Францыск Скарына — паспяховы стартапер і беларускі Джэймс Бонд

Праект “БелЛіт: мабільны гід” пра спадчыну першадрукара.

У мінулым годзе ў краіне адзначалася 500-годдзе першай беларускай кнігі, якую надрукаваў Францыск Скарына. Але яшчэ 120 гадоў таму ў Беларусі пра Скарыну мала хто ведаў. Сёння ж вобраз першадрукара стаў масавым.

У межах праекта “БелЛіт: мабільны гід” Алесь Суша, культуролаг, скарыназнаўца, намеснiк дырэктара Нацыянальнай бiблiятэкi па навуковай працы i выдавецкай дзейнасцi распавёў пра неверагодныя і малавядомыя старонкі жыцця асветніка.

Францыск Скарына пачынаў свой кар’ерны шлях медыкам, філосафам, багасловам, затым пісаў вершы і выдаваў кнігі, займаўся ландшафтным дызайнам. Цікава, што адначасова ён быў сакратаром караля Даніі, даверанай асобай Жыгімонта Старога, садоўнікам імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Фердынандта, значыўся набліжаным да герцага Прусіі Альберта.

Магчыма, Скарына мог ведаць дзяржаўныя сакрэты розных краін. Гэтакі тагачасны Джэймс Бонд, кажа лектар.

“Стартап Скарыны ў тым, што праз розныя іпастасі ён здолеў стварыць фенаменальую з’яву, якой мы да гэтага часу ганарымся, — падкрэслівае Алесь Суша. — Першынство Скарыны — ў фарміраванні пэўнай культурнай цэласнасці, якая паўнацэнна праходзіла этап станаўлення на працягу XVI стагоддзя. Роля Скарыны ў кансалідацыі беларускага грамадства, безумойна, вялікая. Скарына для ўсіх нас блізкі. Для ўсіх ён свой. Пагадзіцеся, такіх персон у нас небагата”.

Лектар падкрэсліў, што праз друкаванае слова Скарыны ў Беларусь прыйшлі шматлікія тэксты. Замест асобных адзінкавых рукапісаў з’явіліся тысячы кніг. Так Беларусь пазнаёмілася са старажытнай грэчаскай філасофіяй, рымскімі і агульнаеўрапейскімі традыцыямі.

Дарэчы, праект “БелЛіт: мабільны гід” — гэта не першае супрацоўніцтва МТС і Нацыянальнай бібліятэкі, якое звязана з імем першадрукара.

Два гады таму мабільны аператар падтрымаў выставу “Францыск Скарына і наш час”, у межах якой вобраз асветніка быў паказаны праз беларускую штодзённасць. Некаторыя арт-аб’екты і сёння выкарыстроўваюцца ў прасторы бібліятэкі.

Што тычыцца праекта “БелЛіт: мабільны гід”, на думку Алеся, гэта добры фармат працы для стварэння зацікаўленай аўдыторыі:

“Гэта вельмі яркі праект МТС, які пазітыўна ўздзейнічае на грамадскую прастору. Я бачу цудоўны сацыяльны эфект ад заняткаў: вырашаюцца і навуковыя, і адукацыйныя задачы. У нашай свядомасці ствараецца разуменне годнасці і гонару за сваю культуру, дзяржаву, нацыянальную літаратуру. Гэта станоўча ўплывае на тыя кампаніі і арганізацыі, якія зацікаўлены ў рэалізацыі праекта. Гэтым жа займаўся Францыск Скарына: рабіў святую справу — выдаваў кнігі Бібліі, але ў той жа час трывала стаяў на зямлі, шукаў партнёраў, спонсараў, якія могуць падтрымаць задуманую справу. Праз гэта ён імкнуўся не толькі атрымаць для сябе добрае слова, але і зрабіць грамадства лепшым”.

 

УНП 800013732 СООО «Мобильные ТелеСистемы»