«Сэрца спакутавалася за Беларусь». Памяці Алеся Ліпая

Мала хто ведае, але паэзія Алеся Ліпая гэта не толькі вершы, але і песні.

Ідэя гэтага артыкулу была вельмі простая — напісаць пра песні на вершы Алеся Ліпая. Але ўсе яго сааўтары-кампазітары абавязкова распавядалі нейкую гісторыю, якая характарызуе Алеся як журналіста ці як дырэктара інфармацыйнага агенцтва. І сапраўды, толькі творчы чалавек разумее, што без свабоды чэзнуць і журналісты, і выданні.

 

Тэксты патрыятычныя, па-сапраўднаму беларускія

Да пачатку 90-х кампазітар Зміцер Яўтуховіч ужо быў вядомы як аўтар хітоў “Даставай, Язэп, гармонік”, “Старана мая азёрная”, “А ў гасцях шум і тлум”, “Беларускія дзяўчаты”, “Пад зоркай “Пагоні”, “Спіць над лесам аблачынка”.

Вось як ён распавядае пра знаёмства і сумесную творчасць з Алесем Ліпаем:

— Для праграмы “Крок” моладзевай рэдакцыі Беларускага тэлебачання быў зроблены вельмі смелы, сказаў бы нават “злы” кліп на маю песню “Беларускія манкурты”, напісаную на верш паэта Леаніда Пранчака. Ён жа ў якасці вядучага “Крока” запрасіў у эфір Васіля Быкава. Пісьменнік сказаў некалькі добрых слоў у адрас песні. Пасля гэтага эфіру яе даволі часта перадавалі па радыё, толькі словы з прыпеву "камсамольцы і бязбожнікі” давялося замяніць на “бюракраты і бязбожнікі” — пра гэта рэдактары радыё папрасілі Леаніда Пранчака.

І вось аднойчы мне патэлефанаваў паэт і журналіст Алесь Ліпай — так ён прадставіўся — і прапанаваў заехаць да яго ў рэдакцыю газеты “Знамя юности”. Размова ішла пра друкаванне нотаў і слоў песні “Беларускія манкурты”. Надрукаваў ён у выніку, дарэчы, арыгінальны тэкст Леаніда Пранчака з “камсамольцамі” — гэта сведчыць пра пэўную адвагу Ліпая як журналіста.

Рубрыка «Родны склон» на старонках «Знамени юности» — гэта быў персанальны праект Алеся Ліпая

Знаёмства кампазітара і паэта працягвалася, і неяк Алесь прапанаваў Зміцеру паглядзець яго новыя вершы. Той выбраў некалькі цікавых тэкстаў і спрабаваў пісаць песні. Але працэс цягнуўся даўжэй, чым звычайна, таму што ў Яўтуховіча былі абавязацельствы перад іншымі сааўтарамі.

І ўсё ж у канцы 1990 года я паказаў Ліпаю адну са сваіх яркіх мелодый у мадэрновым духу, дзе вельмі добра клалася на пачатак прыпеву трохразовае “Гэй-гэй-гэй”, вядома ж, з беларускім “г”. Некалькі разоў пры сустрэчах за раялем і ў Саюзе кампазітараў ды на радыё мы з Алесем правілі тэкст, дамагаючыся адпаведнасці з музыкай.

Зрабіўшы моцную аснову аранжыроўкі, Зміцер паказаў яе музычнаму рэдактару Беларускага радыё Людміле Палкоўнікавай, прапанаваўшы для яе перадачы “Прэм'ера песні”.

— На радыё прыхільна сустрэлі смелы тэкст песні “Гэй, дзецюкі!”. Пахвалілі Ліпая і маю кампазіцыю, якую я ліха выконваў пад раяль. Я проста напалохаў іх гэтым творам, такога ад мяне і не чакалі. Ну так, ужо была ў 1990-м песня “Пад зоркай "Пагоні”, якая ў запісаным выглядзе дзевяць месяцаў чакала сваёй чаргі да выхаду ў эфір. Цэнзура, маўляў. Але 1991-ы — зусім іншы час. Ліпай жа ў тэксце, на іх погляд, пайшоў значна далей за іншых паэтаў у нацыянальным пытанні і самавызначэнні. А ў музычнай рэдакцыі на той час не было досведу працы з падобным матэрыялам. Але тэндэнцыя была, і ім хацелася ісці ў нагу з часам і трохі нават у авангардзе.

У музычнай рэдакцыі радыё адразу ў якасці саліста параілі Дзмітрыя Смольскага.

— Ён праспяваў “Гэй, дзецюкі!” ва ўласцівай яму манеры, але нават больш смела, чым звычайна. На запісе прысутнічаў Алесь Ліпай. У фінале тэлеперадачы “Песню бярыце з сабой” “Дзецюкі” прагучалі вельмі магутна. Але смеласць і экстрэмальнасць песні заключалася ў тэксце Aлеся Ліпая, а мая музыка яго ўзмацніла. Гэта быў відавочны заклік да незалежнасці Беларусі.

Як успамінае кампазітар, словы “дакуль жа будзем мы няволяю сябе караць” і іншыя смелыя фразы выклікалі бурную рэакцыю нацыянальна арыентаванай публікі. У зале музычнага тэатра ўзнімаліся бел-чырвона-белыя сцягі, гучаў лозунг “Жыве Беларусь!”.

Канодумка Кастуся Каліноўскага

Як варта піць і ваяваць — дык адно за наскі край,

зьнявечаны, зьняважаны панаваньнем прышлых

зграй.

Хай,

хай апошнім будзе год няволь!

Узьнімай

над Радзімай бел-чырвону-бель!

Суцяшай

сьвентай помстаю нязгойны боль свой!

Гэй, гэй, гэй, дзецюкі,

до' зьбіраць медзякі! —

Свабоду не купіць!

Гэй, гэй, гэй, дзецюкі,

лёс нам выпаў такі —

пара трымаць іспыт.

Іспыт на права называць сябе й сваіх дзяцей

імёнамі гаспадароў, а не рабоў ці гасьцей.

Хай,

хай апошнім будзе год няволь!

Узьнімай

над Радзімай бел-чырвону-бель!

Суцяшай

сьвентай помстаю нязгойны боль свой!

Гэй, гэй, гэй, дзецюкі,

до' зьбіраць медзякі! —

Свабоду не купіць.

Гэй, гэй, гэй, дзецюкі,

лёс нам выпаў такі —

пара трымаць іспыт.

Хай,

нам каханыя даруюць хай,

не пра іх

мары, дзеі, сны і помяны, —

нам баліць

гэты ворагам зьняволены

край.

Гэй, гэй, гэй, дзецюкі,

до' зьбіраць медзякі! —

Свабоду не купіць.

Гэй, гэй, гэй, дзецюкі,

лёс нам выпаў такі —

пара трымаць іспыт.

— Хачу адзначыць, што ў лексіцы Алеся Ліпая было шмат малавядомых, цікавых слоў у параўнанні з іншымі паэтамі, і фразы ён будаваў арыгінальна. Думаю, як і Караткевіч, ён глыбока вывучаў беларускую мову. Так, яго тэксты нашмат складанейшыя, практычна незразумелыя расейцу, у адрозненне ад такіх хітоў, як, напрыклад, “Касіў Ясь канюшыну”, “Александрына” ці “Баю-бай — вачаняткі закрывай”.

Але яго творы вельмі патрыятычныя, па-сапраўднаму беларускія. І сам ён быў сынам роднай зямлі, якую вельмі любіў, жадаў ёй шчаслівай долі. Я даўно жыву ў Амерыцы і не ведаю, з-за чаго памёр Алесь. Але якім бы ні было заключэнне дактароў, я думаю, што яго сэрца спакутавалася за Беларусь. Хай зямля яму будзе пухам. І я веру, што прыйдзе час, калі яго песні зноў будуць гучаць у эфіры беларускага радыё і тэлебачання!

 

Заставаўся вельмі сціплым чалавекам

Знаёмства Алеся Ліпая і Зміцера Вайцюшкевіча пачалося з таго, што дырэктар БелаПАН запрасіў спевака выступіць на карпаратыўнай вечарыне агенцтва.

— А на юбілеі БелаПАН я нават быў вядучым свята. Як і я, Алесь сябраваў з Уладзімірам Някляевым, і мы часцяком апыналіся ў агульнай кампаніі. Неяк вельмі нясмела Алесь прапаноўваў мне пакласці на музыку ягоныя вершы, — прыгадвае Зміцер Вайцюшкевіч. — Я аднекваўся — маўляў, у мяне свая праграма, гастролі. Але мы сябравалі, Алесь прыязджаў да мяне ў Вайцюшкі, чытаў там вершы, ездзіў ў Вільню на мой канцэрт.

Аднойчы ён патэлефанаваў і прапанаваў напісаць на яго верш песню да фільма Андрэя Курэйчыка “PARTY-ZAN фільм”. Мае канцэрты тады былі забароненыя ў Беларусі, і я вырашыў, што гэта шанец быць пачутым хоць бы ў саундтрэку. Сёння лічу, што “Я браў цябе за руку” — наша лепшая песня з трох напісаных.

 

 

Пасля прэзентацыі апошняй кнігі Алеся мы ўсё-ткі дамовіліся, што напішам праграму. Папярэдзіў, што гэта няпроста і няхутка. Ужо вясной я запісаў дзве песні, пакуль яны ў дэма-версіі. Алесь іх чуў. Мы зверылі планы і дамовіліся, што восенню вернемся да працы... Не думаў, што мне давядзецца аднаму завяршаць гэтую працу. Сыход Алеся быў настолькі нечаканым, што цяжка выйсці з шокавага стану…

Алесь Ліпай быў вельмі ўплывовым чалавекам у журналісцкім асяроддзі. Нягледзячы на гэта, заставаўся надзвычай сціплым чалавекам. Мяне нават бянтэжыла, калі ён звяртаўся да мяне неяк нясмела.

Калі Алеся не стала, сёй-той пачаў разважаць: маўляў, яго паэзія была неадназначнай, нешта больш удалае, нешта — менш. Я лічу, што ён — вялікі паэт. Але, на жаль, яму банальна не хапіла часу, каб рэалізаваць увесь свой паэтычны патэнцыял. Веру, што прыйдзе час, калі творы Алеся будуць уключаны ў школьную праграму. І новыя песні на яго вершы, я ўпэўнены, таксама будуць з'яўляцца.

 

Сааўтар Купалы

У пачатку сваёй кар'еры спявачка Ірына Відава прыглядалася да розных выданняў, шукала, з кім можна супрацоўнічаць. Выбар быў зроблены, у тым ліку, і на карысць газеты “Отдыхай”, якую выдавала БелаПАН.

— Спачатку я пазнаёмілася з Мікалаем Сямёнавічам Ініным, намеснікам дырэктара агенцтва, крыху пазней — з Алесем Ліпаем. Тады ў іх было самае сучаснае інфармацыйнае агенцтва і першая газета, якая спецыялізавалася на папулярызацыі беларускіх артыстаў, — распавядае Ірына. — Шкада, што выдаўцы вымушаныя былі закрыць газету. Хачу адзначыць вельмі высокі прафесіяналізм і аб'ектыўнасць белапанаўцаў. У некаторых выданнях публікуецца інфармацыя, умоўна кажучы, пра пэўную групу артыстаў, а іншым там месца не будзе ніколі. БелаПАН не дзеліць ні артыстаў, ні прадстаўнікоў іншых сфер на набліжаных і аддаленых” — тут могуць усе выказваць свой пункт гледжання.

— У 2000 годзе БелаПАН зладзіў ўшаноўванне алімпійцаў. Тады Ірына пазнаёміла мяне з Алесем, — успамінае кампазітар Алег Молчан. — Пачалося цеснае супрацоўніцтва з БелаПАН і Naviny.by, якія выступалі інфармацыйнымі партнёрамі нашых канцэртаў, дыскаў. З часам партнёрства перарасло ў асабістае сяброўства. Я заўважаў: наколькі Алесь лідар у рабочай абстаноўцы, настолькі ён сціплы чалавек у сяброўскай кампаніі, які не прыцягвае да сябе ўвагі, нават маўклівы. Спачатку мяне гэта трохі здзіўляла, потым жа не тое каб прывык, а проста з блізкім па духу чалавекам і маўчаць камфортна.

Музыкі разумелі, што Ліпая не запросяць пачытаць вершы ў школе або бібліятэцы. Ім хацелася хоць нешта зрабіць для папулярызацыі Ліпая-паэта. Таму Алег і Ірына выбралі некалькі яго вершаў, каб напісаць песні.

Добра памятаю аўтарскі вечар Алега Молчана ў Палацы Рэспублікі. Тады прагучала песня “Бархатный сезон” у выкананні Леаніда Барткевіча. Кампазітар прадставіў публіцы паэта Алеся Ліпая. Гэтак жа было і на фестывалі беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне ды на іншых пляцоўках.

 

 

Шмат у каго сяброўства пачынаецца з сумеснай песні, у нас жа песні сталі працягам сяброўства, — кажа Алег Молчан. Я спадзяваўся, што на вершы Алеся будзе напісана яшчэ шмат песень, таму параіў яму адразу рэгістраваць творы ў НЦІУ, што ён і зрабіў.

Алег Молчан падахвоціў Алеся Ліпая на адмысловы творчы эксперымент. Рыхтуючы аўтарскі канцэрт на вершы Янкі Купалы, кампазітар знайшоў цікавы верш класіка, але каб стаць песняй, яму не хапала прыпеву. Алег папрасіў Алеся напісаць гэты прыпеў. Так Ліпай стаў сааўтарам Купалы.

 

 

Песня “Карабель маёй краіны” Алега Молчана на словы Алеся Ліпая ў выкананні Ірыны Відавай, можна смела сцвярджаць, ужо ўвайшла ў залаты фонд сучаснай музыкі. Менавіта гэтая кампазіцыя на беларускай мове ўпершыню за 50 гадоў стала лаўрэатам міжнароднага фестывалю “Красная гвоздика”.

 

 

— Алесь без праблем дапісаў па маёй просьбе яшчэ куплет і прыпеў, некаторыя радкі і словы памяняў ў самім вершы. Я растлумачыў яму розніцу паміж вершам, калі чалавек чытае, і музычным творам з тэкстам, калі публіка слухае, — распавёў Алег Молчан. — Нават прывёў у прыклад некаторыя вершы Янкі Купалы, Максіма Багдановіча і папрасіў выкарыстоўваць “спеўныя” словы, якія кладуцца на слых. Алесь даверыўся мне, і ў выніку ў нас атрымалася хітовая песня.

Яе прэм'ера адбылася на маім юбілейным аўтарскім канцэрце на фестывалі беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2015”. Набліжаўся і юбілей самога Алеся, i я думаў, што сучасная беларуская лірыка-патрыятычная песня, пазбаўленая пафасу, была б добрым падарункам паэту. Па шчырасці, і публіка чакала такую песню.

Спыталі ў Алеся, ці не супраць ён, каб мы з Караблём паехалі на конкурс “Красная гвоздика. Ён не пярэчыў, але мы адчувалі, што неяк насцярожыўся, — узгадвае Ірына Відава. — Мы сталі лаўрэатамі. Гэта, дарэчы, была і першая перамога на такім конкурсе ў гісторыі незалежнай Беларусі. Для Алеся, мне здаецца, яна была вельмі неспадзяванай. А нас ён цёпла павіншаваў і падзякаваў і, думаю, ганарыўся такім вынікам.

Апошні раз Алесь чуў гэтую песню на маім юбілейным канцэрце ў “Прайм-холе”. Як заўсёды, мы прадставілі яго публіцы, якая вельмі цёпла прымала кампазіцыю.

Калі не стала Алеся, мне распавялі, што на тым канцэрце ён нават танцаваў, шмат усміхаўся, быў душой невялікай кампаніі за сваім столікам. Магчыма, у яго жыцці мог пачацца нейкі новы цікавы перыяд. Але ён так раптоўна пайшоў... Мы бачыліся за тыдзень да яго смерці, і нішто не прадвяшчала такой бяды. Цяжка змірыцца з тым, што Алеся ўжо няма...

На раялі кампазітара ляжыць зборнік Алеся Ліпая, у яго электроннай пошце — лісты з вершамі. У памяць пра сябра Алег Молчан, вядома ж, напіша новыя песні, а значыць, і Алесь, хай нябачна, але будзе дзесьці побач з намі…