У абдымон з пісьменнікамі?



Кірыла ПАЗНЯК



У выдавецкім холдынгу “Літаратура і мастацтва” адбываецца ці наспявае шэраг досыць значных перамен. Яны могуць сведчыць пра тое, што — пасля чарады непапулярных захадаў датычна літаратарнай сферы — улады наважыліся на залёты да пісьменнікаў і на курс павольнай беларусізацыі. Такая версія, ва усякім разе, з'явілася у газеце “Наша ніва” ад 22 жніўня.





У артыкуле, у прыватнасці, паведамляецца пра тое, што ў адстаўкі адпраўленыя Ніна Чайка, прызначаная было кіраваць часопісам “Неман”, і галоўная рэдактарка часопіса “Всемирная литература”, а па сумяшчальніцтве намесніца кіраўніка холдынгу “ЛіМ” Таіса Бондар. Замест яе рэдагаваць “Всемирную литературу" быццам бы прызначаны выдавец Міраслаў Адамчык, родны брат пісьменніка Адама Глобуса і сын вядомага літаратара Вячаслава Адамчыка. А сам гэты часопіс будзе пераведзены на беларускую мову і стане называцца адпаведна "Сусветная літаратура".





Каб спраўдзіць гэтую інфармацыю, карэспандэнт "Белорусских новостей" звязаўся з Сяргеем Касцянам, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў і кіраўніком холдынгу "Літаратура і мастацтва", куды, нагадаем, уваходзяць шэсць літаратурна-мастацкіх выданняў: газета "Літаратура і мастацтва", а таксама часопісы "Полымя", "Крыніца", "Неман", "Всемирная литература" і "Маладосць". Згаданую інфармацыю ў "Нашай ніве" Сяргей Касцян зняпраўдзіў, назваўшы яе "хлуснёй ад пачатку да канца". Паводле кіраўніка холдынгу, і Ніна Чайка, і Таіса Бондар працуюць на сваіх месцах.





Мажліва, сапраўды адмысловых афіцыйных загадаў наконт новых адставак і прызначэнняў у холдынгу "ЛІМ" яшчэ няма, але гэта не выключае варыянта, што прынцыпова пэўныя рашэнні ўжо прынятыя. Варта згадаць, што гэтак было ў часе стварэння холдынгу: тады адразу з'явілася інфармацыя пра змену галоўных рэдактараў у адпаведных выданнях, але дакументальнае афармленне тых кадравых перастановак расцягнулася надоўга.





Зрэшты, Сяргей Касцян прызнаўся, што сёе-тое з напісанага ў "Нашай ніве" абмяркоўваецца ўнутры холдынгу, але толькі на ўзроўні прапановаў, якіх вельмі шмат. Але пакуль што пра рэалізацыю якіх-небудзь з іх гаворкі не вядзецца. Так, Сяргей Касцян паведаміў, што сапраўды разглядаецца варыянт пераўтварэння часопіса "Всемирная литература" з рускамоўнага ў беларускамоўны. Што да іншых холдынгавых праектаў ці пражэктаў, то тут усур’ёз разглядаюць мажлівасць аднаўлення выдання “Славянский набат” (можа быць, пад назвай “Славянский свет”), пераўтварэнне ў перспектыве газеты “Літаратура і мастацтва” з тыднёвіка ў штодзённае выданне.





Тое, што ўлады пойдуць на некаторае ўлагоджванне канфлікту з беларускімі пісьменнікамі, які крайне абвастрыўся пасля стварэння холдынгу “ЛіМ”, выглядае абсалютна верагодна. Па-першае, трэба спыніць байкот з боку літаратараў у дачыненні да холдынгавых выданняў: вельмі многія не хочуць там ні працаваць, ні друкавацца. Таму варта чакаць у холдынгу шэрагу прызначэнняў, якія будуць ухваленыя ў пісьменніцкіх колах. Па-другое, неўзабаве адбудзецца з’езд Саюза пісьменнікаў. Прычым не выключана, што наспявае раскол і ў верасні пройдуць адразу два пісьменніцкія з’езды. Адзін з іх збіраецца ладзіць праўладная пісьменніцкая групоўка у саюзе. Таму, каб перацягнуць на свой бок як мага больш літаратараў, улады паспрабуюць ім спадабацца ўяўнай беларусізацыяй. Прычым на фоне таго адлупу, які дае Лукашэнка Пуціну, такія жэсты улады перад пісьменнікамі могуць выглядаць вельмі нават праўдападобна.