Галіна Каржанеўская. ПРАБЛЕМА. У чаканні святла на выхадзе

Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ

Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ

Нарадзілася на Случчыне ў сям’і аграномаў. З бацькамі пераехала ў Лагойскі раён, дзе некаторы час настаўнічала пасля заканчэння БДУ (філфак). З 1981 г. жыве ў Мінску. Працавала на рэспубліканскім тэлебачанні і ў газеце “Літаратура і мастацтва”. Паэт, крытык, драматург. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Са шматлікіх прэтэндэнтаў на галоўную дзяржаўную пасаду ў нас звычайна смяюцца. Называюць клоўнамі на палітычнай арэне ды іншымі нехарошымі словамі.

Так, у спісе жадаючых “памерацца сіламі” значыцца нямала беспрацоўных, пенсіянераў ды ІП, якія нічым не праявілі сябе ў грамадска-палітычнай дзейнасці і публічнай прасторы. Ва ўсялякім разе — у маштабах рэспублікі.

Але, мажліва, яны актывісты і абаронцы пакрыўджаных у сваіх раёнах і абласцях? Можа, яны ў вочы свайму начальству сказалі пра яго, начальства, злоўжыванні, не пабаяліся вынесці “смецце з хаты” на суд грамадскасці, выявілі фальсіфікацыі на мінулых выбарах? Ці раптам (што ўжо зусім выглядае фантастыкай) яны асмеліліся засумнявацца ў агучаных паказчыках па ковіду? Адным слова — неяк выявілі сваю грамадзянскую пазіцыю, інакш яны будуць нагадваць падсадных вутак у мутнай вадзе нашага працвітаючага балота.

Доўгі спіс жадаючых пабываць кандыдатамі выгадны ўладзе, бо ў ім лёгка згубіцца сапраўды значным і перспектыўным фігурам. (Да такіх я адношу і ўдзельнікаў незавершанага праймерызу, якія зарэгістраваліся дзеля пачатковага этапу выбараў).

У далёкага ад палітыкі грамадзяніна разбягуцца вочы, ён звыкла адмахнецца ад надакучлівай і пустой працэдуры, якая ў нас называецца выбарамі і кожны раз наступае з неадольнасцю Канца Свету. Тады на ўсіх абаротах запрацуе механізм прымусу: каменданты з куратарамі скажуць “трэба”, ідэолагі ўспомняць, за што атрымліваюць зарплату, салдацікаў пагоняць прама з лазарэтаў і падсунуць бюлетэні ляжачым у рэанімацыях.

Не цяжка прадбачыць, што пры любым раскладзе ўсё патрэбнае — яўка, працэнты, лічбы — спраўна намалюецца ў выніковым пратаколе.

Хто там у нас збіраўся “паламаць сцэнар” і нават аб’явіў пра гэта за паўгода, па сакрэту ўсяму свету? Няйначай, для таго, каб падрыхтаваліся, прывялі сілавыя структуры ў павышаную баявую гатоўнасць. Дык сілавікі і так, быццам піянеры: заўжды гатовыя біць дубінкамі па галовах.

Шкада галоў, не раз ужо бітых. Занадта многа маладых і амбіцыйных выехала за межы, каб не бачыць “ізумруднага горада” праз шкельцы хлуслівай прапаганды і не ўдзельнічаць у гэтай “імітацыі аргазму”.

Давайце будзем рэалістамі, а не рамантыкамі: выбарчы сцэнар умураваны ў сістэму, як цагліна ў сцяну. Над ім пацелі вялікія кручкатворы і лізаблюды, ён правераны і абкатаны шматгадовай практыкай і такі ж парадна-паказушны, як Канстытуцыя ў СССР.

Я пачынаю разумець тых, хто не хоча з прадстаўнікамі ўлады, груба кажучы, нават сесці на адным полі. Ды такая пазіцыя нічога не вырашае і нічога не паляпшае. Хіба дадае самапавагі знявераным людзям, якія, тым не менш, застаюцца нерэалізаванымі, незадаволенымі, знаходзяцца на абочыне грамадскага жыцця.

Кожная праблема ўтрымлівае ў сабе сваё рашэнне. Кожны тупік пачынае ненавідзець сам сябе. У кожным тунэлі ёсць святло на выхадзе. Наколькі мы, беларусы, прайшлі наканаваны шлях — не нам ведаць. На жаль.

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.