Аляксандр Лукашук адмовіўся ад грашовага прыза за прэмію імя Алеся Адамовіча

Кіраўнік беларускай службы «Радыё Свабода» стварыў кніжную серыю «Бібліятэка Свабоды», а таксама напісаў для яе шэраг кніг: «Прыгоды АРА ў Беларусі», «След матылька. Освальд у Мінску». 

Імя лаўрэата абвясціла дачка пісьменніка Наталля Адамовіч ў межах фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Прадмова», паведамляе БелаПАН.

Наталля Адамовіч уручыла яму медаль лаўрэата прэміі і грашовы прыз. Лукашук пасля вярнуў ёй прызавыя грошы са словамі: «Некалі Адамовіч падарыў мне сваю кнігу з максімальна лаканічным подпісам — "Алесю ад Алеся". Я хацеў бы падзякаваць Беларускаму ПЭН-цэнтру, Святлане Алексіевіч, якая з'яўляецца спонсарам грашовай часткі прэміі, і хацеў бы перадаць канверт Наталлі Адамовіч для вяртання і ўтрымання часу Алеся Адамовіча. Алесю — ад Алеся».

Лукашук падзякаваў выдавецтву «Галіяфы», рэдактарам і мастакам, якія дапамагалі ствараць серыю «Бібліятэка Свабоды» і кнігі, за якія ўзнагародзілі дырэктара беларускай службы «Радыё Свабода».

«Асабліва вялікі дзякуй Сяргею Дубаўцу, які з "вусеня" беларускага рукапісу дапамог стварыць "матылька" (кнігу «След матылька. Освальд у Мінску», — рэд.), што даляцеў да шорт-ліста прэміі Ежы Гедройца, прызямліўся на прэміі "Гліняны Вялес" і пырхае па Польшчы, — сказаў Лукашук. — Калі мы рыхтавалі гэтую кнігу, мастак Генадзь Мацур папрасіў мяне дапісаць адзін радок, прычым не ў кнізе, а перад ёй. На пачатак мы паставілі: "Будучыня не мяняецца, мяняецца толькі мінулае". Калі Генадзь прымусіў мяне адшукаць гэты радок, я зразумеў, пра што мая кніга. Яна апынулася не пра амерыканца, які жыве ў савецкім правінцыйным цэнтры, не пра метады сачэння КДБ, не пра мае размовы з Норманам Мелерам, не пра сексуальнае жыццё ў Мінску і яго ўплыў на амерыканскую палітыку, хоць там усё гэта ёсць, а кніга пра час. Не пра гістарычны час — пачатак 1960-х гадоў, а пра час як феномен, яго архітэктуру, яго формы».

«З Алесем Адамовічам у мяне было дзіўнае сутыкненне на глебе часу. Я прыехаў да яго ў снежні 1993 года ў Інстытут кіно. Вечар, было вельмі цёмна, мы былі ў вялікім памяшканні. Сядзелі ўдваіх і размаўлялі... Я прыйшоў з касетным дыктафонам — трыццаць хвілін з аднаго боку стужкі і столькі ж з другога. Мы гаварылі з ім тры гадзіны, а запісу ў мяне — толькі на адну гадзіну. У гэтым інтэрв'ю было прадказанне вайны Расіі з Украінай...» — падзяліўся ўспамінамі пераможца.

Аляксандр Лукашук нарадзіўся 6 лютага 1955 года ў Брэсце. На беларускую службу «Радыё Свабода» ён прыйшоў у 1993 годзе, а ў 1999-м узначаліў яе.

Літаратурная прэмія Беларускага ПЭН-цэнтра імя Алеся Адамовіча заснаваная ў 1995 годзе. Яна ўручаецца штогод за найлепшую публіцыстычную кнігу. Летась яе атрымаў яшчэ адзін «свабодавец» — Зміцер Бартосік, за кнігу «Быў у пана верабейка гаварушчы» з «Бібліятэкі Свабоды». У розныя гады лаўрэатамі гэтай прэміі станавіліся вядомыя беларускія літаратары, публіцысты, грамадскія дзеячы — Уладзімір Арлоў, Уладзімір Някляеў, Алесь Бяляцкі, Аляксандр Фядута і іншыя.




Оставьте комментарий (0)