Пяцітомны збор “Дзённікаў і запісаў” Рыгора Барадуліна будзе прэзентаваны 1 сакавіка

1 сакавіка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца прэзентацыя пяцітомнага збору “Дзённікаў і запісаў” народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна.

Пяцітомнік выдадзены у межах серыі “Людзі Беларусі”, заснаванай Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

У першы выпуск дзённікаў і запісаў (1951-1969) Рыгора Барадуліна ўвайшлі вершы, якія не друкаваліся ў ранейшых зборніках, сяброўскія эпіграмы, віншаванні, дарчыя надпісы, а таксама малюнкі і аўтографы яго сяброў і знаёмых. Упершыню была надрукаваная самая першая невядомая раней паэма “Зацвітаюць купавы” (1958-1959), прысвечаная лёсу бацькоў паэта. Асобныя спасылкі на творы аўтара дапамогуць асабліва ўважлівым да яго жыцця, асобы і творчасці чытачам арыентавацца ў вялікай творчай спадчыне паэта.

У другім выпуску (нататнікі за 1970-1978 гг.) сабраныя рабочыя штодзённікі, запісы шматлікіх паездак па гарадах і вёсках Беларусі, па рэспубліках Савецкага Саюза, а таксама зацемкі аб пабачаным ў падарожжы ў Фінляндыю, Швецыю і Данію.

Трэці выпуск “Дзённікаў і запісаў. 1979-1982” змяшчае тэксты аб працяглых паездках паэта на Кубу, у Балгарыю, Італію, Чэхаславакію, у многія рэспублікі Савецкага Саюза, а таксама па Беларусі.

Чацвёрты выпуск “Дзённікаў і запісаў” ахоплівае 1983-1988 гады і адметны нататкамі Барадуліна пра яго ўдзел у працы ХХХІХ сесіі Генеральнай асамблеі ААН у складзе дэлегацыі БССР і пра паездку ў далёкія і загадкавыя Індыю і Непал, а таксама не менш цікавыя — у Францыю, Балгарыю, Польшчу і пра больш звыклыя — у рэспублікі Савецкага Саюза і дарагія сэрцу родныя мясціны.

Пяты выпуск “Дзённікаў і запісаў. 1989-1991” яскрава адлюстраваў новы час нашай гісторыі — перабудова, дэмакратыя, галоснасць, а за імі нечаканае знікненне СССР і нарэшце — незалежнасць Беларусі і іншых рэспублік былога Савецкага Саюза. Адбыліся паездкі паэта ва Украіну, Узбекістан, Таджыкістан і Туркменію, а таксама ў Кітай і Францыю. Таксама ў гэтую кнігу увайшлі вершы, раней не друкаваныя ў зборніках паэта, а таксама вясёлыя сяброўскія віншаванні, невядомыя фатаздымкі, прысвячэнні і малюнкі.

На вечарыне выступяць складальніца пяці тамоў “Дзённікаў і запісаў” Наталля Давыдзенка, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч, намеснік старшыні Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” кнігазнаўца Валер Герасімаў; кіраўнік Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца; паэт, эсэіст, былы калега Барадуліна па працы ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” Леанід Дранько-Майсюк; найбліжэйшы сябра апошніх гадоў жыцця Барадуліна музыка Алесь Камоцкі.

Падчас прэзентацыі можна будзе набыць кнігі “Дзённікаў і запісаў” са зніжкай. Пачатак: 18:00. Уваход вольны!