Усё змяшалася ў доме літаратараў



Кірыла ПАЗНЯК



4 верасня рада Саюза пісьменнікаў Беларусі прызначыла дакладную дату з’езда пісьменніцкай суполкі. Як плануецца, ён адбудзецца 24 верасня ў Доме літаратара. Гэты дзень па ўсім абяцае быць досыць скандальным і адначасова значным для літаратарскіх колаў і літаратурнага працэсу ў нашай краіне.





З’езд называецца пазачарговым і надзвычайным. На ім пісьменнікі мяркуюць заявіць пратэст супраць абыякавага стаўлення дзяржавы да беларускай мовы і літаратуры, а ў прыватнасці супраць цынічных захадаў, што прадпрымаюцца ў дачыненні да ўласна Саюза пісьменнікаў і літаратурна-мастацкіх выданняў. Саюз пісьменнікаў зараз перажывае ці не самыя цяжкія часы свайго існавання. Пісьменнікам і не думаюць вяртаць забраны пад юрысдыкцыю Кіраўніцтва спраў прэзідэнта Дом літаратара. Маючы яго на сваім балансе, Саюз пісьменнікаў мог бы зарабляць на арэндзе немалыя грошы, а так ён згалеў ушчэнт.





Вельмі верагодна, што падтрымаць дух калегаў па пяры прыедзе Васіль Быкаў. Але за пісьменнікамі адно што трапнае слова ды годная пазіцыя. Улады маюць куды мацнейшыя рычагі. Напрыклад, яны могуць у самы апошні момант проста не пусціць пісьменнікаў у Дом літаратара.





Між тым ходзіць гаворка, што паралельна вядзецца падрыхтоўка да альтэрнатыўнага з’езда Саюза пісьменнікаў, зыніцыяванага групоўкай літаратараў на чале з дырэктарам Інстытута літаратуразнаўства Акадэміі навук Беларусі Уладзімірам Гніламёдавым. Тыя нібыта падаюць сябе камітэтам па выратаванні Саюза. Гэты з’езд хутчэй за ўсё пройдзе ў Купалаўскім тэатры, куды мяркуецца запрасіць прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку.





Аднак сам Уладзімір Гніламёдаў у гутарцы з карэспандэнтам "Белорусских новостей" сказаў, что пакуль не гатовы гаварыць на з’ездаўскую тэму і не можа пацвердзіць факт падрыхтоўкі альтэрнатыўнага з’езда Саюза пісьменнікаў.





Мінулы з’езд Саюза пісьменнікаў год таму таксама быў пазачарговым, і напярэдадні яго казалі пра наспелы раскол сярод пісмьеннікаў — збольшага па палітычнай ангажаванасці. Але тады праўладнай групоўцы ў Саюзе пісьменнікаў не хапіла прадстаўнічасці, каб дзейнічаць па раскольніцкім сцэнарыі — неставала пораху ні па імёнах, ні па колькасці. Цяпер, відаць, трохі паболела гатовых шчоўкаць абцасамі перад высокім начальствам. Але ім, відаць, не аб прафесійнай сваёй суполцы ў першую чаргу галава баліць. Не сакрэт, што апошнім часам пачалася масавая ратацыя пісьменніцкіх кадраў у дзяржаўных установах культуры — замяняюць "ненадзейных", "чужых". Яскравы прыклад — працэс, што атрымаў назву "касцянізацыі" літаратурна-мастацкіх выданняў, з процьмай звальненняў, ці то змушаных, ці то па ўласным жаданні. З’явіўся нават чорны спіс пісьменнікаў: галоўны рэдактар "Информационного вестника Администрации Президента Республики Беларусь" Эдуард Скобелеў заклікаў кіраўнікоў холдынга "Літаратура і мастацтва" не друкаваць "палітычна адсталых" Быкава, Барадуліна, Законнікава, Гілевіча. Зрэшты, многія пісьменнікі і без таго байкатуюць холдынгавыя літаратурныя часопісы.





Такім чынам, тых, хто падтрымае верагодны з’езд з удзелам прэзідэнта, чакаюць пасады, вольныя часопісныя плошчы і ганарары. Аляксандр Лукашэнка яшчэ ў 1998 годзе на сустрэчы з пісьменнікамі сказаў наступнае: "Я буду вас падтрымліваць, але толькі на аснове ўзаемнасці".