Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў і А1 прэзентуюць каляндар з беларускімі прыказкамі

Да Новага года Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў выпусціла мастацкі каляндар “Добрыя жарты”. У яго распрацоўцы бралі ўдзел наведвальнікі Мінскага клубнага дома “Адкрытая душа” — цэнтра рэабілітацыі для людзей з псіхічнымі захворваннямі.

Прэзентацыя выдання адбудзецца 18 снежня ў сталічным Палацы мастацтва. Уваход вольны па рэгістрацыі

Каб падрыхтаваць гэты каляндар, спецыялісты Мінскага клубнага дома “Адкрытая душа” разам з наведвальнікамі цэнтра прачыталі каля 8000 беларускіх прыказак, асэнсавалі іх ды абралі некалькі дзясяткаў найбольш цікавых, пасля чаго ўжо прапанавалі свае ідэі беларускай мастачцы Таццяне Быц.

“Быў бы сад, а салаўі прыляцяць”, “Гаспадарку весці — не барадой трэсці”, “Абы бог да добры людзі, то ўсё добра будзе” — кожны месяц у календары пачынаецца з падобнага паслання.

“Народныя прыказкі — мудрасць, здольная прымусіць чалавека задумацца і падняць настрой. Мы сабралі вясёлыя і яркія беларускія прыказкі, а мастачка Таццяна Быц праілюстравала кожную з іх у незвычайным стылі, які спалучае ў сабе авангард і народныя матывы. Нам важна было выпусціць гэты каляндар, над якім разам працавалі нашы спецылісты і ўдзельнікі рэабілітацыйных праграм. І мы вельмі ўдзячныя кампаніі А1 за патрымку гэтай ініцыятывы. Дзякуючы дапамозе напярэдадні калядных і навагодніх святаў мы маем магчымасць зрабіць такія прыгожыя падарункі, якія будуць радаваць і цешыць шмат людзей цягам наступных 12 месяцаў”, — адзначылі ў Беларускай асацыяцыі сацыяльных работнікаў.

Мінскі клубны дом “Адкрытая душа” — праект Беларускай асацыяцыі сацыяльных работнікаў па падтрымцы людзей з псіхічнымі растройствамі. У тых, хто туды прыходзіць, розныя жыццёвыя гісторыі, але ўсіх іх яднаюць аднолькавыя жаданні пераадолець наступствы псіхічных хвароб, навучыцца чамусьці карыснаму і знайсці сяброў.

Уся работа ў цэнтры арганізавана так, каб удзельнікі рэабілітацыйнай праграмы вярнулі сабе адчуванне ўласнай значнасці і ўпэўненасць у сваіх сілах, адчулі падтрымку і атрымалі магчымасць узаемадзейнічаць разам з іншымі людзьмі.

Прэзентацыя календара будзе праходзіць з удзелам аднаго з самых вядомых даследчыкаў беларускага народнага фальклору — лідара этна-трыа “Троіца” Івана Кірчука, які ў межах сацыяльнага праекта “Добрыя жарты” прадставіць гасцям імпрэзы свой знакаміты монаспектакль “Дарожка мая...”, створаны па матэрыялах беларускага фальклора.