У Мінску прэзентуюць кнігу Сяргея Абламейкі пра Францыска Скарыну

29 траўня ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў Мінску адбудзецца прэзентацыя новай кнігі доктара гістарычных навук, пісьменніка і журналіста Сяргея Абламейкі «Нечаканы Скарына». Яна складаецца з аўтарскага эсэ і ягоных інтэрв’ю з айчыннымі ды замежнымі навукоўцамі пра эпоху і дзейнасць беларускага першадрукара Францыска Скарыны.

Фота “Радыё Свабода”

«Сяргей Абламейка выдатна ведае гнёзды скарыназнаўства і адважна апускаецца ў ягоныя небясьпечныя віры, выступаючы ня столькі папулярызатарам, як удумлівым і дасьціпным дасьледчыкам, — гаворыць пісьменнік Уладзімір Арлоў. — Эсэ «Нечаканы Скарына» мае выразную гістарыясофскую «падкладку», што, бясспрэчна, робіць яго цікавым як шараговым аматарам гісторыі, так і прафэсійным служкам цэлага суквецьця гуманітарных навук. Калі вы шукаеце адказы на пытаньні: «Ці ўсю Біблію пераклаў Скарына?», «У якую царкву ён хадзіў?», «Чые партрэты ён зашыфраваў у Бібліі?», «Ці дыскутаваў ён у Вільні з Парацэльсам?», «Дзе ўзяць ДНК для пошуку нашчадкаў першадрукара?» або нават «Ці хацеў Скарына атруціць Лютэра?» — значыць, гэтая кніга для вас».

Кніга Сяргея Абламейкі «Нечаканы Скарына» выйшла ў бібліятэчнай серыі Радыё Свабода.

Пачатак прэзентацыі — ў 18:30.