ПЭН-цэнтар узначаліў Андрэй Дынько



Новым старшынём Беларускага ПЭН-цэнтру ў панядзелак абраны Андрэй Дынько. Ён зьмяніў на гэтай пасадзе Адама Мальдзіса. Андрэй Дынько — перакладчык, публіцыст, аўтар шэрагу апавяданьняў. Яму 28 гадоў. Выкладаў у Менскім дзяржаўным лінгвістычным ўнівэрсытэце, працаваў дырэктарам часопісу "Arche", галоўны рэдактар (з 2000 году) газэты "Наша Ніва". Перакладае з ангельскай, італьянскай, польскай, францускай, украінскай моваў.





Беларускі ПЭН-цэнтар — няўрадавая, непалітычная, некамэрцыйная арганізацыя. Створаны ён быў у лістападзе 1989 году. У траўні 1990-га Беларускі ПЭН-цэнтар прыняты ва Ўсясьветную асацыяцыю пісьменьнікаў "Міжнародны ПЭН-клюб". Як сябра Міжнароднага ПЭН-клюбу, Беларускі ПЭН-цэнтар мае статус "А" ў ЮНЭСКА й дарадчы статус у ААН.





ПЭН-цэнтар — аб'яднаньне прафэсійных літаратараў, створанае з мэтай пашырэньня інтэлектуальнага супрацоўніцтва прадстаўнікоў творчых прафэсій, удзелу ў міжнароднай літаратурнай супрацы, разьвіцьця беларускай культуры, выхаваньня ў грамадзкай сьвядомасьці высокіх гуманістычных ідэалаў — азначана ў Статуце арганізацыі.





У склад Беларускага ПЭН-цэнтру цяпер уваходзяць 85 пісьменьнікаў, якія жывуць у Беларусі й па-за ейнымі межамі — у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Нью-Ёрку, Лёндане, Бэрліне, Флярэнцыі, Варшаве, Беластоку. Прэзыдэнтам Беларускага ПЭН-цэнтру зьяўляецца Васіль Быкаў, сябрамі — такія вядомыя пісьменьнікі, як Рыгор Барадулін, Святлана Алексіевіч, Уладзімер Арлоў, Міхась Тычына, Валянцін Тарас, Карлас Шэрман і многія іншыя.





Карэспандэнт Радыё Рацыя зьвязаўся з новым старшынём гэтай уплывовай літаратурнай арганізацыі.





— Спадар Андрэй, дазвольце, па-першае, павіншаваць вас з такой сур'ёзнай і адказнай пасадай. Вашы першыя крокі на пасадзе старшыні Беларускага ПЭН-цэнтру?





— Я вельмі хацеў бы, каб Беларускі ПЭН-цэнтар ператварыўся ў Беларускі ПЭН-клюб, каб ён стаў інтэлектуальным асяродкам, літаратурным асяродкам, адкрытым для ўсіх сябраў арганізацыі й для ўсіх літаратараў Беларусі. Самыя першыя крокі: я прапаную Радзе Беларускага ПЭН-цэнтру запрасіць да нас, пад наш дах усе незалежныя беларускія выданьні, якія цяпер робяцца альбо паўстаюць. Я таксама хацеў бы прапанаваць запачаткаваць проста з гэтага месяца дапамогу маладым беларускім літаратарам. Трэцяе — гэта арганізацыя літаратурных чытаньняў, літаратурных пятніц у ПЭН-цэнтры, арганізацыя дыскусійнага клюбу. І чацьвёртае — дапамога беларускім літаратурным інтэрнэт-праектам, такім, як knigi.com, litara.net, навіны Таварыства беларускіх літаратараў, іншым праектам, якія робяцца цяпер выключна сіламі энтузіястаў. Нарэшце ПЭН-цэнтар забясьпечыць наагул нейкі абмен думкамі паміж сябрамі арганізацыі й выпрацоўку нейкіх новых ідэяў, важных як для літаратурнага асяродку, так і для ўсяго нашага грамадзтва.