Павел Севярынец. ФЕНАМЕНАЛОГІЯ БЕЛАРУСІ. Уратаваць лес ад галоўнага караеда!

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

За апошнія некалькі месяцаў атрымаў з дзясятак сігналаў з розных куткоў Беларусі наконт барбарскай высечкі лесу.

Параіўся з адмыслоўцамі — і аказалася, што ўсё яшчэ горш, чым думаў.

Калі казаць у цэлым, за 25 гадоў Лукашэнкі ў Беларусі створаная такая сістэма лясной гаспадаркі, пры якой пірацкая высечка няспелай драўніны і яе вываз за мяжу — галоўны спосаб існавання цэлай галіны эканомікі.

Нацыянальнае багацце вынішчаецца і разбазарваецца так бяздарна і такімі тэмпамі, што ў спецыялістаў і эколагаў апускаюцца рукі.

Беларускія хрысціянскія дэмакраты пачалі збор подпісаў пад петыцыяй з заклікам спыніць татальную высечку беларускага лесу і забараніць вываз кругляка за мяжу. Шэраг экспертаў у галіне лесакарыстання, дрэаапрацоўкі, экалогіі, аховы прыроды на працягу двух тыдняў абмяркоўвалі першачарговыя меры, неабходныя для захавання беларускага лесу.

Петыцыя, якую прыводжу тут цалкам дзеля яе важнасці для ўсяго народу, будзе накіраваная ў Міністэрства лясной гаспадаркі і Адміністрацыю прэзідэнта.

 

Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, на працягу некалькіх гадоў назіраем па ўсёй тэрыторыі краіны барбарскую высечку лесу. Высечка імкліва паскорылася ў апошнія месяцы. Лес, які яшчэ не дасягнуў спеласці, татальна высякаюць, пакідаючы толькі кромкі вакол дзялянак.

Больш таго, вясной 2019 года ў Беларусі была адмененая забарона на вываз круглага дрэва — і вырубка лесу набыла сапраўды катастрафічныя маштабы.

Беларусы за валюту набываюць гатовую прадукцыю з драўніны (паперу, тару, піламатэрыялы, мэблю), вырабленую за мяжой з беларускай сыравіны!

Лясгасы не паспяваюць высаджваць лес на ўсіх высечаных дзялянках, многія з іх зарастаюць падлескам і забалочваюцца. Але нават і там, дзе паспяваюць — лісцёвым пародам патрэбна 40-50 гадоў для дасягнення спеласці, а хваёвым — 70-80 гадоў.

Мы патрабуем:

1. Адмовіцца ад выкарыстання суцэльных высечак, якія знішчаюць экасістэму, у лясах Рэспублікі Беларусь.

2. Увесці мараторый на вырубку ў дубровах, як у большасці выпадкаў рэдкіх біятопаў, які цяжка і часам не магчыма ўзнавіць раней, чым праз 100 гадоў.

3. Забараніць вываз кругляка на экспарт за мяжу.

4. Прыпыніць будаўніцтва новых дарог у лясах заказнікаў, у прыватнасці, Альманскім, і просекаў для ЛЭП БелАЭС.

5. Спыніць падсочку хвоі ў рэгіёнах, дзе назіраецца развіццё караедаў.

6. Прадугледзець абавязковы ўдзел грамадскасці ў абмеркаваннях праектаў лесаўпарадкавання лясгасаў.

7. Стварыць грамадскую раду пры Мінлясгасе з удзелам прадстаўнікоў і экспертаў ад грамадскіх арганізацый.

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.