Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Да чарговай трагедыі?

Рыгор КАСТУСЁЎ

Рыгор КАСТУСЁЎ

Старшыня Партыі БНФ і грамадскага аб'яднання БНФ "Адраджэнне", экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010. Нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасці інжынер-механік. Служыў у Савецкай арміі, працаваў галоўным інжынерам, дырэктарам саўгаса, дырэктарам Шклоўскага раённага аб'яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2001 годзе вымушаны быў сысці з пасады пад ціскам уладаў з-за працы ў камандах кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых саветаў. Аўтар праграмы развіцця і рэфармавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, канцэпцыі дзяржаўнай палітыкі лесакарыстання ды іншых праграмных дакументаў БНФ.

Кожны год беларускія СМІ, ды і не толькі, з сумам паведамляюць аб трагедыях, звязаных з абрушэннямі на аб’ектах незавершанага будаўніцтва, або з закінутымі аб’ектамі — пра якія іх “гаспадары” даўно забыліся.

Найвялікшы жах выклікае інфармацыя, калі пад абрушэннямі на такіх аб’ектах гінуць людзі, асабліва непаўнагадовыя дзеці.

Як гэта, напрыклад, было ў Магілёве ў лістападзе 2017 года, калі пад заваламі даху пустога будынку ў мікрараёне Спадарожнік па вул. Мінская шаша загінулі двое хлопчыкаў.

Па фактах гібелі дзяцей Следчым камітэтам была ўзбуджана крымінальная справа, вызначаны і пакараныя вінаватыя.

Або зусім нядаўні прыклад — абрушэнне сцяны незавершанага будаўніцтва вытворчага корпуса ААТ “Інтэграл”; загінулі два працаўнікі прадпрыемства.

Следчы камітэт праводзіць расследванне, узбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 303 (парушэнне правіл бяспекі будаўнічых работ) Крымінальнага кодэкса. Вінаватыя могуць атрымаць пакаранне абмежаваннем волі на тэрмін да 5 гадоў, або пазбаўленнем волі на тэрмін ад 2 да 7 гадоў.

Знайсці вінаватых і пакараць іх — гэта, звычайна, самая простая справа, з якой беларуская судовая сістэма пад кіраўніцтвам беларускай выканаўчай улады заўсёды паспяхова спраўляецца. Бо беларуская судовая сістэма, беларускія ўлады ў сваёй дзейнасці ў такіх выпадках “заточаны” толькі на пошук і пакаранне вінаватых, а не на прыняццё мераў па мінімізацыі падобных трагічных выпадкаў.

Чаму і ў першым, і ў другім выпадках (па ўсёй краіне — не адзінкавыя) не было прынята ніякіх захадаў для прадухілення трагедыяў? Бо будаўніцтва вытворчага корпуса ААТ “Інтэграл” было распачатае яшчэ ў 1989 годзе, і з тых часоў гэты корпус так і стаяў незавершаны, развальваючыся на віду ў кіраўніцтва і супрацоўнікаў прадпрыемства цягам трыццаці гадоў.

Не заўважылі блізкай трагедыі разнастайныя правяраючыя з кантралюючых органаў, прадстаўнікі ўладаў, дэпутаты розных узроўняў, што рэгулярна з году ў год наведвалі прадпрыемства.

Знайшоўшы вінаватых, закрыўшы чарговую справу, чынавенства, як звычайна, супакоіцца да чарговай трагедыі на чарговым аб’екце. А такіх аб’ектаў, стан якіх можа ў любы час прывесці да падобнай трагедыі, мноства. Толькі ў Мінску іх дзесяткі.

За прыкладамі не патрэбна далёка хадзіць ад цэнтра горада, дзе размяшчаюцца дзяржаўныя і гарадскія органы ўлады. Чаго варты толькі выгляд і стан неэксплуатуемых памяшканняў станкабудаўнічага завода імя Кірава на вуліцы Чырвонаармейскай, побач з гатэлем “Пекін”.

Доступ ў былыя цахі завода свабодны, чым нярэдка карыстаецца мясцовая дзятвара.

Не маглі не бачыць стан гэтых цахоў і шматлікія чыноўнікі міністэрстваў, Мінгарвыканкама, іншых установаў, бываючы ў гатэлі “Пекін” пры наведванні нашай краіны дэлегацыямі Кітая.

Бываюць тут і шматлікія дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, у тым ліку і дэпутат па Купалаўскай выбарчай акрузе № 95 Сайганава Таццяна Іванаўна.

Вуліца Чырвонаармейская якраз ўваходзіць у тэрыторыю Купалаўскай акругі.

Дадзены артыкул будзем лічыць зваротам па просьбе грамадзян, што пражываюць на прылягаючых да завода імя Кірава вуліцах, да чыноўнікаў і дэпутата Сайганавай Т.І. з патрабаваннем — не дапусціць чарговую падобную трагедыю.

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.