Галіна Каржанеўская. ФЕЛЬЕТОН. Выбары па новых правілах

Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ

Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ

Нарадзілася на Случчыне ў сям’і аграномаў. З бацькамі пераехала ў Лагойскі раён, дзе некаторы час настаўнічала пасля заканчэння БДУ (філфак). З 1981 г. жыве ў Мінску. Працавала на рэспубліканскім тэлебачанні і ў газеце “Літаратура і мастацтва”. Паэт, крытык, драматург. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў.

У Беларусі выбары — як лыжка к абеду. Пра іх успамінаюць за два месяцы да пачатку, каб забыцца роўна праз два тыдні пасля. Да наступных — такіх самых, з нараканнямі, чаму нічога не змянілася.

Калісьці ў адной газеце была агучана ідэя “Белай Русі” — зрабіць удзел у выбарах не правам, а абавязкам грамадзян. Быццам бы нават адпаведную прапанову накіравалі ў ЦВК.

Не то ідэю зарэзалі на карані, не то яна ўвогуле была фэйкавая. Я не здзіўлюся, калі сама камісія прыдумала “элегантнае” выйсце са становішча. Надакучыла, напэўна, браць лічбы са столі і размяркоўваць паміж кандыдатамі. Да таго ж даводзіцца “накідваць” яўку… А зверху ціснуць не слаба, па-вайсковаму: вынь ды пакладзі той адсотак, які нехта лічыць правільным.

Фельетон, канечне, жанр забыты, але давайце ўявім, што такая прапанова мела месца і што з гэтага можа атрымацца.

 

Выбары па новых правілах

 Ж ыву я цяпер па возрасту ў дочкі, у горадзе. Іду з Камароўкі гружаная, а тут мужык пераймае, пад нос падсоўвае мікрафон. І пытаецца: “Как вы адносіцесь к таму, чтобы каждый наш гражданін галасаваў не па ахвоце, а па абавязку”. (Гэта я перайначваю крыху, каб было ўцямней.)

Я разгубілася, пык-мык — і нічога толкам не звязала. А падумаўшы, вось што хачу сказаць. Саўсім горад раздурэў: на суседнюю вуліцу схадзіць ім цяжка. У тую самую школу, дзе іх унукі вучацца альбо дочкі сеюць разумнае і добрае. Мая бабуля па сорак кіламетраў праходзіла, як насіла вішні на базар прадаваць. Дык я добранька ўсё ўзважыла і цяпер ведаю, як арганізаваць выбары па новых правілах.

Слухайце.

Перш падробненька распісваюцца ўсе этапы збору і дастаўкі выбаршчыкаў на ўчасткі. У кожны двор заязджае па аўтазаку, намячаецца колькасць рэйсаў за дзень. Жыльцы загадзя размяркоўваюцца, які дом збіраецца ля якой машыны. (Камунальшчыкі разнясуць і прыклеяць на дзвярах пад’ездаў лісткі. Асноўная іх работа!)

Палова дзела здзелана. Усе дасцігшыя 18-ці і старэй з рэчамі ідуць да машын. Цёплыя рэчы панадабяцца тым, хто заўпарціцца і не захоча дабравольна аддаваць свой голас за патрэбнага кандзідата. Тых адразу моцныя дзецюкі грузяць, як снапы, у кузавы, збіраюць па ўсім раёне і адвозяць на суткі. Без фармальнасцей.

Канечне, тут жа праявяцца скрытыя нядображалацелі гасударства, якія вазамняць сябе дзекабрыстамі і будуць выкрыкваць запрашчонны лозунг “Жыве Беларусь!”. Ім свеціць больш срок. І правільна. Няма чаго вумнічаць і выдзяляцца з калякціву. Знаем мы вас, крыкуноў на Бангалоры…

Хто прытворыцца нядужым або бярэмянным, тых спецслужбы бяруць на ўчот і ў разработку. (Я забылася сказаць, што яны і будуць адказнымі за спецаперацыю “Кабан-2” — уключна са знешняй разведкай.) Хто ж рване на дачу “печ прапаліць” або “градку ўскапаць”, будуць лічыцца самымі злоснымі з парушальнікаў выбарчага заканадаўства з дальнейшымі судамі і штрафамі.

Калі каторыя з баб (а гэта парода неўтрапёная, па сабе знаю) пачнуць выступаць і кідацца ў галас, то для іх прышлюць дзяжурных медыкаў, якія супакояць валяр’янкай у шпрыцах. Медпомач спатрэбіцца і маладзёнам, каму пашчасціла галасаваць упершыню. Старым — што? Яны да ўсяго прывучаныя…

Прыбыўшыя строяцца ў калоны і шчыльнымі радамі пад наглядам суровых лічнасцей у гражданскім сунуцца на бліжэйшы выбарчы ўчастак, да якога прыкрэплены. Да школ і абшчажыццяў, на ўсялякі выпадак, сцягваюцца часці АМОНа. Нічога страшнага ня робяць, а толькі пужаюць сваім відам варон на дрэвах і галубоў на асфальце.

Могуць быць нечаканасці і на саміх участках, так што заканадацелі далжны як след пакумекаць — а не так, як у законе пра дармаедаў. Лепш за ўсё бізун змяніць на пранік і выдаваць прагаласаваўшым у руку… ну, скажам сувенір у відзе гасударсцвеннага герба або салодкі пранік такой жа формы. А што? У нас сімвалы любяць. Было б прыкольна, як кажа ўнук.

Мужчыны, само сабой, захочуць за свой подзвіг франтавыя сто грамаў. (Здаўся ім той пранік — ці з сімвалам, ці без!) Не вапрос, як сказаў бы зяць. (Ён заўжды так рэагіруе, калі згодны выбіваць кавёр.) Любы праізвадзіцель спіртавой атруты лёгка сагласіцца, калі яго прыпугнуць налогавай. Выдзеліць нейкую колькасць скрыняў як міленькі! Безвазмездна. Застанецца і на знерваваную ўчастковую камісію.

Можна было б, канечне, весці выбаршчыкаў і з песняй, але могуць не захацець. Гэта ў сельсавет некалі  на вазах, санях ехалі, з гармонікам ды з песнямі… Эх, калі тое было! Зноў жа, зацягнуць кожны сваю, народ у нас нядружны. Я лічна як чую пра магутнага божачку, раву бялугаю. Хто мог прыдумаць такі жаласлівы гімн?! Для траурнай цырымоніі ў самы раз. Не, людцы дарагія! Каб Спасіцеля падключыць, трэба каб бацюшкі ішлі спераду, з мітрамі, харугвамі, крыжамі… Ну, я магу і ашыбацца на гэты шчот… Не судзіце строга.

Буфеты, бясплатная кармёжка для “сваіх” і начныя пасядзелкі для камісій не абсуждаюцца. Традыцыі нарушаць нельга, на традыцыях дзержыцца стабільнасць нашай хітрай уласці.

Адно не зусім панятна: як быць з “лішнімі вачамі” на ўчастках? Куды іх падзець, як ад іх схавацца? Мая малодшая (а яна кожным разам у камісіі) скардзілася, што тыя назіральнікі горшыя за надзірацеляў. Адразу сякуць скранутую пячатку на урне, укінуты стос бюлятнёў, махінацыі са спіскамі…І ўсё палачкі пішуць-выводзяць, як некалі брыгадзір — працадні… Лічаць. Ажно іх шкада, кажа дочка, бывае. Каторы ў прыбіральню не выйдзе, церпіць да апошняга. Да падліку.

Таму прашу разгледзець маё прэдлажэнне: адмяніць падлік тайнай інструкцыяй ЦВК. Ці яна ўжо і так дзействуе? У век калькулятараў лічыць паперкі пальцамі — форменны перажытак! Гэтак яшчэ я лічыла, будучы сакратаром сельскага савета. Ды калі тое было!..

З паклонам і падзякай за ўсё добрае — Зося Няпомняшчая.

 

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.