«Радзіва «Прудок» стане спектаклем. Прэм’ера — 16 мая ў Купалаўскім

16 мая ў Купалаўскім тэатры адбудзецца прэм’ера спектакля па матывах кнігі Андруся Горвата «Радзіва «Прудок». Рэжысёрам выступае вядомы акцёр Раман Падаляка.

«Радзіва «Прудок» распавядае пра мінскага журналіста і дворніка Купалаўскага тэатра Андруся Горвата, які вырашыў з'ехаць у вёску Прудок аднаўляць дом свайго дзеда і прамяняў мітусню вялікага горада на радасці вясковага жыцця і блізкасць да ўласных каранёў. Свае ўражанні ён спачатку размяшчаў на асабістай старонцы ў Facebook, потым гэтыя запісы сталі кнігай. А з 16 мая кніга стане спектаклем.

У 2017 годзе «Радзіва «Прудок» атрымала прэмію «Дэбют» імя Максіма Багдановіча і ўвайшла ў шорт-ліст прэміі імя Ежы Гедройца. Кніга Андруся Горвата стала сапраўдным бэстсэлерам сучаснай беларускай літаратуры. Тыраж у 1000 асобнікаў быў распрададзены ў Купалаўскім тэатры за лічаныя гадзіны.

«Андрусь Горват — наш даўні сябар яшчэ з часу яго працы ў тэатры. Пасля ад'езду ў Прудок ён напісаў кнігу. Ідэю паставіць спектакль мы абмяркоўваем ўжо даўно. Я вельмі рады і ўдзячны ўсім, што зараз такая магчымасць у нас з'явілася», — распавядае Раман Падаляка.

Напрыканцы 2017 года Раман Падаляка падаў свой праект «Радзіва «Прудок» на конкурс рэжысёрскіх эксплікацый Міністэрства культуры і стаў адным з шасці лаўрэатаў, якія атрымалі грант на пастаноўку.

«Ідэя стварэння спектакля прывабіла мяне адразу. Разам з акторамі Купалаўскага тэатра мы пачалі шукаць спосабы яе мастацкай рэалізацыі. Па матывах адной з гісторый Андруся мы знялі караткаметражны фільм «Ягор», які прыняў удзел у фестывалі мабільнага кіно velcom Smartfilm. Фільм быў удастоены прыза глядацкіх сімпатый», — адзначыў Раман Падаляка.

«Думаю, калі і можна казаць аб нейкім фенамене папулярнасці маёй кнігі, гэта тое, што яна дапамагла тым, хто забыў, ўспомніць, а тым, хто не здагадваўся, — зразумець, як важна ведаць і любіць месца на гэтай зямлі, адкуль ты выйшаў, і не саромецца любіць яго. Ва ўсялякім выпадку, гэта важна для мяне, і таму менавіта так мне хацелася б лічыць. І калі праз спектакль гэтая ідэя знойдзе яшчэ адну сцежачку ў думкі і сэрцы гледачоў, я буду толькі рады», — адзначыў Андрусь Горват.

Спектакль будзе пастаўлены на Камернай сцэне тэатра, якая з'яўляецца пляцоўкай для рэалізацыі эксперыментальных праектаў маладых рэжысёраў. Упадабаныя чытачамі вобразы прудкоўцаў увасобяць Святлана Анікей, Міхаіл Зуй і Зміцер Есяневіч.

Генеральным партнёрам спектакля выступіла кампанія velcom, якая традыцыйна надае вялікую ўвагу праектам, прысвечаным падтрымцы беларускай мовы, літаратуры і нацыянальнай самаідэнтыфікацыі.