Эн Спекхард сумуе па беларускім снезе


Дэніел і Эн Спекхарды. Фота БДГ

"Вы першы журналiст, якi дорыць мне кветкi!" — усмiхнулася з парога адной з мiнскiх кватэр жонка былога амбасадара ЗША ў Беларусi, а цяпер памочнiка генеральнага сакратара НАТО па палiтычных пытаннях Дэнiела Спекхарда. Энергiчная i фантастычна абаяльная Эн Спекхард зноў у Мiнску. Яна прыехала не ў першы раз да нас з Бруселя, дзе зараз жывуць Спекхарды, каб сабраць матэрыялы для чарговай часткi кнiгi пра вязняў мiнскага гета, якiя выжылi падчас Халакоста.





Кнiгу Эн пiша, натуральна, на англiйскай мове, але потым збiраецца перакласцi яе на рускую альбо беларускую мову. Аўтар вельмi спадзяецца, што кнiгу хутка можна будзе набыць у мiнскiх крамах...





— Спадарыня Спекхард, раскажыце, калi ласка, больш падрабязна пра мэту вашага вiзiту на Беларусь...





— Я псiхолаг i выкладаю ва унiверсiтэце. Тут, у Беларусi, я займаюся навуковымi даследаваннямi, што тычацца Халакоста, цi масавых забойстваў яўрэяў падчас Другой сусветнай вайны. У сваёй кнiзе я спрабую змясцiць iнфармацыю з 60 iнтэрв'ю, якiя мне ўдалося ўзяць у людзей, якiя трапiлi некалi ў мiнскае гета. Падчас кожнага наведвання Беларусi я спрабую ўбачыцца як мiнiмум з пяццю ахвярамi Халакоста, а калi пашчасцiць, то i з дзесяццю. Яны ўжо вельмi сталыя людзi. Фактычна я працую над дзвюма кнiгамi: адна будзе больш акадэмiчнай, для вузкага кола людзей, другая — папулярная на гэтую ж тэму — гiстарычная навела.





— Чаму вы вырашылi заняцца гэтай справай?





— Калi мы яшчэ жылi ў рэзiдэнцыi паслоў у Драздах (гэта былi 97-98-ы гады) я атрымала лiст ад свайго сябра, якi прасiў даслаць iнфармацыю пра Трасцянец — чацвёртае па масавасцi месца забойств, якiя ўчынiлi нацысты ў Еўропе. Да майго сораму, я нiчога не ведала пра Трасцянец, думала, што гэта не ў Мiнску. Я ведала толькi пра Яму. Калi мы з маiм мужам Дэнiелам зайшлi ў музей Халакоста ў Вашынгтоне, будынак якога, дарэчы, такi ж вялiкi, як будынак прэзiдэнцкай Адмiнiстрацыi ў Мiнску, нам далi па нашым запыце толькi шэсць старонак iнфармацыi пра Трасцянец. Мне падалося, што гэта амаль нiшто. Калi мы зноў прыехалi ў Мiнск, я папрасiла ў Яўрэйскiм камiтэце, каб мяне адвезлi ў Трасцянец. Я ўжо не магла спакойна жыць, мне хацелася ведаць усё пра трагедыю Халакоста, пра трагедыю Трасцянца.





— Якiм было ваша першае iнтэрв'ю з ахвярай Халакоста? Што вы адчувалi?





— Яе звалi Фрыдай. Я плакала. Гэта была сапраўды жудасная гiсторыя. Фрыда i яе мацi жылi ў гета як сапраўдныя рабы. Мацi папрасiла адну беларуску, каб тая забрала яе дачку, таму што яна не зможа выжыць у гета. Мацi сказала беларускай жанчыне, што збiраеццца збегчы ў партызаны, але разам з дачкой зрабiць гэта не зможа... Фрыдзе было ў той час усяго пяць гадоў. Мацi ёй сказала: лезь пад плот на вулiцу, там убачыш грузавiк — схавайся ў кузаў. Фрыда палезла пад плот, азiрнулася i зразумела, што бачыць мацi ў апошнi раз... Я сапраўды плакала, калi слухала гэта... Калi вяртаюся дахаты пасля таго, як паслухаю такiя гiсторыi, мне цэлы тыдзень сняцца жахi.





— Тым не менш вы працягваеце займацца кнiгай...





— Я лiчу гэтую спрау вельмi важнай. Таму што хутчэй за ўсё я з'яўляюся першым слухачом многiх ахвяр Халакоста. Шмат хто з гэтых людзей казаў мне пра гэта. У сталiнскiя часы i нават пасля iх яны вырашалi маўчаць пра сваё мiнулае, таму што савецкiя ўлады маглi iх абвiнавацiць ў супрацоўнiцтве з нямецкiмi акупацыйнымi ўладамi. Гэта жудасна — людзi выжылi пад нацысцкiм рэжымам, i iм было забаронена пра гэта нешта распавядаць ужо пры iншым рэжыме — савецкiм.





— Якiя яшчэ гiсторыi вас уразiлi?





— Гiсторыя пра жанчыну, якая на некалькi дзён аддала сына сваёй мацi напярэдаднi вайны. Праз два днi пачалася вайна, мацi i сын апынулiся ў розных гета: яна — у мiнскiм, а яе мацi, сын i муж — у вiцебскiм. Потым яна ўзнала, што ўсё вiцебскае гета расстралялi. Яна вельмi перажывала, але потым хтосьцi ёй паведамiў, што яе мацi жыва i жыве недзе на Далёкiм Усходзе... Такiх хвалюючых гiсторый пра мацi i сына, пра мужа i жонку вельмi шмат. Я iх вельмi люблю, але разумею, што трэба спяшацца. На жаль, мае героi вельмi хутка пакiдаюць гэты свет...





— Як часта вы прыязджаеце ў Беларусь?





— Як атрымлiваецца. Праблема ў тым, што няма фонду, якi б мяне фiнансава падтрымлiваў у маёй цяперашняй працы.





— Iншымi словамi, вы прыязджаеце сюды i працуеце за свой кошт?





— Так. Часам я жартую, што мой муж — гэта мой фонд (смяецца). Аднойчы нямецкая авiякампанiя "Люфтганза" аплацiла мне бiлет у Мiнск i назад у Брусель...





— Адыходзячы крыху ад тэмы вашай кнiгi, скажыце, калi ласка, цi шмат у вас сяброў у Беларусi?





— Вельмi шмат. Тут, у гэтай кватэры, вы бачыце Алу — мастачку, якая малюе на шоўку. Калi мы жылi ў Мiнску, яна вучыла маляваць усiх нашых дзяцей — Джэсiку, Дэнiела i Леу.





— Цi сябруеце з сям'ёй цяперашняга амбасадара ЗША ў Беларусi Майкла Козака?





— Безумоўна. У першы раз, калi я прыязджала ў нашу былую рэзiдэнцыю, калi ў ёй ужо жылi Козакi, жонка амбасадара ў жарт папрасiла мяне не пiць шмат вiна, каб я выпадкова не пайшла адпачываць у iх спальню, а не ў пакой для гасцей (зноў гучна смяецца). Калi сур'ёзна, мы падтрымлiваем добрыя сяброўскiя адносiны i, калi ёсць магчымасць, — сустракаемся.





— Вы зараз пражываеце ў Бруселi. Чаго беларускага вам не хапае?





— Шмат чаго i шмат каго. Напрыклад, у Бельгii вельмi сумую па снезе. Па беларускiх азёрах. Мне не хапае лазнi. Мне не хапае картачнай гульнi ў дурня. Мне вельмi не хапае стылю адносiн да iншаземцаў, якi ёсць у Беларусi i якога няма ў Бельгii.





— Што вы маеце на ўвазе?





— У Бельгii не любяць iншаземцаў. У Беларусi да нас заўсёды ставяцца з вялiкай цiкавасцю i гасцiннасцю. Мне сапраўды падабаецца жыць тут i бываць у гасцях.





— Вы сказалi, што любiце гуляць у дурня...





— Сапраўды, так. Прызнаюся вам шчыра, што ўся мая сям'я, дзякуючы мне, навучылася гуляць у дурня.





— Якiя словы ведаеце па-беларуску? (Размова iшла па-англiйску. — А.С.)





— Калi ласка i дзякуй. Таксама я ведаю колеры вашага нацыянальнага сцяга.





— Сапраўднага сцяга?





— Так.





— Наколькi я ведаю, у гэтым годзе вы пакiнеце Еўропу i паедзеце дахаты, у ЗША. Як будзеце падтрымлiваць сувязi з беларускiмi сябрамi?





— На жаль, пераважна праз электронную пошту.





Гутарыў Алесь СIЛIЧ. Народная Воля"