Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Стасункі Беларусь — ЗША: перспектывы і актуаліі

Рыгор КАСТУСЁЎ

Рыгор КАСТУСЁЎ

Старшыня Партыі БНФ і грамадскага аб'яднання БНФ "Адраджэнне", экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010. Нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасці інжынер-механік. Служыў у Савецкай арміі, працаваў галоўным інжынерам, дырэктарам саўгаса, дырэктарам Шклоўскага раённага аб'яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2001 годзе вымушаны быў сысці з пасады пад ціскам уладаў з-за працы ў камандах кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых саветаў. Аўтар праграмы развіцця і рэфармавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, канцэпцыі дзяржаўнай палітыкі лесакарыстання ды іншых праграмных дакументаў БНФ.

У апошнія тыдні актывізавалася ўзаемадзеянне паміж Рэспублікай Беларусь і Злучанымі Штатамі. Без перабольшвання можна сказаць, што інтэнсіўнасць стасункаў з заакіянскай дзяржавай хоць яшчэ і саступае ў дынаміцы дачыненням з еўрапейскімі сталіцамі, але ўжо дакладна пачынае выходзіць са шматгадовага застою.

Гэта нагода паразважаць наконт таго, якое значэнне мае заакіянскі цэнтр геапалітычнай сілы для Беларусі ў кароткатэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве.

У лістападзе ў Мінску высадзіўся сапраўдны дэсант амерыканскіх дзяржаўных службоўцаў, а таксама аналітыкаў ды экспертаў. З некаторымі з іх давялося сустрэцца і мне як кіраўніку Партыі БНФ. У прыватнасці, мне давялося мець працяглую гутарку з кіраўнічкай аддзела Ўсходняй Еўропы Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША спадарыняй Элізабет Хані, якая знаходзілася з візытам у Мінску.

Дазвольце мне падзяліцца тымі тэзамі, якія гучалі з боку БНФ у размовах з прадстаўнікамі ЗША падчас гэтых сустрэчаў.

Натуральна, што заакіянскіх візіцёраў у размове з беларускімі палітыкамі цікавіць у першую чаргу выбарчая тэматыка. Але тут, нажаль, аніякіх навінаў няма: нязменнасць умоваў правядзення выбараў не дазваляе разлічваць на якія-небудзь пазітыўныя змены ў будучых выбарчых кампаніях, як прзідэнцкай, так і парламенцкай.

Мы прагназуем старт прэзідэнцкай кампаніі праз год: абвяшчэнне напрыканцы 2019 года і сама дата выбараў увесну 2020-га, парламенцкія выбары — увосень 2020 года.

Ужо зараз бачна што выбары пройдуць па звычайным сцэнары пад кантролем выканаўчай улады. Але мы павінныя паказаць іх сапраўдную сутнасць і не даць прадставіць наступныя выбары ў якасці сапраўднага волевыяўлення народа.

Давялося мне казаць гасцям са Злучаных Штатаў і пра іншыя важныя рэчы, у тым ліку звязаныя са зменамі ў геапалітычнай сітуацыі вакол Беларусі.

Апошнім часам у Беларусі павялічылася роля "мяккай сілы Расіі" — розных прарасійскіх нібыта грамадскіх арганізацыяў, ствараюцца цэлыя сеткі інфармацыйных сайтаў, як бы не палітычных (але і палітычных таксама). І гэта больш істотная пагроза, чым просты вайсковы ўплыў Расіі, якім апошнім часам сталася модна застрашаць Захад у асяроддзі палітолагаў і аналітыкаў.

У значнай ступені расійскія грошы ствараюць тут такую ж інфраструктуру, якая была створаная ва Украіне ў перыяд 2005-2013 гг. (гэта значыць — пасля аранжавай рэвалюцыі, але задоўга да Еўрамайдану) і спрацавала ў 2014 годзе пры арганізацыі анэксіі Крыму і развязвання братазабойчай вайны на Данбасе.

Неістотна, колькі дзесятых працэнта набірала на выбарах у Крыме партыя палітычнага крымінальніка Аксёнава — яна была патрэбная Расіі і была на ўтрыманні Расіі для іншых, неэлектаральных мэтаў, што і было яскрава прадэманстравана ў 2014 годзе.

Так і тут у нас, у Беларусі, расійская інфраструктура можа быць створаная (і ўжо ствараецца) з разлікам на далёкую будучыню. Гэта не азначае, што заўтра РФ тут будзе ўводзіць войскі — але інфраструктура для інфармацыйнага забяспячэння такога захопу ўжо ствараецца, каб спрацаваць ў патрэбны, яшчэ дакладна не прызначаны момант.

Наадварот, інфраструктура падтрымкі дэмакратычных сілаў слабее. Як мы разумеем, геапалітычныя інтарэсы захавання стабільнасці цяпер у вачах Захаду пераважаюць інтарэсы падтрымкі дэмакратыі. Але гэта глыбокая памылка: Беларусь цяпер робіцца закладніцай Лукашэнкі і створанага ім рэжыму адзінаасобнай улады. Патэнцыйна гэта стварае стратэгічную пагрозу нестабільнасці для нашай краіны.

Можа атрымацца так, што пасьля сыходу Лукашэнкі адзінай грамадзкай сілай, якая будзе здольная ўплываць на лёс краіны, акажуцца прарасійскія арганізацыі. Псеўдаграмадскія структуры, на якія абапіраецца Лукашэнка (накшталт «Белай Русі» і БРСМ), не змогуць эфэктыўна абараняць краіну, калі Лукашэнка знікне. Так ужо было у час Перабудовы, калі пасля скасавання кіруючай ролі кампартыі ўсе астатнія псеўдаграмадскія структуры рассыпаліся і не здолелі абараніць сваю ж сістэму. Бараніць СССР з іх не выйшаў ніхто.

Гаворачы пра доўгатэрміновыя перспектывы стасункаў, нельга абмінуць і ролю ЗША як гаранта бяспекі і незалежнасці Беларусі, што было дэкляравана і прызнана чатырма дзяржавамі падчас адмовы нашай краіны ад ядзернай зброі праз падпісанне Будапештскага мемарандума. Але ж рэальнае забяспячэнне гэтай функцыі магчымае толькі пасьля таго, як нашая краіна інтэгруецца ў найбуйнейшую на сённяшні момант у свеце сістэму ўзаемнай бяспекі ў выглядзе Арганізацыі Паўночна-Атлантычнай Дамовы (АПАД/НАТА).

Тут я хацеў бы падкрэсліць ролю БНФ як адзінай партыі, якая выступае за далучэнне нашай краіны да НАТА. Немагчыма выступаць за эўрапейскі выбар для Беларусі і не выступаць за далучэнне да НАТА: досвед Грузіі і Украіны і адваротны досвед краін Балтыі паказаў, што толькі пры далучэнні да агульнаеўрапэйскай структуры бяспекі краіна можа свабодна выбраць еўрапэйскі шлях. У адваротным выпадку РФ будзе імкнуцца перашкодзіць еўрапейскаму выбару вайсковым чынам. Гэта таксама вымагае выхаду Беларусі з АДКБ і вываду аб'ектаў "Ганцавічы" і "Вілейка" з беларускай тэрыторыі.

Для Злучаных Штатаў Партыя БНФ прапануе ў якасці стратэгічнай ініцыятывы на сярэднетэрміновым этапе ўключэнне Беларусі ў праграму Пашыранага партнёрства ў Паўночнай Еўропе (E-PINE).

Адметнасцю гэтай сістэмы міждзяржаўнага ўзаемадзеяння з'яўляецца тое, што ў яе ўваходзяць як краіны НАТА, так і нейтральныя дзяржавы, аб'яднаныя агульным бачаннем Еўропы як кантыненту міру і стабільнасці. Апроч абарончага вымярэння гэтая праграма мае і грамадскі, і эканамічны складнік.

Партыя БНФ выступае за ўсебаковае мацаванне супрацоўніцтва беларускага і амерыканскага народаў. У тым ліку вельмі важныя тыя праграмы кантактаў паміж людзьмі, якія цяпер развівае амерыканская амбасада (Community Connections, акадэмічныя і прафесійныя абмены, праграмы для студэнтаў і навукоўцаў ды іншыя).

Вялікае сімвалічнае значэнне мае ўнёсак ЗША у аднаўленне гістарычнай спадчыны ў Беларусі, у тым ліку сядзібы Касцюшкі. Дзесяць гадоў таму амбасада ЗША вылучыла фінансаванне для аднаўлення сядзібы, а сёлета пры ўдзеле як грамадзянскай супольнасці так і ўладаў там быў пастаўлены помнік Касцюшку, грошы на які збіралі беларусы.

У гэтым сьвятле БНФ падтрымлівае пашырэнне штату пасольства і вельмі добра, што дзякуючы гэтаму пашырэнню цяпер візы беларусы ізноўку атрымліваюць у Мінску.

Але разам з тым мы не павінныя забываць, што ўзаемнае адкліканне амбасадараў адбылося з ініцыятывы афіцыйнага Мінску, які распачаў у 2008 годзе віток дыпламатычнай напружанасці ў сувязі са справядлівай крытыкай з боку ЗША па прычыне наяўнасці ў Беларусі палітвязняў.

Так што крок па аднаўленні стасункаў павінны быць з беларускага боку ў выглядзе вызвалення палітвязняў і лібералізацыі выбарчага заканадаўства (справядлівы падлік галасоў). У адваротным выпадку аднаўленне дыпламатычнага прадстаўніцтва будзе недарэчным жэстам на адрас афіцыйнага Мінску.

Гэта было б асабліва небяспечна цяпер, калі рэпрэсіі павялічваюцца. А менавіта такое павелічэнне рэпрэсіяў мы назіраем у 2017-2018 гадах, калі ўлады вярнуліся да палітычна матываваных крымінальных справаў і кампаніяў запалохвання журналістаў.

Пры такіх умовах наш адказ па пытанні вяртання амерыканскага амбасадара ў Беларусь і беларускага ў ЗША такі: 1) дыпламатычныя сувязі паміж нашымі краінамі павінны быць адноўленыя; 2) перадумовай для аднаўлення дыпламатычных сувязяў мы лічым вызваленне двух асобаў, зняволеных цяпер за іх грамадзкую дзейнасць (сябра праваабарончай арганізацыі "Платформа" Міхала Жамчужнага і Святаслава Барановіча, які быў асуджаны за пратэсты супраць дэкрэта № 3).

Толькі такія крокі могуць засведчыць намер уладаў Беларусі да ліквідацыі тых падставаў, якія дзесяць гадоў таму прывялі да таго, што Беларусь і ЗША не маюць паўнавартасных дыпламатычных кантактаў на ўзроўні амбасадараў.  

 

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.