100-я ўгодкі БНР адсвяткавалі і ў Нью-Джэрсі. З прамовай выступіў Зянон Пазьняк

25 сакавіка ў Нью-Джэрсі сумесна адсвяткавалі 100-я ўгодкі БНР бруклінскі і нью-джэрсійскі аддзелы Беларуска-Амерыканскага Задзіночання і БАЗ "Пагоня".

А 10-й раніцы пачалося набажэнства з малітвай за Беларусь у царкве Святое Жыровіцкае іконы Божай Маці ў Гайленд-парку, пасля чаго госці накіраваліся ў рэстаран гатэлю Hyatt у Нью-Брансуіку, дзе адбыўся урачысты сход са святочным абедам і канцэрт.

З віншавальнымі прамовамі выступілі ганаровыя госці: першы амбасадар ЗША ў Беларусі Дэвід Суорц і Джон Кунстадтар — былы намеснік амерыканскай амбасады ў Беларусі. Асабліва цёпла была сустрэта публікай прамова Джона Кунстадтара, бо ён прамаўляў па-беларуску.

Далей выступілі кіраўнікі нью-джэрсійскага аддзела БАЗА Юрка Азарка і БАЗ "Пагоня" Віталь Зайка.

Прамова Зянона Пазьняка была прысвечаная значэнню стварэння БНР для набыцця незалежнасці Беларусі.

 

 

Ва ўрачыстай імпрэзе ўзялі удзел таксама госці з Беларусі: намеснік старшыні КХП-БНФ Юры Беленькі, грамадскі дзеяч з Ліды Валеры Мінец і мастак Іван Мікулка, які падарыў амерыканскім беларусам герб "Пагоня", выразаны з дубу.

У святочным канцэрце прымалі ўдзел бард Сяржук Сокалаў-Воюш і сям'я музыкаў Пархоменка-Казакоў.