Лукашэнка: Дзень беларускага пісьменства — добрая нагода яшчэ раз звярнуцца да спрадвечных нацыянальных традыцый

Сёння, 31 жніўня, ў Слоніме (Гродзенская вобласць) ўрачыста адкрыўся 26-ы Дзень беларускага пісьменства. Прэзідэнт краіны звярнуўся да гасцей і ўдзельнікаў свята.

Photo: president.gov.by

«Святочную эстафету сёлета гасцінна прымае Слонім — адзін са старажытнейшых гарадоў Беларусі, які за сваё шматвяковае існаванне не аднойчы гераічна пераадольваў суровыя выпрабаванні. Ён захаваў гістарычныя карані і цяпер гарманічна спалучае ў абліччы мінулае і сучаснасць», адзначаецца ў звароце.

Па словах Лукашэнкі, вялікая місія Дня пісьменства — аб'ядноўваць усіх беларусаў свету, перадаваць новым пакаленням літаратурныя і мастацкія скарбы нашага народа, любоў да матчынай мовы, выхоўваць беражлівыя адносіны да помнікаў даўніны, садзейнічаць умацаванню пачуцця гонару за Радзіму.

«Гэта ўрачыстае свята займае пачэсную пазіцыю сярод важнейшых падзей культурнага жыцця краіны і з'яўляецца добрай нагодай яшчэ раз звярнуцца да спрадвечных нацыянальных традыцый і асэнсаваць іх месца ў цяперашнім часе», запэўнівае кіраўнік дзяржавы.