Купалаўскі тэатр запрашае на анлайн-прагляды сваіх спектакляў

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы арганізуе праект “Тыдзень Купалаўскага online”.

На працягу тыдня гледачы змогуць убачыць шэраг рэпертуарных спектакляў Купалаўскага тэатра нават не выходзячы з дому. Прагляд спектакляў будзе даступны з камп’ютэраў і мабільных прыладаў абсалютна бясплатна без тэрытарыяльных абмежаванняў.

Старт праекта запланаваны на 27 сакавіка, у Міжнародны дзень тэатра. У гэты вечар на галоўнай сцэне тэатра будзе паказана візітоўка Купалаўскага тэатра — спектакль “Паўлінка”.

Прамую трансляцыю спектакля можна будзе паглядзець ў мабільным прыкладанні VOKA ці на сайце voka.tv з любой прылады і ў сетцы любога аператара Беларусі і іншых краін свету нават без аўтарызацыі.

29 сакавіка праз спасылку на сайце і ў сацыяльных сетках тэатра будзе даступна трансляцыя запісу спектакля “Школа падаткаплацельшчыкаў” — яркай і іранічнай французскай камедыі паводле твора Луі Вернэя і Жорж Бэра.

31 сакавіка будзе даступны прагляд запісу спектакля “Вельтмайстар-акардэон” — папулярнага спектакля-канцэрта паводле твораў Марка Мермана ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна з удзелам аркестра Купалаўскага тэатра.

Запіс спектакля з рэпертуара Камернай сцэны “Ураджай” можна будзе паглядзець 2 красавіка. Адметная пастаноўка Дзмітрыя Цішко створана паводле твора аднаго з самых вядомых сучасных беларускіх драматургаў Паўла Пражко.

Спасылкі на online-трансляцыю і прагляд запісаў спектакляў будзе даступны на сайце kupalauski.by і ў сацыяльных сетках таэтра.