"Покліч", што гучыць дванаццаць гадоў



Вольга ЛАПІКАВА



Адшумеў дэкаратыўны Дзень беларускага пісьменства. На ім практычна не згадвалі пра драматычны стан сённяшняй беларускай літаратуры. І тым больш пра трагічныя старонкі яе мінуўшчыны.





Між тым у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры ўжо амаль 12 год існуе экспазіцыя, прысвечаная творчасці беларускіх пісьменнікаў у перыяд з 1917 па 1939 гады.





А пачыналася яна з выставы “Покліч”, што была адкрыта тут у 1991 годзе на адраджэнскай хвалі. Тады, у 1991 годзе, гэтая выстава стала сапраўдным адкрыццём для многіх. Выстава “Покліч” была першай на Беларусі спробай паказаць рэальнае літаратурнае становішча ў неспакойны перыяд паміж першай і другой сусветнымі войнамі. І паколькі сама літаратура — гэта люстра, у якім адбіваецца час, то ўсе складаныя пераломы, усе “далучэнні”, “вызваленні”, “акупацыі” таксама сталі неад’емнай часткай гісторыі літаратуры — і ў простым выглядзе, як факт многіх пісьменніцкіх лёсаў, і як факт літаратурна-сюжэтны, метафарычны.





Экспанаты выставы размешчаны ў чатырох залах.





У першай знаходзяцца матэрыялы, прысвечаныя падзеям першай сусветнай вайны, Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцыям, утварэнню БНР і БССР, росту грамадска-культурных і навуковых устаноў у Савецкай Беларусі, прыходу ў літаратуру маладога пакалення літаратараў і зараджэнню згуртаванняў “Маладняк”, “Узвышша”, “Полымя” — усё гэта адбывалася на фоне палітыкі беларусізацыі.





Другая зала прысвечана развіццю беларускай драматургіі і акадэмічнай крытыкі, літаратуры пісьменнікаў старэйшага пакалення.





У трэцяй зале экспануюцца паэзія і проза “Маладняка”, “Узвышша”, літаратура нацыянальных (польскай, яўрэйскай, рускай і літоўскай) секцый.





Некалі існавала і чацвёртая зала, дзе знаходзіліся матэрыялы, прысвечаныя выніку літаратурнага працэсу ва Усходняй Беларусі, першаму з’езду Саюза пісьменнікаў СССР і літаратуры Заходняй Беларусі.





Стваральнікі выставы адмовіліся ад строга манаграфічнага паказу нейкіх абранцаў-карыфеяў літаратуры, а паспрабавалі паказаць літаратурны працэс на фоне тых падзей, што адбываліся на Беларусі ў 1917—1939 гадах. А гэтых падзей было шмат: першая сусветная вайна, Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі, утварэнне БНР і БССР, перыяд беларусізацыі, а потым зноў перыяд русіфікацыі і рэпрэсій супраць беларускай інтэлігенцыі. Сумны вынік — каля паўтары соцень арыштаваных беларускіх пісьменнікаў, дзеячаў культуры. Страты, якія нічым не ўдалося запоўніць пасля.





І вось думаеш: якою магла б стаць наша літаратура ва ўмовах нязмушанага, вольнага самаразвіцця, без усяго гэтага жахлівага "выпраўлення ўхілаў"? Калі б у часы рэпрэсій мы не згубілі так шмат пісьменнікаў, талент якіх так і не паспеў канчаткова раскрыцца...