Павел Севярынец. ФЕНАМЕНАЛОГІЯ БЕЛАРУСІ. Як можна ненавідзець свой народ?

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

Бітва за беларускую школу ў Каплічах перайшла ў фазу адкрытай вайны.

Нагадаю, вось ужо тры гады незалежная дэпутатка Капліцкага сельскага савета, што ў Калінкавіцкім раёне на Гомельшчыне, Роза Стрэльчанка змагаецца за рамонт беларускай школы для больш як 100 дзяцей у аграгарадку Каплічы.

Школа зачыненая з-за працёку даху, і замест рамонту дзяцей возяць за дзясяткі кіламетраў у вёску Шыічы: за гэты час на падвоз вучняў з бюджэту выдаткавана ў дзесяць разоў больш грошай, чым патрабуе рамонт.

«На прынцып» пайшлі гомельскія чыноўнікі, якім не спадабалася рашучая пазіцыя Розы Стрэльчанкі, падтрымка бацькоў і асвятленне сітуацыі з боку «Белсата». Супраць Стрэльчанкі здзяйсняюцца правакацыі: «невядомыя» тэлефануюць ёй, напрыклад, з тэлефона у Гомельскім аблвыканкаме (!) і пагражаюць псіхушкай і расправай. Міліцыя, канечне, не можа знайсці вінаватых.

І вось 2 верасня 2019 года, на Дзень ведаў, на лінейцы ў Шыіцкай школе і на сайце калінкавіцкай раёнкі абвяшчаецца, што школу «замініравалі» званком ад імя жыхаркі Каплічаў. Вядома, каб настроіць бацькоў супраць Стрэльчанкі. Дзяцей эвакуіруюць і размяшчаюць у іншых будынках, а да Розы Стрэльчанкі прыяжджаюць сапёры — даследваць і апісваць яе хату ды канфіскаваць кампутар.

Зразумела, Роза Стрэльчанка нікуды не званіла. Гэта ведаюць усе, у тым ліку і міліцыя — у лютым гэтага года падобная гісторыя ў Каплічах ужо была, міліцыя абшуквала дом Стрэльчанкі, забірала комп, тэлефон, нічога не знайшла і «вінаватых не ўстанавіла». А дзе і ў якім кабінеце хаваецца падонак, які прыдумаў такі нятанны блокбастэр на Дзень ведаў, думаю, мы даведаемся толькі пасля змены ўлады.

У сваю чаргу Роза Стрэльчанка ў справе школы абівае парогі Мінадукацыі і адпаведных установаў. Паколькі там не дапамагаюць — звярнулася ў Сусветны банк, які падтрымаў рамонт і мадэрнізацыю вясковых беларускіх школаў на 90 мільёнаў еўра. Каплічы, якія мусілі быць у спісе за № 1, там увогуле адсутнічаюць. Сусветны банк (філія ў Беларусі) прыслаў адказ: мы гатовыя, калі Мінадукацыі не супраць.

А Мінадукацыі маўчыць.

Разумееце: дзеля таго, каб паказаць «месца» незалежнай дэпутатцы сельсавета, абранай насуперак уладзе, цэлая брыгада чыноўнікаў і сілавікоў гатовая гадамі мучыць сотню дзяцей, цэлую вёску бацькоў, дзясяткі спецыялістаў.

Як можна так ненавідзець свой народ?!

У выніку Роза Стрэльчанка і бацькі капліцкіх дзяцей адкрылі рахунак у «Беларусбанку», каб сабраць грошы на рамонт таго няшчаснага даху.

Паведамляю рэквізіты рахунка — і прашу ўвагі праваабаронцаў і журналістаў.

BY95 AKBB 3134 0000 1587 9332 0313 BYN

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.