Кампанія “Будзьма!” выдала каляндар на 2017 год з серыі “Не маўчы па-беларуску!”

Кампанія “Будзьма беларусамі” працягвае папулярны праект “Не маўчы па-беларуску” і выдала новы каляндар на 2017 год.

Новы каляндар — гэта 365 арыгінальных малюнкаў ад мастачкі і аўтара ідэі Дар’і Мандзік, падпісаных сакавітымі беларускімі словамі і словазлучэннямі. Дызайнерскае афармленне календара зрабіў Анатоль Лазар (студыя “Адліга”). Кожны месяц — новая тэма і іншая прыказка.

Мінулагоднія выданні календара на 2015 і 2016 год карысталіся вялікім попытам. Так, каляндар “Не маўчы па-беларуску-2016” разышоўся накладам у 10 тысяч асобнікаў. Прычым удала прадаваўся ён не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. А студыя дызайнера Ігара Назаранкі зрабіла мабільную версію календара, якая была дасяжная для бясплатнага спампоўвання.

Новы каляндар “Не маўчы па-беларуску-2017” ужо можна набыць у кніжных крамах.