Галіна Каржанеўская. ПРАБЛЕМА. Зомбі за рулём

Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ

Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ

Нарадзілася на Случчыне ў сям’і аграномаў. З бацькамі пераехала ў Лагойскі раён, дзе некаторы час настаўнічала пасля заканчэння БДУ (філфак). З 1981 г. жыве ў Мінску. Працавала на рэспубліканскім тэлебачанні і ў газеце “Літаратура і мастацтва”. Паэт, крытык, драматург. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Жыў-быў у горадзе мужык. Звычайнага рабоча-сялянскага паходжання, сярэдняй адукацыі і з сярэднімі задаткамі. Зарплату атрымліваў таксама сярэднюю, але на жыццё і сям’ю хапала.

Курсы па кіраванні прайшоў змоладу. Вельмі запомнілася, як інструктар біў манціроўкай па назе, калі нага націскала не той педаль. Затое навучыў. Кіраванне аўтатраспартным сродкам стала прафесіяй.

Працаваў мужык амаль безаварыйна да пенсіі і далей. І так умеў ладзіць з начальствам (гэта быў яго адзіны талент), што яно закрывала вочы на паступовыя змены ў выглядзе: пачырванелы твар, мутныя вочы, пах перагару зраніцы…

Мужыку ад бутэлькі з празрыстай вадкасцю трэба было бегчы доўга і далёка, бо ўсе продкі мелі слабіну па гэтай лініі. Дагнала і яго. Чысціў кроў кропельніцамі, спрабаваў кадзіравацца (без асаблівага поспеху), аднак на ўліку ў нарколагаў не стаяў і неяк перабіваўся. У саліднай фірме, куды ён працаўладкаваўся, супрацоўнікаў перад рэйсамі практычна не правяралі — адно фармальна рабілі запісы ў журнал.

Пападаўся ён двойчы. Першым разам яшчэ пры СССР — яго на службовай спыніла і злавіла на астаткавым перасоўная наркалогія. (Будкі былі, як цяпер аўтазакі. Няўжо яны вазілі з сабой лабараторыю?) Тады ўсё скончылася перапудам, вадзіцельскія правы захаваў, бо любімае начальства знала, каму званіць, і адмазала. І так ён прырос да руля, як некаторыя — да ўлады: па ўласнай ахвоце звольніцца ну ніяк не мог.

Грувасткія будкі даўно перасталі выязджаць на ажыўленыя дарогі. А інспектары ДАІ, хаваючыся ў кустах, правяраюць звычайна хуткасць руху.

Другога разу магло не быць, каб не персанальнае аўто. Ён сядаў на старэнькую “Хонду”, як Ямеля на печ: ехаў на поўным аўтамаце і ў раслабоне ад піўка. Мог сабе дазволіць, што называецца! Жонка даўно перастала адрозніваць, калі ён п’яны, а калі цвярозы.

За дзесяць гадоў такой прыкладна язды ні п’янага, ні цвярозага кіроўцу не спыніў ніводзін супрацоўнік ДАІ. На гродзенскай шашы — выедзе з Мінска — іх проста не бывае. Бясхозны напрамак. На Заслаўскай дарозе зрэдку дзяжурылі, ды ён жа не дурань, каб яшчэ і разганяцца!

Папаўся ён у мінскай пробцы — калі газануў не ў час і стукнуў у задок крутой “Аудзі”. Пацярпела яшчэ адна машына. Усіх траіх за шкірку і на Мініна. Прыбор зрэагаваў толькі на яго. Што і патрабавалася даказаць.

Якім быў вынік усёдазволенасці?

Памяў перадок сваёй машыны (добра, што не жончын), страціў на тры гады правы (лічы — пажыццёва), імгненна вызваліўся ад “рабства” (так ён называў любімую працу), заплаціў за эвакуатар, атрымаў астранамічны штраф за кіраванне ў нецвярозым стане (там шкала ад 50 да 100 базавых велічынь) і яшчэ аплоціць рамонт двух чужых аўтамабіляў.

Можа, заплочаныя грошы вернуцца да яго дзяцей і ўнукаў у якасці новага абсталявання ў паліклініцы або залатанага асфальту ў двары. Але ж пабіты транспарт і траўмы — самае малое, на што здатны зомбі за рулём. Ён можа збіць дзіця на пераходзе, пакалечыць пасажыраў у сваім салоне…

Падсумуем: п’янства за рулём выяўляецца ў нас амаль толькі па факце ДТЗ або няшчаснага выпадку. Невялікі працэнт пападаецца з дапамогай свядомых грамадзян, якія адсочваюць неадэкватных і звяртаюцца ў службу 102. У 2016 годзе адбылося 380 “п’яных” ДТЗ, у мінулым толькі на 37 меней. Пры гэтым загінула на 4 чалавекі болей.

Хранічныя алкаголікі або недзеяздольныя пенсіянеры як ездзілі, так і ездзяць па нашых запруджаных вуліцах і дарогах. Затое якое папаўненне бюджэту! Ці не гэтаму служыць уся строгасць нашага заканадаўства?

Лозунг “Не — п’янству за рулём!” застаецца пустапарожнім лозунгам. Штрафы, пазбаўленні і канфіскацыі не дзейнічаюць без прафілактычнай работы, без руцінных праверак на дарогах. Атручанага чалавека не цяжка пазнаць візуальна, па выглядзе і затарможаных паводзінах, не цяжка і праверыць пры наяўнасці падазрэння. Недапрацоўваеце, паважаныя!

Зрэшты, усё зводзіцца не да “ўжэстачэння” законаў, а да неабходасці прымаць дзяржаўныя меры супраць п’янства ўвогуле. Тады толькі паменее безадказных кіроўцаў.

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.