Алесь Мікус. ПРАЕКЦЫІ. Уся праўда пра нашу нацыянальную ідэю

Алесь МІКУС

Алесь МІКУС

Нарадзіўся ў 1982 г. у Мінску. Адукацыя: аддзяленне псіхалогіі БДУ, аспірантура АПА. Музыка, перакладчык, публіцыст.

У суседзяў менш-больш складваецца з нацыянальнай ідэяй, а ў нас з гэтым так цяжка, што рукі апускаем.

Нацыянальная ідэя… Зацёгалі гэты выраз. Дзяржаўная ідэалогія, нацыянальная ідэя… Ну праўда ж, зацёгалі, да дзіраў зацёгана ўжо.

Грувасткія фармулёўкі, а-ля падручнікі, нічога не дадуць, калі няма яснасці ў галовах. Націдэя, якую ўсе нібыта шукаюць, гэта пра дзве рэчы, і гэтыя рэчы адрозныя. Адкуль прыйшлі і куды ідзем.

Але “адкуль прыйшлі” — гэта не пра падручнік з падрабязным выкладам “усяго, што было”. Гэта звычайна пра адну ідэю, што выдзеленая з усяго масіву дадзеных з мінуўшчыны. Ці нават хутчэй вобраз, нешматслоўны наратыў, які можна бы казку расказаць малым слухачам у дзіцячым садку, бы батлейку. Візія мінуўшчыны — яна аблігаторна цэльная, не фрагментарная.

Такім чынам, складзіце і спаліце да чорта ўсе тыя “Гісторыі беларускай дзяржаўнасці”, гэта не пра візію мінуўшчыны, гэта пра аскепкі, як пры ваенным раненні, у галовах тых, хто стварыў яе канцэпцыйна.

Зірнем на суседзяў. Толькі з першага боку ў расійцаў ідэі праваслаўя, Расійскай імперыі і Сталіна несумяшчальныя. Шмат хто ж здзіўляецца. Усё там сумяшчальна, толькі выдзеліце там ідэю, што іх яднае. Пашырэнне, інвазія навонкі, місіянерства, захоп. Вось і ўся іх ідэя цяпер. Там нават не індаеўрапейская ідэя імперыі (шматстайнасць у сукупнасці, як жывы свет паганскіх сілаў), бо русіфікуюць і ўніфікуюць і пагарджаюць адрознасцю.

У найменш колькасных з нашых суседзяў, латышоў, візія мінуўшчыны такая: колісь быў пляменны рай, прыйшлі немцы, паняволілі, а потым расійцы, замяніўшы немцаў, прыбрылі замінаць латышам жыць у шчасці. Латышы не мудруюць, а працягваюць тую ж 800-гадовую лінію: працягваюць вызваляцца ад захопніка, і ён ізноў унутраны.

У літоўцаў пункт адліку таксама ў мінуўшчыне — гэта ранняя Літва балцкіх князёў, якія ў нейкі момант выцягнулі дзяржаву быць паміж двух мораў. Але тады пайшоў адкат, і тэрытарыяльна, рэлігійна, і моўна. І ўвогуле, усё пазнейшае — непазбежны рэгрэс. Літоўцы маюць трохі раздзёру ўнутры, ад усведамлення прагалу паміж “Вітаўтавай Літвой” і цяперашнім кавалачкам, які да таго ж падгрызаюць польскамоўныя на Віленшчыне і рускамоўныя ў Клайпедзе.

Не дужа тыя літоўцы маюць цяпер сэнсу і волі быць. Ад той ранняй Літвы застаюцца навейшыя паганскія алтары па ўсёй краіне, але для цяперашняга свету гэта не надзённа. Далучыцца да вялікіх — доля маленькіх, якія разумеюць, што яны маленькія.

Украінцы — тыя, бы літоўцы, перажываюць свой раздзёр, але ўжо паміж “казакамі і свінапасамі”. Прычым, “свінапас” — не такое і дэманічнае ва ўкраінцы, бо гэта ўсяго толькі “Пузата хата”, баба-галава, усё ў сям’ю, “Вялікая і Малая Харужаўка” ва ўладных кабінетах (паняцце пры Юшчанку, які да непрыстойнага насяліў уладу землякамі). А казакі — гэта вайна на Ўсходзе Ўкраіны, добраахвотніцкія батальёны, праспект Бандэры. І тое, і тое (казакі і свінапасы) развілася і мае месца сёння. Трохі сутыкаецца міжсобку, але дае досыць трапнае ўяўленне пра ўкраінцаў. Ідэя пра казакоў, дарэчы, сканструяваная, яна не з народу — з народу якраз пчолы, вішнёвы садочак, варэнікі, боршч і акруглая чарнабровая Галя.

Але гэта збольшага пра мінуўшчыну. Гэта прыклады, на якія чалавек арыентуецца. Гэты прыклад можа быць не сучасным, але ён шмат што канстытуюе. Такі прыклад пастаянна прысутны трохі глыбей за свядомасць, і з ім звяраюцца.

Візія будучыні сёння немудрагелістая. Варыяцый асабліва няма. Прагрэс, тэхналогіі, патрэбы жывата, пачуць голас кожнага, усякая драбнічка мае анталагічнае права быць. Варыяцый няшмат. (Дух, заваёвы, правы народаў, іерархічнасць — усё гэта неактуальна, спытайце ў Мішымы ці Эвалы). Хіба што расійцы могуць дазволіць сабе мець драўляную прыбіральню на вуліцы і ганарыцца высокатэхналагічнай зброяй (дарэчы, гэта таксама gap, раздзёр), але тое з-за манструознай тэрыторыі, гэта выключэнне. “Няхай свет лясне, затое мы патрапім у рай, а яны не”.

Окей, гугл, а што мы? Ізноў жа, нельга ўвесь час утрымліваць пад увагай полацкіх (ці хутчэй варажскіх) князёў, Гедзіміна ў Лідзе, цудоўнага акупацыйнага мінскага губернатара Захарава, БССРыю, подзвіг народа, рэспубліку — зборачны цэх. Трэба штось адно. А ўсё іншае мусіць цярпець (it must suffer) і быць выкрасленым, ці прынамсі адсунутым далей з-пад вока.

“Нацыянальную ідэю” цяпер не надта любяць, бо пад ёй разумеюць асобны шлях. Усе шляхі сёння менш-больш аднолькавыя, для сярэдніх і меншых суб’ектаў. Але візія будучыні — не адзіны складнік націдэі, а адзін з двух. Другі ж — гэта прыклад з мінуўшчыны, які мае аб’ядноўчы патэнцыял.

Селяніна мы збэсцілі псеўда-фальклорнымі ўсмешкамі “Харошак”, хоць багушэвічы пачыналі з “Сялянкі”. Арыстакратаў пастралялі як Скірмунта ў Парэччы, і панасмяхаліся. Літва не наша (дакладней, наша, але толькі “пасяродцы”, калі ўжо не балцка-літоўская, але яшчэ не польская-рэчпаспалітаўская). Да Русі мы таксама ўзбочныя, бо цэнтры былі звонку — Кіеў і Масква. “Правільная” Радаўніца ў нас толькі на ўсходзе, а ў астатнім мы і зусім маларэлігійныя. Савецкі саюз стваралі не мы, мы там толькі трудзілі сябе як заведзеныя. Нашчадкамі крэваў-святароў таксама быць не схацелі…

Вось гэты другі складнік у нацыянальнай ідэі (каторы не пра будучыню, а пра мінуўшчыну) — гэта ў шмат чым аказваецца адказ на пытанне “якія мы“. Жывучы тут у сябе, у даволі закрытым усё ж грамадстве (прынамсі, ментальна), нам гэта не дужа рупіць. А варта аказацца сярод замежнікаў — і вох як даецца ў знакі, што мы самі не дужа ведаем, як сябе падаваць (апроч як кліенты ці найманцы). З кім асацыяваць, бо не вывуджваецца з глыбіняў падсвядомасці мадэль, з якой асацыюемся.

Дык якія мы? Можа, ніякія? Годзе ківаць на Абдзіраловіча.

Што пэўнага, дык гэта тое, што выканаўцы добрыя. Дык гэта якраз ад адсутнасці зместу, вось і набіваюць у мяшок са скуры і шкілету ўсякай саломы, якой каму захочацца. Мы можам быць усякімі, мы запоўнімся тым, чым вам зажадаецца, і тым не менш мы жывыя, хоць у гэта і цяжка паверыць.

 

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.