Павел Севярынец. ПРАТЭСТ. Беларусы, адзінства і салідарнасць

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

Беларусам, як паветра, патрэбнае адзінства.

Менавіта цяпер, у 2020 годзе, на парозе вырашальных пераменаў, пачынаецца яднанне апазіцыі і кампанія народнага абрання адзінага лідэра.

Адзіны — гэта не адзін. Адзін, нават герой ці самы разумны, тут не дасць рады. Адзіны — гэта дух адзінства.

Давайце адкажам на пытанне: “Хто, калі не Лукашэнка?” Мы, беларускі народ!

У беларусаў адзінства заўжды было на вагу золата. Нашы найвялікшыя здабыткі ў гісторыі звязаныя з момантамі яднання — такімі, як у Вялікім княстве Літоўскім залатога шаснаццатага стагоддзя, на Усебеларускім з’ездзе ці ў Беларускім народным фронце канца 1980-х — пачатку 1990-х.

Наша беларуская падзеленасць на геапалітычным скрыжаванні — нацыянальнае пракляцце. Кожны беларус — геній, які лепш за ўсіх ведае, што і як трэба рабіць. І як усякі геній, кожны беларус глыбокі, захоплены, ранімы і падазроны да іншай думкі.

Але зараз нават нашы ўлюбёныя фэйсбукавыя халівары “усе супраць усіх з усякай нагоды” працуюць на рэжым ды Крэмль. Нельга траціць энэргію на супрацьстаянне ўнутры. Час яднаць высілкі.

Асаблівага спадзявання на Захад няма: іх партнёр, пакуль ён зноў не дамовіўся з Крамлём — Лукашэнка. Гарантамі незалежнасці і дэмакратыі Беларусі застаюцца толькі Госпад Бог і беларускі народ. Таму найперш трэба яднаць уласныя сілы — спыняць сваркі, забываць старыя крыўды і дамаўляцца, як дзейнічаць разам.

Ня трэба сварыцца — удзел ці байкот. Трэба выпрацоўваць супольную стратэгію, якая яднае сілы і выбірае прымальную тактыку дзеля дасягнення агульнай мэты. Стратэгію, што выкарыстоўвае легальныя магчымасці кампаніі, падымае народ, адкрыта пратэстуе, ламае сцэнар фальсіфікацыяў — і адказам на рэпрэсіі мае супольны і дружны няўдзел у злачынстве.

Мы з аднадумцамі вырашылі: працуем на еднасць!

Са свайго боку, я прашу прабачэння за ўсе памылкі і крыўды, вольна ці нявольна нанесеныя сябрам, паплечнікам ды апанентам. Бо разумею, што кампанія 2020 года ў пагрозлівых знешніх умовах можа быць вырашальнай — і можа стаць крыжам.

Мы, хрысціянскія дэмакраты, аб’ядналіся з іншымі партыямі — Беларускім народным фронтам, Аб’яднанай грамадзянскай партыяй, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыяй, Рухам за Свабоду, каб правесці народнае галасаванне і вызначыць адзінага лідэра дэмакратычных сілаў у кампаніі 2020 года.

Мы рыхтуем сістэму незалежнага назірання з удзелам тысячаў назіральнікаў у кампаніі “Права выбару” — каб патрабаваць спынення махлярства на “выбарах” і фіксаваць факты ашуканства рэжыму.

Мы становімся поплеч з Мікалаем Статкевічам, “Народнай Грамадой” і Беларускім нацыянальным кангрэсам, якія апошнія гады  нястомна арганізоўвалі вулічныя акцыі пратэсту і гартавалі людзей да змагання — і таксама лічаць, што ламаць сцэнар фальсіфікацыяў трэба ўжо пасля абвяшчэння “выбараў”.

Мы захапляемся мужнасцю змагароў з “Еўрапейскай Беларусі”, якія правялі яскравую кампанію агітацыі ўвосені 2019-га — і разам з імі будзем патрабаваць свабоды для Беларусі на плошчах.

Мы падтрымліваем адважных маладафронтаўцаў, абаронцаў Курапатаў, рух супраць Брэсцкага акумулятарнага завода і іншыя экалагічныя ініцыятывы, якія выходзяць на мірныя пратэсты, каб адстойваць права людзьмі звацца.

Мы шануем ролю Зянона Пазьняка і Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ у здабыцці незалежнасці — і далучаемся да акцыяў супраць “паглыбленай інтэграцыі”.

Мы працягваем руку Уладзіміру Мацкевічу і ініцыятыве “Свежы вецер”, разам з якімі арганізоўвалі снежаньскія акцыі за незалежнасць — і разам з якімі будзем тлумачыць беларусам, якое злачынства робіць рэжым на гэтых “выбарах”.

Мы разумеем, што журналісты незалежных медыяў і блогеры пашыраюць прастору свабоды тут і цяпер, сярод сотняў тысячаў і мільёнаў грамадзянаў Беларусі — і просім выкарыстаць іх уплыў і энэргію дзеля яднання ўсяго народа.

Мы заклікаем незалежныя прафсаюзы, якія ахвярна дзейнічаюць сярод працоўных, далучацца да народнага галасавання і пратэстаў — у сваю чаргу, мы гатовыя ўключыць іх сацыяльныя патрабаванні ў праграму Адзінага.

Мы заклікаем пісьменнікаў, мастакоў, музыкаў, нашу інтэлігенцыю надаць беларускаму народнаму руху за вольныя выбары духу творчасці і свабоды.

Мы заклікаем усе беларускія цэрквы, пакліканыя несці Божае слова пра веру, праўду і справядлівасць, не маўчаць — і узняць свой голас супраць падману, гвалту, хлусні і фальсіфікацыяў на так званых “выбарах”.

Мы просім усіх людзей добрай волі далучацца да народнага галасавання, мірных пратэстаў і злому сістэмы фальсіфікацыяў — каб, нарэшце, жыць у вольнай, незалежнай і дэмакратычнай краіне.

Разам мы — беларускі народ. Нас — мільёны. Калі мы будзем адзіныя — нас будзе не адолець!

 

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.