Дзяржава забылася на Алеся Адамовіча



Кірыла ПАЗНЯК


Алесь Адамовіч. Фота Яўгена Коктыша

Сёння, 3 верасня, Алесю Адамовічу — беларускаму пісьменніку, літаратуразнаўцу і грамадскаму дзеячу — споўнілася б 75 гадоў. Між тым беларусы дагэтуль не маюць паўнавартаснага збору ягоных твораў.





3 верасня 1927 года як дату нараджэння Алеся Адамовіча падаюць энцыклапедыі. Гэтак было пазначана ў пашпарце пісьменніка. Але сапраўдная дата нараджэнння Адамовіча — 3 жніўня, прычым 1926 года. Ён “памаладзеў” намаганнямі маці, якая ў часе вайны выправіла гэтыя звесткі, каб сына не пагналі ў Нямеччыну.





Зрэшты, збору твораў пісьменніка мы не пабачылі ні да сапраўднага, ані да афіцыйнага юбілею. Хаця ў сярэдзіне 1990-х гадоў, пасля смерці пісьменніка, выданне чатырохтомнага збору твораў Адамовіча было ўнесенае ў планы дзяржаўнага выдавецтва «Мастацкая літаратура». У 1995 годзе тут быў нават выпушчаны першы том. Тады ж да друку былі падрыхтаваныя другі і трэці тамы, але яны дагэтуль так і не пабачылі свет.





Пра Адамовічаў чатырохтомнік усе забыліся. Некалькі гадоў таму аднавіць працу над выданнем спрабавала дачка пісьменніка, якая пісала на гэты конт лісты ў Дзяржкамітэт па друку. Адтуль у «Мастацкую літаратуру» спусцілі загад як след сустрэць сёлетні 75-гадовы юбілей Алеся Адамовіча, аўтара такіх вядомых твораў, як «Сыны ідуць у бой», «Вайна пад стрэхамі», «Хатынская аповесць», «Карнікі», «Я з вогненнай вёскі» (разам з Янкам Брылём і Уладзімірам Калеснікам), «Блакадная кніга» (разам з Даніілам Граніным). Гэтыя кнігі ўжо сталіся хрэстаматыйнымі, а ёсць жа яшчэ, напрыклад, апошняя, незавершаная кніга Алеся Адамовіча «Vixi”, што перакладаецца з лацінскай мовы як “Пражытае”, ёсць пісьменніцкія нататнікі.





Старое кіраўніцтва выдавецтва — фармальна з прычыны дрэннага фінансавага становішча — чарговы раз адсунула выданне чатырохтомніка аднаго з лепшых беларускіх пісьменнікаў 20-га стагоддзя ў доўгую скрыню. Новае кіраўніцтва «Мастацкай літаратуры» ў асобе Уладзіслава Мачульскага, што заступіў на пасаду дырэктара сёлета замест Георгія Марчука, заўпэўніла карэспандэнта «Белорусских новостей», што ў рэшце рэшт «будзе Адамовіч». Але вось тэрміны з'яўлення чатырохтомніка Адамовічавых твораў надзвычай туманныя. Хутчэй за ўсё, беларускім чытачам давядзецца чакаць прынамсі наступнага, 80-гадовага юбілею пісьменніка. Дарэчы, новы дырэктар «Мастацкай літаратуры» абяцае, што ў выдавецтве не будзе табу і на друкаванне кніг тых літаратараў, што, так бы мовіць, не надта лаяльныя да сённяшняй улады, то бок Быкава, Алексіевіч ды іншых. Пажывем – пабачым.





Цікава ўявіць: што б рабіў і што пісаў бы зараз вядомы і чытэльны пісьменнік, трапны публіцыст, проста маральны аўтарытэт і інтэлектуал Алесь Адамовіч? Ведаючы ягоныя прынцыпы, можна меркаваць, што, як і Васіль Быкаў, ён мусіў бы знаходзіцца па-за межамі Радзімы. Калі помніце, у выніку цкавання Адамовіч яшчэ ў канцы 80-х з'ехаў з «Вандэі перабудовы» ў Маскву, дзе ачольваў Усесаюзны НДІ кінамастацтва. Там жа ў 1994 годзе і памёр. Дарэчы, Васіль Быкаў, калі расіяне прапанавалі жыць і працаваць у расійскай сталіцы, адказаў так: «Мой сябра Алесь Адамовіч перабраўся ў Маскву і памёр. Я баюся».