«МОВА»: у абласных цэнтрах пачалася ўсталёўка асаблівых арт-аб’ектаў

У шасці найбуйнейшых гарадах Беларусі з’явяцца арт-інсталяцыі са скульптур-літар, якія разам утвараюць слова «МОВА».

Мантаж першай з іх ужо завяршаецца на вуліцы Кірава ў Гомелі, а на працягу найбліжэйшых двух месяцаў кампанія А1 сумесна з ініцыятывай «Веліч роднай мовы» ўсталюе серыю такіх аб’ектаў таксама ў Брэсце, Магілёве, Віцебску, Гродне і Мінску.

Усе літары ўяўляюць з сябе вулічную мэблю з дрэва і металу і маюць свой колер — у гэтым галоўная адметнасць арт-аб'ектаў. Па задуме іх аўтара, беларускага скульптара Паўла Вайніцкага, колеравая гама для інсталяцый у Гомелі, а таксама Брэсце, Магілёве, Віцебску, Гродне і Мінску падбіралася так, каб паказаць культурныя, гістарычныя і ландшафтныя адметнасці кожнага рэгіёна краіны.

Пасля ўсталёўкі каля кожнага арт-аб’екта плануецца стварэнне сеткі бясплатнага Wi-Fi ад А1.

Чырвоны, чорны, зялёны, жоўты ці залацісты, шэры і розныя адценні сіняга — асноўныя колеры, якія на працягу стагоддзяў атачалі беларусаў у побыце, архітэктуры і прыродзе. Гэта адлюстравана ў даследаваннях, на якіх грунтуецца ідэя праекта «МОВА», — канцэпцыі нацыянальных колеравых упадабанняў дызайнера, мастака і паэта Міхала Анемпадыстава (апісана ім у кнізе «Колер Беларусі»), а таксама рэканструкцыях народных строяў этнографа Міхаіла Раманюка.

«Зварот да культурнай памяці беларускага народа, пэўны заклік да сузірання і стварэння асаблівай атмасферы для ўспрымання духоўных каштоўнасцей, усталявання новых сацыяльных сувязяў праз гарманічнае ўключэнне ў гарадское асяроддзе арт-аб'екта — сімвала роднай мовы, але выкананага па прынцыпах папулярнага кірунку ў сучасным мастацтве public art — асноўная задума гэтай маштабнай мастацкай і сацыяльнай ініцыятывы. Распрацоўка для кожнага рэгіена Беларусі ўнікальнага арт-аб’екта з яго адметнасцямі і ўласцівасцямі — вельмі істотна і актуальна. Вялікая каманда рэалізатараў праекта не мае сумневаў у гэтым»,расказаў ініцыятар праекта «Веліч роднай мовы» Захар Дудзінскі.

Інсталяцыя ў Гомелі размешчана на вуліцы Кірава, 32а — побач з Інстытутам механікі металапалімерных сістэм. Для яе падабрана спалучэнне блакітнага, жоўтага, шэрага, чырвонага і чорнага колераў. Большасць з іх традыцыйна выкарыстоўваецца ў афіцыйнай геральдыцы Гомельшчыны. Акрамя таго, гэты рэгіён — поўдзень Беларусі, яе курортная частка, якую перасякаюць найбуйнейшыя рэкі краіны: Сож, Дняпро і Прыпяць. Водны ландшафт, пяскі пляжаў і водмеляў, мноства яго зялёных паркаў — усё гэта выяўляецца праз мяккія рэлаксацыйныя колеры арт-аб’екта.

У Брэсце такая інсталяцыя будзе ўсталявана на перасячэнні вуліцы Савецкай і набярэжнай Францыска Скарыны. Для яе выбрана гарманічнае спалучэнне зялёнага, розных адценняў сіняга, чырвонага і чорнага.

Затым арт-аб'ект з'явіцца на Траецкай набярэжнай Магілёва. Ён будзе з сімвалаў зялёнага, блакітнага, жоўтага, чырвонага і чорнага колераў.

У Віцебску на вуліцы Леніна перад мастом 1000-годдзя будзе ўсталявана «МОВА», выкананая ў характэрных колерах творчага аб'яднання УНОВІС — жоўтым, чырвоным, чорным, залатым і сінім.

Жоўты, розныя адценні сіняга, чырвоны і чорны — такое спалучэнне падабрана для скульптур на вуліцы Маставой у Гродне. У Мінску ў скверы Адама Міцкевіча з'явіцца кампазіцыя з сіняга, зялёнага, жоўтага, чырвонага і чорнага сімвалаў.