Галіна Каржанеўская. ВЫБАРЫ. Паскардзімся ваўку на прапажу авечак

Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ

Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ

Нарадзілася на Случчыне ў сям’і аграномаў. З бацькамі пераехала ў Лагойскі раён, дзе некаторы час настаўнічала пасля заканчэння БДУ (філфак). З 1981 г. жыве ў Мінску. Працавала на рэспубліканскім тэлебачанні і ў газеце “Літаратура і мастацтва”. Паэт, крытык, драматург. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Яшчэ да брутальных падзей сёлетніх выбараў адзін грамадзянін цікавіўся, куды звяртацца ў выпадку парушэнняў або непразрыстага падліку галасоў на выбарчых участках. Аўтар Дэкларацыі аб сумленных выбарах Віктар Бабарыка параіў пісаць скаргі непасрэдна ў Цэнтрвыбаркам.

І вось цяпер яго парада спраўдзілася. Падманутыя ў сваіх лепшых спадзяваннях падпісчыкі шукаюць праўды.

Гледзячы на даўжэзную чаргу да Цэнтральнай выбарчай камісіі (у сувязі з нерэгістрацыяй самых моцных канкурэнтаў), прыпомніла я гарачае выбарчае лета 2015-га. Заадно пахвалюся, што ў маім паслужным спісе грамадскага актывіста значацца адны мясцовыя выбары, двое парламенцкіх і прэзідэнцкія 2015 года. У тым годзе пасля назірання мы са знаёмай надумаліся паперціся ў ЦВК.

У нас былі розныя ўчасткі, ідэя належала не мне. Я проста праявіла салідарнасць і пайшла, можна сказаць, за кампанію. На маім участку ўсё было гэтак жа, як і заўжды: падлікі яўкі рэзка разыходзіліся. Мы нават адсачылі скранутую пячатку на скрыні. Без здымка, само сабой, даказаць укід не было магчымасці. Камандаваў працэсам не старшыня камісіі — малады дырэктар гімназіі, а яго намеснік  з добрай вайсковай выпраўкай.

У ЦВК дзяжурны на вяртушцы адразу запісаў нумары ўчасткаў, якія “засвяціліся”. Потым нас двойчы абшукалі (залезлі нават у патайныя кішэнькі сумак) і прапусцілі праз металашукальнік. Яно, канешне, лагічна: знае кошка, чыё мяса з’ела…

Самой Ярмошынай, на шчасце, не аказалася, а можа яе там прыхоўвалі ад такіх, як мы. Спакойны, ветлівы клерк не стаў нас адгаворваць і прама сказаў: усё, што мы напішам, ляжа на стол у акруговай камісіі. Дык ці ёсць сэнс?

Сэнс, напэўна, быў, толькі мы яго не прасеклі і скаргі сваімі ручкамі панеслі ў інстанцыю ніжэйшую. Атрымалі, зразумела, адпіскі пад капірку.

Такія ж фармальныя адказы атрымліваюць на свае скаргі прэтэндэнты, якія перажылі “падлік” і стрэс на ўчастку. Ім ставяць колькасць галасоў у залежнасці ад ступені іх лаяльнасці (нелаяльнасці). Ніхто з іх не ведае свайго рэальнага рэйтынгу, бо працэнты, як вядома, размяркоўваюцца ву-у-унь там, а сапраўдныя лічбы — тайна вялікая ёсць.

І вось праз шмат гадоў тэлефаную я сваёй кампаньёнцы: а што за ўчастак у вас быў, з якой нагоды вы імкнуліся ў “святая святых”? Выявілася, што на мінулых прэзідэнцкіх назірала яна на вуліцы Адзінцова, у школе, і толькі  пазней “апазнала” старшыню, яго намесніцу і асобных ідэалагічна правераных медсясцёр у паліклініцы № 20 па месцы жыхарства. А думала, што ў камісіі настаўнікі! І цяпер канстатуе: “Усё, што яны рабілі, ім вельмі не падабалася”.

Галоўрач нікому не грубіў, не выганяў і толькі ў асноўны дзень, пры падліку, праявіў жалезную волю. Сем метраў адлічылі — і бліжэй ні на крок! Адзін журналіст прасіўся, каб хоць на метр, хоць на паўметра бліжэй да стала, каб штосьці ўгледзець, але яму не дазволілі.

“Хуценька-хуценька складвалі гару паперак, ніякага падліку пры такой хуткасці быць не магло”.

Назіральнікі ад РФ, як заўсёды, засведчылі поўны парадак на нашых смешных выбарах. Ім чым горш, тым лепш. Каб не іх падыгрыванне “вечна дзеючаму”, у нас даўно б адбылася ратацыя!

“А чаму б ім не выпусціць бюлетэні розных колераў? — запознена падае рацыяналізатарскую прапанову іая занёмая. — І лічыць было б не абавязкова. Ляжала б адна чырвоная паперка…” І нейтральна паведамляе, што той галоўны ўрач праз нейкі час памёр ад раку. Што ж, бывае… Вечная памяць фальсіфікатарам усіх часоў і народаў!

Якая з усяго гэтага выснова?

Некаторыя прэтэндэнты на вышэйшую пасаду настолькі не цікавіліся грамадска-палітычным жыццём Беларусі, у такіх завоблачных высях луналі іх прафесійныя і чалавечыя інтарэсы, што яны аказаліся не менш адарванымі ад рэчаіснасці, чым сам Лукашэнка.

Якімі сумленнымі будуць выбары на гэты раз, ужо відно нават прастадушнаму Бабарыку, якому я шчыра спачуваю. На службовы падлог мы зможам скардзіцца хіба што Госпаду Богу. Бо несці скаргі ў кантору пад назвай “ЦВК” — усё адно што скардзіцца ваўку на прапажу авечак.

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.