Нiкiшынай, Юрыя Алiсевiча, Тамары Шэлест, Алены Шычко, Ганны Цiханавай, якiя iмкнуцца падтрымлiваць марку беларускай школы графiкi.





I дзякуючы нейкай дзiўнай метамарфозе, якую можа стварыць хiба што мастацтва, уся гэтая цудоўная беларуская кампанiя аказалася ў гасцях у "Дома Прутэ". Такую назву атрымала гэтая выстава. I зусiм невыпадкова.





Прутэ — прозвiшча прадзеда Iва Прудома, якi ўтрымлiваў вялiкi салон друкаванай графiкi ў Парыжы. I сёння дух той галерэi i дух Парыжа мiнулых эпох сапраўды адноўлены ў Мiнску дзякуючы мастацтву французскаiх гравёраў XVII—XIX стагоддзяў, калi мастацтва графiкi квiтнела ў Францыi. Сем твораў, размешчаных побач, адзiн да аднаго, як было прынята ў камерных французскiх галерэях, адразу вяртаюць да класiчнай графiкi, тым самым заяўляючы высокi ўзровень усёй выставы. А яе другая частка — беларуская — проста вымушана "трымаць планку". Спалучэнне быццам бы нацягнутае. Ды толькi на першы погляд. Бо, сапраўды, у далёкiм мiнулым у доме французскага гандляра гравюр маглi адначасова суседнiчаць гравюры беларускiх майстроў кнiжнай графiкi XVIII стагоддзя Тарасевiча i Макоўскага з працамi французскiх, нямецкiх цi галандскiх творцаў.





Так атрымалася i сёння, на мiнскай выставе "Дом Прутэ". Усе творы — сапраўдныя гравюры на метале высокага класа. I тыя старадаўнiя французскiя адбiткi, пра якiя расказвалася раней, i сучасныя беларускiя адна- i шматколерныя афорты, аддрукаваныя лiтаральна сёння, на мяжы стагоддзяў.





— Беларуская школа графiкi даўно заявiла пра сябе за межамi нашай краiны, — гаворыць мастак Уладзiмiмр Вiшнеўскi. — I калi мы паказалi Iву Прудому наш графiчны фонд, якi ўтварыўся у акадэмii мастацтваў, ён сам прапанаваў параметры выставы. Праўда, мы думалi зрабiць папулярна-адукацыйны праект: выставiць разам з творамi друкарскi iнструмент, каб паказаць, наколькi карпатлiвую i тонкую працу робяць мастакi дзеля аднаго твора. Але магчымасцi залы даволi абмежаваныя для гэтага.





Але ўсё роўна найбольш цiкаўныя гледачы напэўна заўважаць выстаўленыя побач твор i дошку, якая дала яму жыццё. Iзноў-такi будзе цiкава пабачыць фантасмагарычныя творы Валерыя Славука i працы яго вучанiцы Алены Цiханавай, якая сёлета скончыла акадэмiю мастацтваў. Маладыя мастакi — а iх тут большасць — сёння схiльныя да эксперыменту i iмкнуцца перадаць адчуванне няўлоўнасцi жыцця. Варта прыгадаць хаця б неверагодна цёплы твор "Неадпраўленае пiсьмо" Андрэя Басалыгi. Дарэчы, на адкрыццё выставы прыйшоў i яго бацька Уладзiмiр Басалыга, таксама адзiн з мэтраў беларускай графiчнай школы, а цяпер старшыня Саюза мастакоў Беларусi. Паглядзеўшы на ўсiх гасцей "Дома Прутэ", ён пахвалiў кафедру графiкi за мастацкi густ i паабяцаў падтрымку майстэрнi, якая сёння — "апора маладых графiкаў". А магчыма i той Дом, дзе для iх усё пачынаецца...





Ларыса ЦIМОШЫК, ("Звязда", 18 верасня 2002 г.)