Прэм’ера кліпа. Зміцер Вайцюшкевіч напісаў песню “25 сакавіка” на верш Уладзіміра Някляева

25 сакавіка да 102-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі грамадскія кампаніі “Будзьма беларусамі!” і “Годна” прэзентуюць кліп і песню “25 сакавіка” ў выкананні Змітра Вайцюшкевіча на верш Уладзіміра Някляева.

 

 

“У студзені я ехаў на машыне і падумаў, што не ведаю песні пра 25 сакавіка, дзе б гучалі менавіта гэтыя словы — 25 сакавіка. Таму я звязаўся з Уладзімірам Някляевым і папрасіў яго напісаць верш. Так нарадзілася песня”, — распавёў пра стварэнне песні Зміцер Вайцюшкевіч.

Кліп на гэтую песню быў зняты творчым аб’яднаннем “Інакш”.

 

25 САКАВІКА

Калі мы з табой мужчыны,

Калі мы не ветры ў полі,

Калі любім мы Айчыну

Як сябе — і нават болей,

Дык тады скрозь нашы целы,

Скрозь пакуты ўсе і болі

Між аблок чырвона-белых

Пралятаюць птушкі волі.

 

ПРЫПЕЎ:

25-га сакавіка

Лёд зімовы ламае рака,

І лунае, як ластаўка,

25-га сакавіка.

25-га сакавіка

У руцэ — каханай рука,

Напаўняе душу да крайка

25-га сакавіка.

 

Калі мы з табой мужчыны,

Калі носім гэта званне,

Нам з табой няма спачыну

Ні ў каханні, ні ў змаганні.

У каханні да жанчыны,

Што праводзіла ў дарогу,

У змаганні за Айчыну,

Што нам дадзеная Богам.

 

Сёння, 25 сакавіка, Зміцер Вайцюшкевіч стане госцем анлайн-свята “Годны Дзень Волі”.