Павел Севярынец. ФЕНАМЕНАЛОГІЯ БЕЛАРУСІ. Адзінаборствы

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

Той, хто сутыкаецца з беларусам у асабістым супрацьстаянні, дарма разлічвае на мірны нацыянальны характар або комплекс слабейшага. Адзінаборства — гэта спаборніцтва духу. Таму Беларусь мае алімпійскіх чэмпіёнаў і чэмпіёнаў свету ў грэка-рымскай і вольнай барацьбе, боксе, дзюдо — і наймацнейшыя на кантыненце каманды па тайскім боксе, кікбоксінгу і таэквандо.

Увогуле, беларусы не любяць гвалту. Але калі ўжо сышліся твар у твар, калі пытанне "альбо ты — альбо цябе" — моцная ўнутраная цярплівасць і стоеная воля ваяра гатовыя даць адпор каму заўгодна.

Беларусі хопіць адно плечавога поясу, як класічным дужбітам Алегу Караваеву, алімпійскаму чэмпіёну 1960 г., Лявону Ліберману, пераможцу першынства свету 1973 г., ці Сяргею Ліштвану, чэмпіёну Еўропы 1996 г. і срэбнаму прызёру Алімпійскіх гульняў 1996 г. у Атланце, каб заламаць любога супраціўніка.

Беларусь адолее і Амерыку, і Расею, і Японію, падобна алімпійскаму чэмпіёну Афінаў-2004 дзюдаісту Ігару Макараву. Беларусь можа схапіць на вагу і грохнуць вобзем, як наймацнейшы ў свеце вольнік Аляксандр Мядзведзь — трохразовы алімпійскі чэмпіён (Токіё 1964 г., Мехіка 1968 г., Мюнхена 1972 г.).

А калі даць волю рэзкім ударам з акрабатычнай расцяжкай, дык адным прыёмам кікбоксінгу або таэквандо адправім у накаўт кожнага, хто лічыць беларуса няздольным да бою: Уладзімір Задзіран — чэмпіён свету 1993 г. сярод прафесіяналаў па кікбоксінгу, Аляксандр Злыгосцеў — віцэ-чэмпіён таго ж году; Аляксей Пякарчык — пераможца Кубку Еўропы, чэмпіён свету і Еўразіі 1996 г., а таэквандыстка Алеся Чарнецкая — уладальніца 22 медалёў чэмпіянатаў свету і Еўропы!

Беларусы здольныя перамагаць сябе — а значыць, і ўсіх астатніх.

Цвёрдыя гарэшкі, беларусы з часоў Полацкага княства практыкаваліся ў дужанні: асабліва была папулярная "барацьба да крыжа", калі хлопцы намагаліся распластаць адзін аднаго на зямлі з раскінутымі рукамі.

У вялікіх бітвах Сярэднявечча беларусы заўжды перамагалі меншымі сіламі — бо былі мацней духам, выкарыстоўвалі тактыку раптоўнага ўдару, і біліся да апошняга.

Беларусы цудоўна засвоілі галоўнае правіла адзінаборстваў: выкарыстоўваць напор супраціўніка, каб яго перамагчы. Чуйная і лёгкая разведка, амаль пяшчотная асьцярожнасць і партызанская пільнасць у першых дотыках, прыземістая і ёмістая стойка, сыход ад удараў, лясныя ўлоўкі, хованкі, адступленне ў самы кут… І раптам — эфект грознага разгортвання сцятай да болю спружыны. Выбух сілы, настолькі ж разбуральны, як падрыў мосту пад цягніком!.. Гэта — беларускі стыль.

У большасці выпадкаў беларус выходзіць змагацца супраць байцоў вялікіх краінаў. Супраціўнікі яўна пераважаюць у сіле й агрэсіўнасці. Таму беларускае адзінаборства — гэта стратэгія Давіда ў баі з Галіяфам. Беларус — менавіта адзінаборца. Не ў натоўпе, не кагалам — ён сам за сябе і адзін на ўсіх.

Тады, калі ўласнае цяжкае дыханне надрыўна раве ўвушшу, адрэналін шыпіць у мышцах, сэрца, здаецца, вось-вось лопне ад напругі, а падаўленае чужой магутнасцю цела здраджвае — у сапраўдным беларусе прабуджаецца дух. Ён сціскае волю ў кулак, раптам разгортвае стагоддзямі хаваную моц, разрывае жалезныя захваты, і наносіць удар за ўдарам, і мільгае паніка ў вачох насупраць, і вось яна, перамога!

Станьце ў шэраг, тварам да сцягу. Прыкладзіце далонь да сэрца. Быццам гімн на ўзнагароджанні, гучыць:

— Імя і сілу беларуса

Няхай пачуе й бачыць той,

Хто смее нам нясці прымусы

І першым выкліча на бой!

 

 

З кнігі “Люблю Беларусь”

 

Працяг будзе

 

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

 




Оставьте комментарий (0)