Галіна Каржанеўская. ПРАБЛЕМА. Без крыжоў

Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ

Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ

Нарадзілася на Случчыне ў сям’і аграномаў. З бацькамі пераехала ў Лагойскі раён, дзе некаторы час настаўнічала пасля заканчэння БДУ (філфак). З 1981 г. жыве ў Мінску. Працавала на рэспубліканскім тэлебачанні і ў газеце “Літаратура і мастацтва”. Паэт, крытык, драматург. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў.

У выходныя па СТВ упершыню паказалі Курапаты без крыжоў. Без усялякай інфармацыі пра тое, што нас так абурыла ў апошні час. Звычайны вясновы голы лес — такі ж, як і сотні іншых.

На заднім плане ладныя хлопцы нясуць кудысьці ламачча і старадрэвіну — прыбіраюць. Функцыянеры ад розных структур БРСМ агучвалі відэакадры: разважалі пра памяць. Не ўдакладняючы — памяць пра каго. Што тут адбывалася і калі, хто ляжыць у курапацкіх прасеўшых ямах, за якія ніхто не быў пакараны і ніхто не пакаяўся.

Дамагліся, чаго хацелі. Нязграбна прыкрыліся лясгасам. Для некага “Крым — наш”, для іх сталі “нашымі” Курапаты — святое месца, намоленае сотнямі неабыякавых людзей.

Праўладную моладзь прыгналі дэманстраваць пазіцыю ўлады. (Мы ж ведаем, хто ў нас сіла, хто — права.) Дык я скажу: адна мерцвячына атрымліваецца з вашых, панове, патуг. Бо немагчыма “ізабразіць” энергетычны імпульс знізу, дзе ёсць толькі валявы загад зверху. Без ініцыятывы, без душэўнага парыву, без пераканання ў правільнасці дзеі такая праца — звычайная адбывалаўка. Фармальнасць.

Калісь у Мінску на білбордах віселі выявы маладых людзей з граблямі. Яно, канечне, добра — дапамагчы на ўпарадкаванні горада. Але трое з чацвярых няправільна трымалі граблі. І не даводзьце мне, што тыя трое былі ляўшамі!

Помніцца сюжэт з Трасцянца: пару маладзёнаў ляніва мятуць дзеля відэараду восеньскае лісце з пліткі. Нават пад запіс не стараліся! Іх спешна сабралі, пагрузілі і прывезлі, уручыўшы венікі. Забяспечвайце карцінку, калі ўжо запісаліся. Вам гэта залічыцца.

Сам мемарыял у тым выглядзе, у якім знаходзіцца зараз, — убуханы цэмент, стэрыльная і па-мастацку няўцямная пляцоўка для замежных турыстаў, развод на “бабкі” даверлівай Еўропы. Не маглі іх аналітыкі даўмецца да такога цынізму — што можана скарыстацца бядой тысяч прывезеных сюды і загубленых габрэяў, каб прыцягнуць увагу СМІ і зрабіць сабе піяр.

Для адных крыж — сімвал пакуты і абарона ад нячыстай сілы. Другія ж, атрымліваецца, крыжа баяцца. Бээрэсэмаўцам сярод крыжоў было б некамфортна — ні з аператарамі, ні без.

Расійскія тэлевізійнікі да дня першага палёту чалавека ў космас вынеслі на экран гісторыю Каралёва і іншых канструктараў ды вучоных, распавялі, як былымі зэкамі кавалася савецкая касмічная праграма. Ім можна. У іх ёсць музей рэпрэсій. У нас — цішыня.

Хтось не раны ашчаджае — пакрывае дзяржаўнае злачынства, хавае яго за плыткімі фармулёўкамі і агульнымі фразамі. “Ніззя” зачапіць тагачасных “сілавікоў”. У іх свой кодэкс гонару, свая — даўняя! — кругавая парука, надзейна закрытыя архівы з іх крывавымі тайнамі.

А тыя, што ляжаць, нават святарамі толкам не адпеты. Па іх не праводзяцца афіцыйныя малебны ў цэрквах. Іх пазбвавілі нават крыжоў, устаноўленых за людскія сродкі рукамі патрыётаў і рупліўцаў.

Пілат можа другі раз вымыць рукі.

 

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.