Галіна Каржанеўская. ПРАБЛЕМА. Два выказванні

Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ

Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ

Нарадзілася на Случчыне ў сям’і аграномаў. З бацькамі пераехала ў Лагойскі раён, дзе некаторы час настаўнічала пасля заканчэння БДУ (філфак). З 1981 г. жыве ў Мінску. Працавала на рэспубліканскім тэлебачанні і ў газеце “Літаратура і мастацтва”. Паэт, крытык, драматург. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў.

“Мы не дадзім разгайдаць краіну”, — сказаў кіраўнік дзяржавы пры новаспечаных амбасадарах і новапрызначаных чыноўніках. Якая асацыяцыя ўзнікае, калі разважаеш над гэтай заявай? Найперш просіцца параўнанне з Савецкім Саюзам. Ніякая краіна ў свеце не выглядала такой маналітнай і магутнай і не была такой гнілой знутры.

Перадавая канстытуцыя — гэтая біблія сацыялізму — існавала асобна ад рэальных парадкаў і не забяспечвала верхавенства права. Аднапартыйная сістэма, устаноўка на адзінства, адзінадумства заганялі народ у стойла. Выбары звяліся да фармальнасці, бо “выбіралі” з адной кандыдатуры. Падаўленнне і віжаванне пранікла ва ўсе поры грамадскага арганізму. Стала нормай прыхарошванне рэчаіснасці і замоўчванне негатыву (стан эканомікі, палітзняволеныя, крымінал, п’янства).

Афіцыйная двурушнасць раз’ядала кадры. Вялікія і малыя начальнікі, кожны на сваім месцы, адшчыквалі ці адкусвалі напоўніцу ад бюджэтнага пірага. Партыйная вярхушка, груба кажучы, абжыралася і парушала ўсе законы, якія толькі можна.

А цяпер знайдзіце парачку адрозненняў — тагачаснай сістэмы і цяперашняй беларускай.

Няправільна гаварыць пра “развал” СССР. Краіну ніхто знарок не развальваў, яна абапіралася на нежыццёвую ідэалогію і абрушылася, калі скончыліся рэсурсы. Дакладней было б ужываць слова “распад”. Так званы савецкі народ вытрымаў усё і разбегся, як толькі абрынуўся гігант на гліняных нагах.

У патрыярхальнай Беларусі ўдалося стварыць паменшаную мадэль дыскрэдытаваўшага сябе ладу. Хітрая, я вам скажу, мадэль, бо абапіраецца на маніпуляцыі, на эксплуатацыю ідэі сяброўства і брацтва. (Чаго вартае не раз агучанае сцверджанне пра адзіны народ!)

Пэўныя падзеі і абвастрэнне міжнародных зносінаў прымусілі лідара Расійскай Фэдэрацыі задумацца пра вычарпальнасць тых самых рэсурсаў і шчырасць самага вернага з сатэлітаў. І вось мы назіраем падпольнае шабуршанне, асцярожныя наезды, патаемныя перамовы з мэтай узаконіць “грамадзянскі шлюб” для стварэння дружнай сям’і сланіхі з зайцам.

Саюзная дзяржава, створаная на паперы ў часы “вялікай надзеі”, пачала нагадваць пра сябе не толькі літаратурна-мастацкімі прэміямі і дробнымі мерапрыемствамі. Сказаў “А”, то гавары і “Б” — рана ці позна нагадаюць самаму разумнаму з палітыкаў, які трохі загуляўся з вернападданымі лозунгамі і не жадае нічога мяняць.

Найперш ён трымае ў калючых рукавіцах выбарчую сістэму. Перад кампаніяй любога ўзроўню прэзідэнт публічна патрабуе ў нязменнага старшыні ЦВК чэсных і празрыстых выбараў. Самы час запытацца: які ж тады шэры кардынал смее ігнараваць пажаданне “бацькі” і выконваць яго распараджэнні з дакладнасцю наадварот?

Успамінаецца мне яшчэ адно, ранейшае выказванне Лукашэнкі, якое тычылася працы Следчага камітэта. Я нават кінулася да паперы, каб запісаць яго.

“Сфальсіфікаваць эксперызу — гэта катастрофа”. Моцна сказана. Значыць, паступіла праўдзівая інфармацыя пра стан рэчаў у ведамстве. Не будзем заглыбляцца ў тэму, што змушае следчых ісці на службовы падлог. (Ці не празмерны ціск на іх дзеля прыгожых паказчыкаў?)

Зададзім сустрэчнае пытанне: а сфальсіфікаваць вынікі галасавання хаця б на адным участку, на адной акрузе — гэта як называецца? Гэта нармальна?! Як мінімум — маем пустую трату бюджэтных сродкаў. Як максімум — гэта падман народа ў асабліва буйных памерах.

У Расіі здараліся выпадкі, калі грамадскасць дабівалася пераліку бюлетэняў і адмяняла вынікі на ўчастку. У нас такога прэцэндэнту не было. А калі б і адбылося такое цуда, то (дайце веры!) кантора Ярмошынай і тут бы нахімічыла. Прыдумалі б што-небудзь. Яны майстры сваёй справы.

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.