Зміцер Ямпольскі. МЫ. Бабарыка як кліч абуджэння для хобітаў

Раскладваем па паліцах любімую кнігу галоўнага апанента ўлады.

Зміцер ЯМПОЛЬСКІ

Зміцер ЯМПОЛЬСКІ

Нарадзіўся ў Менску. Журналіст вольных думак, вольных пачуццяў.

Пра Віктара Бабарыку і кнігу, якую ён раіў чытаць усім нам, “Паўстанне мас”, што раптам знікла з усіх менскіх крамаў, ужо пісаў выдатны журналіст Віктар Марціновіч… Ён падкрэсліў, што па любімым кнігах шмат чаго можна сказаць і пра чалавека, і пра яго думкі.

Але вось найлюбімейшы твор сям’і Віктара Бабырыкі “Уладар пярсцёнкаў” застаўся па-за ўвагай. А дарма, бо параўнанні беларусаў з міфічнымі хобітамі вядуцца ўжо шмат гадоў. Ды менавіта гэтая кніга дае больш разумення, чаму чалавек, які дасягнуў у Беларусі і поспеху, і грошай — нечакана кінуў выклік таталітарнай машыне і на што спадзяецца зараз нават за кратамі.

Падчас пандэміі, нарэшце, дачытаў усю трылогію Толкіна на беларускай… Дарэчы, проста цуд, што адну з самых знакамітых гісторый у свеце можна прачытаць на роднай мове. Айчыннага “Уладара пярсцёнкаў” зрабіў перакладчык-аматар і фізік па асноўнай спецыяльнасці Зміцер Магілеўцаў шмат гадоў таму.

Зараз пераклад Толкіна можна вольна спампаваць у сеціве, і, здаецца, яго руплівы стваральнік не зарабіў на ім ані грошыка. Але тэкст атрымаўся цудоўны. Уся трылогія насычаная колькасцю цікавых старажытных слоў, творчым імкненнем скласці з нашай мовы агромністы неверагодны толкінскі свет. Магілеўцаў стараўся зрабіць песню з тэксту, як у арыгінале. Як вынік: кніга лёгка чытаецца, перакладчык зрабіў проста волатаўскаю працу…

Хто бачыў на паліцах усе кнігі трылогіі — той зразумее. Але на гэты пераклад я не знайшоў амаль аніводнай рэцэнзіі, не тое, каб шмат захопленых водгукаў. Мо з-за гэтай няўважлівасці, непапулярнасці, нецікавасці  — больш і нельга адшукаць ў Магілеўцава пераклады на родную мову. Затое на рускую, напрыклад, не пералічыць. Здаецца, чалавек расчараваўся і мо ў душы недзе крыху пакрыўдзіўся.

Некалькі тыдняў таму мне на вочы трапілася, што той самы “Уладар пярсцёнкаў” — любімая кніга Віктара Бабарыкі, і, нарэшце, склалася ўся мазаіка. Тое, на што нават зараз спадзяваецца Віктар Бабарыка і чаму ўвязаўся ва ўсю гэтую небяспечную гульню.

Выбітны літаратуразнаўца Пятро Васючэнка недзе ў 2000-х сказаў, што “Беларусы — гэта апошнія хобіты Еўропы…”

Хобіты — галоўныя персанажы кнігі Толкіна, падчас прыгод яны ператвараюцца з міфічных істот у сапраўдны народ. Журналісты і нават некаторыя пісьменнікі тое падхапілі і стварылі алегорыю, што беларусы, як і хобіты,  таксама вельмі гасцінныя, вельмі любяць дабрабыт, свой кут і чысціню, але пра іх у свеце ніхто ніколі не чуў і не мае ўяўленне. Быццам ёсць народ, быццам яго няма, і тое іх зусім не турбуе.

Пятро Васючэнка казаў, што беларусы, як хобіты — хаваюцца ўласнага ценю… Мяне гэта метафара забаўляла і яе запомніў праз шмат гадоў. Але толькі нядаўна, калі перачытаў усю трылогію цалкам, зразумеў, наколькі аўтар гэтай метафары меў рацыю, але тычыцца яна зусім іншага. Пра што журналісты чамусьці забылі і не пісалі…

Я б параіў усім, нават хто ненавідзець свет Толкіна — прачытаць толькі апошнія старонкі ўсёй яго трылогіі, калі хобіты, нарэшце, пасля сваіх прыгод вяртаюцца да роднай хаты…

У гэты час там пануе пустазелле і рэй вядуць даўгалыгія прыхадні, найміты, кепскія і злыя людзі, якія робяць з хобітамі, што хочуць. Кіруе імі злыдзень — чараўнік, які трымае ў страсе ўсю ваколіцу. Хобітаў б’юць, ні за што кідаюць за краты, а тыя, хто супраць, не могуць здзейсніць аніякі супраціў, бо падаецца, што іх мала, і не зразумела, хто адначасова можа выйсці на дапамогу…

Карацей, сітуацыя — адзін у адзін, як у Беларусі. Не верыце мне — паглядзіце ў спадара Толкіна. Дык вось, калі да роднай хаты вяртаецца кампанія смелых хобітаў, яны адразу выганяюць некалькіх прыслужнікаў чараўніка і тут жа на месцы робяць рух супраціву і рыхтуюць паўстанне… Выходзіць, што шмат хто з хобітаў проста сядзелі на сваіх дамках ды толькі чакалі моманту, калі іх паклічуць, бо вельмі баяліся… Шмат хто з тых, што прыслужвалі чараўніку, пераходзяць на бок дабра.

Але ў гэты час хобітам усё яшчэ здаецца, што яны ў меншасці, імі пануе страх і сумневы, але калі справа даходзіць да бойкі… Аказваецца, што даўгалыгіх ня так і шмат, што яны баязлівыя і ніяк не гатовыя да такіх актыўных дзеянняў з боку хобітаў, бо тыя звычайна кволыя, слабыя, маленькія, аніякія… Злога чараўніка, які ўсё гэта здзейсніў з родным краем — праганяюць амаль без крыві.

Дарэчы, Толкін падкрэслівае, што хобіты хацелі ўсё зрабіць так, каб загінула як мага менш: і саміх паўстанцаў, і здраднікаў, і іх ворагаў. Усе яднаюцца, і край пакрысе зноў становіцца прыгожым і добрым.

Да ўсёй гісторыі з пярсцёнкам пра хобітаў амаль ніхто не ведаў, сведкі пра іх пачаў запісваць толькі хобіт Більба, што нешта кшталту ста гадоў (рыхтык фармаванне беларускай мовы і пісьменнасці). Хобіты праз прыгоду самі сабе даводзяць, што яны варты народ і могуць “людзьмі звацца” — могуць за сябе і сваё пастаяць, маюць сваю культуру і адметнасці, могуць быць баявітымі і моцнымі.

Менавіта па-гэтаму і толькі па-гэтаму Пятро Васючэнка называў беларусаў апошнімі хобітамі Еўропы. Менавіта такім happy end’ам канчаецца неверагодна доўгая любімая кніга Віктара Бабарыкі. Кандыдата, ў якога у Беларусі шмат-шмат хто паверыў і працягвае верыць.

Дарэчы сам Толкін пад хобітамі натуральна меў на ўвазе ангельцаў, але разам з тым апісаў шматлікія народы Еўропы, гісторыя якіх вельмі падобная адна да адной.

Дык вось, забіце мяне каментарыямі, што Віктар Бабарыка, калі пачынаў усю гэтую гісторыю з кандыдацтвам, не разлічваў менавіта на тую салідарнасць, якую Толкін апісаў праз сваю казку і маленькі народ, які ў яго вялікім казачным сусвеце амаль ніхто не ведаў і не верыў.

Уся Еўропа даўно перажыла гісторыю сваіх дыктатур, злыдняў — чараўнікоў і назаўсёды прагнала іх са сваёй зямлі. Менавіта таму “беларусы — апошнія хобіты Еўропы” і толькі таму.

Гэта не крыўдна — крыўдна не змагацца са злом, што даводзіць пісьменнік праз усю кнігу. Толкін — пісьменнік, мудрасць і майстэрства якога прызнаюць ва ўсім свеце. Менавіта супраць тыраніі і ды салідарнасці створаны ўвесь канец гэтай адной з найлюбімейшых у свеце казак, бо пісалася яна ў ХХ стагоддзі, калі толькі-толькі перамаглі фашызм, а ў свеце то там, то тут яшчэ панавалі апошнія дыктатуры.

Менавіта салідарнасць і разуменне адзіных каштоўнасцей свабоды і братэрства, прагі да спакойнага, дастойнага жыцця робяць з хобітаў сапраўдныя народы, якія самі вырашаюць свой лёс. Гэтая салідарнасць здольная перажываць любыя дыктатуры і нават бяскроўна праганяць лютых злыдняў.

Гэта казка стала рэальнасцю да краін Еўропы, і няма сумневу, што вось-вось тое адбудзецца і ў Беларусі. Па Толкіну менавіта хобітам наканавана змагацца са злом і перамагчы. Такі лёс.

Разам мы пераможам! Менавіта гэтак звярнуўся да беларусаў у адным з сваіх першых лістоў Віктар Бабарыка з-за кратаў. Ён нават зараз верыць, не губляе надзеі і хоча, каб у яе паверыла як мага больш.

Бабарыка застаецца галоўным апанентам дзеючай ўлады нават у турме, бо менавіта ён пачаў новую хвалю кансалідацыі грамадства.

Мы — 97%. 

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.