Кіраўнікі дыпмісій Велікабрытаніі, Румыніі і Ізраіля прачыталі вершы беларускіх класікаў

Кіраўнікі дыпмісій Велікабрытаніі, Румыніі і Ізраіля ў Беларусі падтрымалі паэтычны флэшмоб і прачыталі вядомыя вершы беларускіх класікаў.

Выбар дыпламатаў упаў на творы Якуба Коласа і Пімена Панчанкі, а прэзентацыя відэаролікаў адбылася ў Дзень роднай мовы. Раней да флэшмобу ў рамках праекта «Чытаем па-беларуску з velcom» далучыліся іх калегі з іншых замежных місій, і таксама прачыталі беларускія творы.

Пасол Румыніі Віярэл Машану, прачытаў верш Якуба Коласа «Надыход зiмы», які адлюстроўвае эмоцыі, уласцівыя для гэтай пары года.

 

 

Пасол Ізраіля Алан Шогам абраў іншы твор Якуба Коласа — «Многа слаўненькiх куточкаў ...». Дыпламат таксама перавёў паэтычныя радкі на родную мову. Так вершы беларускага класіка прагучалі і на іўрыце.

 

 

Кіраўнік пасольства Велікабрытаніі Фіёна Гіб прачытала верш Пімена Панчанкі «Мала сказаць: ненавiджу ...».

 

На пачатку зімы вершы беларускіх аўтараў ужо прачыталі прадстаўнікі дыпмісій Швецыі, Славакіі, Чэхіі, Фінляндыі, Кыргызстана, Італіі, ЗША, Рэспублікі Карэя і Украіны. Таксама да праекту далучыліся студэнты ўсіх факультэтаў Беларускага дзяржаўнага універсітэта, якія запісалі відэа з чытаннем беларускіх твораў.

Паэтычны флэшмоб праводзіцца ў падтрымку рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў сярод вучняў 7 і 8 класаў «Чытаем па-беларуску з velcom». Удзельнікі конкурсу з усёй Беларусі даслалі на конкурс 2048 відэа з чытаннем твораў са школьнай праграмы па беларускай літаратуры. З лютага па красавік праходзяць рэгіянальныя фіналы конкурсу, на якіх пераможцы першага этапу выступаюць перад журы ўжывую. Рэспубліканскі фінал конкурсу адбудзецца ў траўні.