Касцяна адставіць!



Кірыла ПАЗНЯК


Сяргей Касцян. Фота IREX/ProMedia

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касцян звольнены з пасады дырэктара медыя-холдынга "Літаратура і мастацтва", у які ўваходзяць паўтузіну беларускіх літаратурна-мастацкіх выданняў. Ці не сведчыць гэтая адстаўка пра тое, што напярэдадні з'езда Саюза пісьменнікаў ўлады пачалі заляцацца да літаратараў? Рэч у тым, што ў свой час прызначэнне Касцяна кіраваць холдынгам "ЛіМ" у літаратарскіх колах сустрэлі з абурэннем, і ў выніку ўзаемаадносіны ўладаў і пісьменнікаў ушчэнт сапсаваліся.





Паводле міністра інфармацыі Міхаіла Падгайнага, ён адправіў Сяргея Касцяна ў адстаўку з бюракратычных прычынаў. Рэч у тым, што дэпутат не мае права працаваць на іншай дзяржаўнай пасадзе і мусіць выбіраць ці то адно, ці то другое. Працоўная кніжка Касцяна ляжала ў парламенце, і па сутнасці на працу ў холдынгу ён афіцыйна так і не заступіў. Такім чынам, міністр інфармацыі не звольніў Касцяна з пасады дырэктара холдынга "Літаратура і мастацтва", а проста скасаваў сваё ж рашэннне аб яго прызначэнні.





Касцян так і не перайшоў на працу ў холдынг, бо, відаць, адчуў, што дэпутацтва для яго — справа больш надзейная і блізкая, чымсьці камандаванне наравістым пісьменніцкім хаўрусам. Між іншым, пра гэта ва ўнісон увесь час ягонага кіравання холдынгам цвердзіла пераважная бальшыня пісьменнікаў. Яны нават прыдумалі адмысловы тэрмін для характарыстыкі апошніх пераўтваральных працэсаў у літаратурна-мастацкіх выданнях — "касцянізацыя".





Сам Сяргей Касцян у гутарцы з карэспандэнтам "Белорусских новостей" сказаў, што сапраўды быць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў для яго "даражэй за ўсё" і што перад ім не стаяла праблемы выбару. На пытанне, чаму ж тады фактычнае сядзенне на двух крэслах цягнулася так доўга, адказаў, што ў яго была з Міністэрствам інфармацыі такая дамоўленасць, што ён будзе кіраваць ("навяду парадак, расстаўлю кадры") часова, да восені. Але да пары пра гэта нібыта вырашылі не гаварыць.





Сапраўдныя ж прычыны сыходу Сяргея Касцяна з пасады кіраўніка медыя-холдынга могуць быць якія заўгодна — ад асабістага непаразумення з Міхаілам Падгайным да таго, што зараз у краіне модная незалежніцкая, а не панславісцкая рыторыка, якой так вядомы дэпутат Касцян. Зрэшты, апошні, акрамя ўсяго іншага, проста не справіўся з роляй своеасаблівага крызіснага менеджэра. Стан спраў у холдынгу апошнімі месяцамі не толькі не выправіўся, а, наадварот, пагоршыўся. У выніку "касцянізацыі" з холдынгу звольнілася шмат людзей, прычым сыходзілі цэлымі рэдакцыямі, а лепшыя беларускія пісьменнікі забралі свае творы з таго ж "Полымя" і заракліся пісаць туды.





Досыць верагодна, што напярэдадні з'езда Саюза пісьменнікаў улады вырашылі паладзіць з літаратарамі. Па ўсім у пісьменніцкай суполцы наспявае раскол. Яна можа падзяліцца на праўладную і незалежную арганізацыі, і ўлады, натуральна, жадаюць і намагаюцца, каб і колькасна, і па імёнах першая выглядала прыстойней за другую.





Пасля адстаўкі Сяргея Касцяна натуральна ўзнікае пытанне, наколькі затрымаецца і тая каманда, якую ён прывёў у холдынгавыя выданні. Дыму без агню не бывае. Яшчэ на мінулым тыдні пайшла гаворка наконт адставак намесніцы дырэктара холдынга Таісы Бондар і галоўнай рэдактаркі "Немана" Ніны Чайкі.





Зараз абавязкі дырэктара холдынга выконвае Яўген Новікаў. Хто прыйдзе на замену Сяргею Касцяну, пакуль трымаецца ў сакрэце. Кадравая палітыка ў холдынгу настолькі дзіўная, што гэта можа быць хто заўгодна – і нехта з колішніх міністраў культуры, і нават Уладзімір Замяталін.



Раней на гэтую тэму:

У абдымон з пісьменнікамі?

Власть приступила к зачистке литературной нивы