Адно што маліцца на габелен



Кірыла ПАЗНЯК


Фото IREX/ProMedia

У Беларусі апошнім часам шмат зачыняецца самых розных бібліятэк, музеяў, кінатэатраў. Потым гэтыя будынкі часта ператвараюцца ў офісы ды склады ці проста стаяць закінутыя. Не ўсім шанцуе гэтак, як былому кінатэатру “Беларусь”, што на Юбілейнай плошчы Мінска.





Пасля рэканструкцыі гэты спаруд чакае другое жыццё — пераўвасабленне з кінатэатра ў музей, а дакладней у Дзяржаўны музей сучаснага выяўленчага мастацтва. Але ўсё гэта марудзіцца не адзін год. Ажыццяўленне ідэі спынілася на стадыі праектавання. Ёсць усе шанцы атрымаць яшчэ адзін сталічны даўгабуд.





Дзяржаўны музей сучаснага выяўленчага мастацтва створаны ўлетку 1997 года пастановай Савета міністраў. Прычым практычна з нуля. Са словаў дырэктара музея, колішняга рэктара Беларускай акадэміі мастацтва Васіля Шаранговіча, усё пайшло ад перабранай калекцыі з расфармаванага выстаўнага комплекса "На ростанях". На сёння ў фондах Дзяржаўнага музея сучаснага выяўленчага мастацтва ўжо блізу дзвюх тысяч экспанатаў самых розных жанраў, стыляў і відаў мастацтва – ад жывапісу і скульптуры да фота. Іх узрост сягае самае большае 30-гадовай даўніны.





Апошнім часам новых твораў у музейную калекцыю паступае малавата. Прычым збольшага гэта падарункі, закупляць нешта няма сродкаў. Беднае Міністэрства культуры грошай на тое выдзяляе жменю.





Таму не дзіва, што музей працягвае цясніцца ў дзвюх выстаўных залах на праспекце Скарыны, 47. Пры яго стварэнні мінкультаўскія чыноўнікі казалі, што гэта ўсё часова, што неўзабаве адбудзецца пераезд у рэканструяваны кінатэатр "Беларусь". Першапачаткова перасяленне планавалася на 2003 год, аднак пакуль што гаворка не ідзе нават пра пачатак будаўнічых работ.





А што ўяўляе сабой праект рэканструкцыі кінатэатра "Беларусь", які паўстаў на Юбілейнай плошчы сталіцы ў 1960-х гадах? Ані звонку, ані знутры кінатэатр будзе не пазнаць. Зносіць яго не будуць, проста стары будынак схаваецца за дабудовамі ўверх (да двух паверхаў дадасца яшчэ адзін) і ўшыркі. Плошча гэтага будынка павялічыцца ў 7 разоў — з 1.800 квадратных метраў да 12.500. А што тычыцца плошчаў музея, дык параўнанні з цяперашнімі на Скарынаўскім праспекце яны павялічацца аж у дзесяткі разоў. На прылеглай да будучага музея тэрыторыі будзе разбіты парк скульптураў. Шмат свабоднага месца вакол — гэтак забудоўваюцца ўсе еўрапейскія музеі сучаснага мастацтва.





І наш музей мусіць быць такім. Васіль Шаранговіч кажа, што гэта будзе нават не проста музей, а шматпрофільны асветна-культурны цэнтр, дзе мяркуецца праводзіць самыя разнастайныя мастацкія акцыі — і літаратурныя чытанні, і перформансы, і выступленні сімфанічнага аркестра.





Натуральна, у гэтым выпадку паўстае пытанне, чаму ў назве музея гаворыцца толькі пра выяўленчае мастацтва. Дырэктар музея з заўвагай згодны: да наваселля лішняе слова, што звужае функцыі музея, будзе скасаванае. Але ж калі тое наваселле яшчэ будзе?





Асаблівасцю Музея сучаснага мастацтва на Юбілейнай плошчы стане размяшчэнне там вядомага "Габелена стагоддзя" мастака Аляксандра Кішчанкі. Для гэтага аграмаднага твора памерамі 14 на 19 метраў і вагой пад 300 кілаграмаў будзе зроблена адмысловая ніша на першым паверсе музея. Нагадаем, што на гэтым габелене ёсць выява першага прэзідэнта Беларусі.





Супрацоўнікі музея ўпотай спадзяюцца: менавіта дзякуючы таму, што яны збіраюцца паставіць у сябе гэты габелен, які ўжо ўвайшоў ў Кнігу рэкордаў Гінэса і займеў нядаўна ў нашай краіне афіцыйны статус гістарычнай каштоўнасці, фінансаванне рэканструкцыі кінатэатра "Беларусь" ў рэшце рэшт наладзіцца.